Даўно заўважана, што нашы адвечныя ворагі на ўсходзе вельмі нэрвова ўспрымаюць усялякае ўспамінаньне пра нашу гістарычную дзяржаўную спадчыну – Вялікае Княства Літоўскае. Некаторыя маскоўцы ведаюць, што рэальна яны нічога ня могуць супрацьпаставіць усяму таму, што зьвязана з ВКЛ і Беларусяй.
Гісторыя Расеі пабудавана на міфалогіі, сьведама прыдуманай яшчэ рускім гісторыкам татарынам Карамзіным па заказу цара. Істотны аспэкт гэтай міфалогіі – адсяканьне Масквы ад гісторыі мангольскай Арды. Створаны міф, які гістарычна мусіў бы набліжаць Маскоўшчыну да Эўропы і падмацоўваць экспансію на Вільню, Кіеў, Полацак ды Смаленск. Міфалогія служыла расейцам дзеля апраўданьня агрэсіі. Але цяпер (калі адрадзіліся незалежныя Беларусь і Украіна) пачаўся крызіс рускай гістарычнай міфалогіі. У пэрспэктыве яе чакае поўны крах. Рэальная гісторыя Масквы-Арды будзе напісана беларусамі і ўкраінцамі, будучымі ўплывовымі краінамі Эўропы, новым цэнтрам усходне-эўрапейскай геапалітычнай сілы. Імпэрыі на ўсходзе ня будзе.
У пачатку 90-х гадоў, працуючы ў Канстытуцыйнай камісіі Вярхоўнага Савета над новай беларускай Канстытуцыяй парляманцкай рэспублікі, мы, дэпутаты Народнага Фронту, прапанавалі адлюстраваць ў прэамбуле дзяржаўна-гістарычную пераемнасьць Беларусі ад Вялікага Княства Літоўскага. Гэтае сцьверджаньне мусіла б быць у Канстытуцыі Беларусі як падстава для гістарычных дасьледваньняў, асьветы і адукацыі пакаленьняў, а ў пэрспэктыве – дзеля дапаўненьня поўнага назову краіны і сувязі з гісторыяй ВКЛ. Гэта ўсё было рэальна і магчыма, як і геапалітычнае адраджэньне Ўсходняй Эўропы ад Балтыкі да Чорнага мора (БЧС – Балта-Чарнаморская Супольнасьць).
Ворагі Беларусі першыя зразумелі, наколькі гэта моцная і небясьпечная для іх ідэя. У пачатку 90-х камуністы і каланіяльная намэнклатура ў Вярхоўным Савеце дружна завалілі нашу прэамбулу Канстытуцыі, а Заходняя Эўропа потым, як і ў XVIII стагоддзі, здрадзіла Беларусі і Украіне і падтрымала Расею. Цяпер Эўропа пажынае плады сваёй эгаістычнай палітыкі і, дарэчы, нават у гэтых абставінах, перад абліччам адкрытай агрэсіі Расеі супраць Украіны і пагрозы вялікай вайны, ня ў стане зрабіць адэкватныя высновы. Палітыка эгаістычнага прагматызму не мяняецца
Дэзінфармацыйная руская гёбельсаўшчына, што ваюе супраць Украіны і Беларусі, ніколі не прапускае геапалітычна-гістарычны аспэкт нашай краіны. Прапаганда, аднак, тут у расейцаў не на вышыні, адбываецца на нізкім узроўні. Спрабуюць выкарыстаць некаторых беларускіх маргіналаў, што па-юнацку мараць пра адраджэньне Вялікай Літвы. Тролінг заўсёды пазнаецца элемэнтарна: ён замешаны на нянавісьці да Беларусі. Маўляў, назву “Беларусь” накінула руская царыца, трэба ад яе адмовіцца, бо Беларусь – гэта Літва, а беларусаў не існуе, гэта выдумка і фантом, беларусы – гэта ліцьвіны. Усё трэба мяняць, адкінуць, каб адчапіцца ад рускіх, ад граматычнага кораня “рус” і г. д. Пра беларусаў выказваюцца непаважліва. Такія разважаньні, вядома, невялікая знаходка для рускай прапагады, але Лубянка не гнушаецца нічым. (Пры нацыянальным перапісе насельніцтва двох асобаў запісалася «ліцьвінамі». Яны, відаць, і троляць)
Некалі ў 90-х, ужо ў незалежнай Беларусі, Масква пачала раскручваць такога Шэляговіча, які заяўляў, што палешукі – гэта асобны народ “яцьвягі”, якія некалі непадалёк жылі, што Палесьсе гэта “Етвызь” (і слова прыдумалі), якое павінна мець дзяржаўную аўтаномію. Пачалі нават шукаць яцьвяжскую мову, нават нейкі масковец-вучоны тады аб’явіўся (праўда, потым недзе зьнік), спэц па “яцьвягах” і палешуках. У Шэляговіча зьявіліся маскоўскія грошы, часопіс заснаваў. Потым грошы скончыліся, і Етвызь зьнікла. Шэляговіч перасяліўся ў Расею. Але галоўная прычына ў тым, што Масква знайшла тады Лукашэнку, і патрэба ў яцьвягах адпала.
Гэты, па нацыянальнасьці быў «калгасьнікам» і сказаў Маскве так, як ёй было трэба: “Мы русские со знаком качества”. Да слова сказаць, ён пабываў ужо і напалову ўкраінцам, і беларусам, і крыху габрэем, і “братам” азэрбайджанцаў (і невядома яшчэ, што ён казаў кітайцам). А тут на падходзе “крывічы”, “радзімічы”, “драўляне”, “дрыгвічы”, “паляне”, “дулебы” і ўсялякая «дзяволтва».
Разумнаму чалавеку над гэтакай іроніяй можна пасьмяяцца, але ня надта. Руская лубянская гёбельсаўшчына здольная на ўсё, ня толькі на “ліцьвінаў” ды “яцьвягаў”, але і на “гудасаў”, і на “пэркунасаў”, і на “Магілёўскую рэспубліку”. (Тут дадам, гэта не анэкдот, што некалькі гадоў таму Шэляговіч аб’явіўся ў Калінінградзе і там таксама знайшоў «Етвызь». Цяпер ён называе зьніклых яцьвягаў непасрэднымі прадстаўнікамі «русского мира» і заснавальнікамі старажытнай Русі. Разгортваецца «дзейнасьць». Скора Крэмль пакажа гэтым немцам дзе быў «русскій мир» ў Прусіі. Мала не здасца. Такія кадры працуюць. Маргінальнае, цёмнае царства гэбоўскага прафанства і абсурду.)
Адзін з прыёмаў цяперашняй рускай фашыстоўскай прапаганды і дэзінфармацыйнай вайны – унесьці “замутненьне” ў сьвядомасьць самаідэнтыфікацыі на ніжэйшых, менш адукаванах пластах грамадзтва ў Беларусі і ва Украіне і стварыць тут часовыя сацыяльныя апоры для акупацыі і гібрыднай вайны. Любая нагода, любая ідэя, нават самая абсурдная (а па правілах гёбельсаўшчыны, тым лепш, калі абсурдная) становіцца прыдатнай для рускай дэзінфармацыі, калі яна накіравана на падважваньне і раскол беларускай і ўкраінскай нацыянальнай ідэнтычнасьці.
Нядаўна пра маргінальнае “ліцьвінства” задалі пытаньне доктару гістарычных навук Краўцэвічу. Адказ быў дакладны і лаканічны: “Гэта выдумка нашых ворагаў, якую падтрымліваюць дурні”.
Ва ўсіх народаў дурні былі зьявай адмоўнай і нават шкоднай (акрамя як у маскоўцаў, дзе героі дурань Іван і гультай Ямеля). Адмоўнасьць нашых «разумных дурняў» у тым, што яны як сапраўдныя маргіналы без разважаньняў хацелі б скасаваць назвы «Беларусь» і «беларусы» і назвацца «Літва» і «ліцьвіны», і клянуць беларусаў і ўсё беларускае, бо (на іхнюю думку) несапраўднае. Як кажуць, самы час падключыцца сюды рускаму Івану зь Ямелем, але, відаць, надта ж яно мізэрнае. У гэтых авантурных сцьвярджэньнях – думка не пра кансалідацыю, не пра разьвіцьцё Беларусі, а пра развал. Для Масквы такія думкі прыдатныя ў любым выглядзе.
Беларускае нацыянальнае Адраджэньне сінтэзавала і абагуліла ў сабе усю нашу дзяржаўную гісторыю, пачынаючы ад Полацка, абапіралася на існаваньне Вялікага Княства Літоўскага, зь якога выводзіла гістарычнае абгрунтаваньне беларускай Незалежнасьці. Тэрмін «Беларусь» («беларускі») як тэрмін нацыянальна-этнічны і новы стаў унівэрсальным для будучай дзяржавы, якая базавалася на адзінстве мовы, культуры і гісторыі. Тэрмін «Літва» («ліцьвінскі») ў якасьці этнічнага, відаць, існаваў, але не распаўсюдзіўся ў нацыянальным сэнсе і, адпаведна, ня выліўся ў нацыянальную ідэю. Дарэчы, ён мог бы спарадзіць ня менш непаразуменьняў з ідэнтэфікацыяй, чым тэрмін «Беларусь» («беларускі») асабліва ў трактоўцы раньняй гістарычнай культуры (значыцца, пісанай культуры). Цяпер, аднак, гэтае пытаньне ўжо цалкам абстрактнае.
Гістарычным фактам ёсьць тое, што існуе беларуская нацыя і незалежная дзяржава «Беларусь» (Рэспубліка Беларусь), якая ўзьнікла ў выніку зьяўленьня Беларускай нацыянальнай ідэі. Змагары і адраджэнцы мінулага не памыліліся. Існаваньне і разьвіцьцё Беларусі павінна было базавацца на прынцыпах культурна-гістарычнага адзінства і кансалідацыі гісторыі. Пасьля глыбокага ўсьведамленьня людзьмі гзтых прынцыпаў стане магчымым адлюстраваньне гістарызму краіны ў назве дзяржавы (гэта, на мой погляд, важнае палажэньне).
Па вялікаму кошту, у вольнай Беларусі, пры разумнай палітыцы будзе ўсё магчыма: і сэнсоўнае пашырэньне назвы краіны (адлюстраваньне гістарызму), і гістарычная пераемнасьць культуры, і нават вяртаньне Вялікага Князя і Караля ў дзяржаўна-палітычную структуру краіны, калі б ў гэтым, напрыклад, была патрэба дзеля нашых нацыянальных інтарэсаў (прыклады такія ў цяперашняй Эўропе ёсьць).
Наша краіна зь вялікім мінулым. Гістарычна наша дзяржава ёсьць Вялікае Княства Літоўскае -- Беларусь. І такое ў пэрспэктыве мусіла б быць адлюстравана ў назве дзяржавы. Пра гэта мне прыходзілася часта пісаць яшчэ дзесяць гадоў таму. Але каб скампрамэтаваць любую добрую думку, любую няпростую справу, дастаткова выпусьціць наперад пару маргіналаў і загадаць Богу маліцца. Яны і лоб разаб’юць.
Для тых, хто любіць агульна паразважаць пра этнагенэз і авантуры, заўважу, што Расея гэта ж не Аўстрыйская імпэрыя Габсбургаў, якая ня тое што не прыгнятала захопленыя народы, але падтрымлівала іхную культуру, рэлігію, храмы і народнае існаваньне. Тым часам Расея – гэта была турма народаў, што вырасла з мангольскай Арды, скопішча зла, жорсткая, бесчалавечная азіятчына, дзе не паважалі ні чалавека, ні народ, дзе зьневажалі, глумілі і нішчылі ўсіх і ўсё, нават самых сябе.
Для нашага гістарычнага народа вельмі важна і ганарова, што ва ўмовах асаблівай расейскай акупацыі, татальнай забароны ўсяго, непрызнаньня і вынішчэньня народных вярхоў, ён стварыў нацыю, аб’яднаўся пад новым імем, якое імпэрыя не магла не прызнаць. Наша народная дзея ў тых умовах – гэта ня проста моцна. Гэта магутна. Беларусь – гэта добра гучыць. Уся наша нацыянальная гнасеалогія, увесь Полацкі пэрыяд (лагічна і этымалагічна зразумелыя цяпер кожнаму) ёсьць нашыя. Скарына – наш. І ўсё, што напісана ў старажытнасьці па-старабалгарску і старабеларуску “рускімі літарамі”, – наша. І Каложа – наша, і летапісы нашыя, бо яны нашыя, і Полацкая крывіцкая Русь – наша, а не іншая, і Мэтрыка Вялікага Княства Літоўскага ў мове беларускай – вялікая наша, і Вялікае наша Княства Літоўскае ёсьць наша, бо “наша” (гэтак жа і пісалася), бо там мова, пісьмо, культура, князі, зямля, народ і палітыка – наша. Мы – Вільня – былі кансалідуючым цэнтрам усходняга славянства, які ўсю гісторыю хацела зьнішчыць Масква. Усё тое што было гістарычна злучыла сабой Беларусь.
Падкрэсьлю яшчэ раз – істотна, што гэта быў новы нацыянальна-этнічны безальтэрнатыўны тэрмін. Менавіта таму ў ім была закладзена агульная кансалідацыйная база для новай нацыянальнай гісторыі народа. Пэўная абстрактнасьць гэтага тэрміну спрыяла лаяльнаму успрыняцьцю новай назвы. За ёй нікога нельга было ўбачыць акрамя сябе (пры адпаведных высілках, вядома). У 1840 годзе маскаўцы зразумелі, які можа быць паварот, спахапіліся і забаранілі назву Беларусь. Але ўжо было позна, ідэя (нацыянальная ідэя) выбілася на паверхню і стала жыць.
Моцна памылілася царыца Кацярына. У атручаным чэраве сьмяртэльнай імпэрыі, дзе ўсё мусіла згінуць і памерці, наш народ стварыў новую беларускую нацыю, якая ўвабрала ў сябе (ізноў паўтараю) ўсё, што было. Беларуская нацыя стварыла новую вялікую беларускую літаратуру ў беларускай мове і нацыянальны тэатр, нарадзіла сотні пісьменьнікаў і паэтаў. Іх забівалі, нішчылі літаратуру, расстрэльвалі ў Курапатах (тады з 700 пісьменьнікаў расстралялі 500). Мільёны беларусаў забілі, выселілі, згнаілі ў ГУЛАГу, палілі беларускія кнігі, узрывалі храмы, абкрадалі культуру, абзывалі беларусаў хамамі, быдлам, “врагами” ды мужыкамі, абувалі ў лапці нашу веліч, забаранялі мову, плявалі ў душу... І нічога не дапамагло варварам пад скіпетрам імпэрыі. Беларусь жыве і будзе жыць. Вось што такое Беларусь! Яна гістарычна адбылася. Гэтае слова сакральнае для кожнага беларуса, як і Літва, як Вялікае Княства Літоўскае. Трэба берагчы тое, што здабылі, тое, што ёсьць і шанаваць тое, што было.
Ці магло быць інакш? Магло. Але насуперак Маскве сталася так як ёсьць. І гэта наша. І за гэта ахвяравана пакаленьні нявіннай крыві.
Моцна памыліліліся ворагі беларускага народа, перахітрылі самы сябе. Мы памятаем і Грунвальд, і Воршу. Мы маем цяпер незалежную беларускую дзяржаву -- насьледніцу Вялікага Княства Літоўскага. Засталася толькі справа за народнай уладай вольнага народа, які вырастае. І тады менавіта гэты народ загоніць апошні цьвік у труну праклятай усходняй імпэрыі. Так будзе, бо так мусіць быць. Уся нашая гісторыя існаваньня складвалася без альтэрнатывы і, фактычна, бяз выбару: альбо мы, альбо яны, альбо здрада – альбо барацьба. Цяпер надыходзіць наш час. Ён ужо пад дзьвярыма.
Але, як заўсёды, шмат што, і галоўнае, і амаль усё -- залежыць ад нас самых.
31 сакавіка; 13 верасьня 2015 г. Зянон ПАЗЬНЯК