НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

ГІСТАРЫЧНАЕ НЯШЧАСЬЦЕ І ДАРОГА НАПЕРАД

ГІСТАРЫЧНАЕ НЯШЧАСЬЦЕ І ДАРОГА НАПЕРАД

            Апошнім часам пайшла паласа лукашысцкіх “юбілееў”: то 20-гадовая дата першага тура выбараў у 1994 годзе, то 20-гадовая дата другога тура, то юбілей, калі сатрап, насуперак Закону, уламаўся ў кабінэт былой Камісіі Вярхоўнага Савета і яму міліцыянэры спэцкалі касьцюм, то юбілей нейкай пачварнай фразы, якую сатрап збрахаў 20 гадоў таму, то (наперадзе) 20-гадовы юбілей прэзыдэнцкай прысягі і г. д.

            Пра ўсё гэта ня ведалі б і ня ўспомнілі б, калі б ні так званыя “дэмСМІ”, якія на ўсе лады асьвятляюць гэтыя 20-гадовыя “юбілеі” ды ўзахлёб распавядаюць яшчэ і пра дэталі. Здаецца, што для гэтай дэмжурпублікі насарогі канчаткова сталі добра пахнуць. Ім і ў галаву не прыходзіць, што не бывае 20-гадовай улады прэзыдэнта, як і не бывае вечных прэзыдэнтаў. Тады гэта ўжо не прэзыдэнты. А тут яшчэ і розныя 20-гадовыя “юбілеі” гэтага здрадніка нацыі дэманструюць.

            Гэта сапраўды няшчасьце, што мы ў гэты цяжкі час фактычна ня маем дэмакратычных беларускіх сродкаў масавай інфармацыі. Чытаем згоднікаў і канфармістаў. Эрозія інтэлекту і разбэшчаньне грамадзтва расейскай агентурай у нас на парадак горш, чым ва Украіне. Складваецца ўражаньне, што ніхто нічога ня ведае пра тое, што адбывалася ўсяго 20 гадоў таму, ня памятае, не арыентуецца, не разумее, дзе жыве, у якім грамадзтве і ў якай краіне.

            Нядаўна я праслухаў у эфіры гутарку за круглым сталом у Празе якраз на тэму юбілеяў нягодніка і вырадка, які пры дапамозе Масквы зглуміў беларускую нацыю, спляжыў беларускую школу, навуку, мову, культуру, абпляваў лепшых людзей Беларусі, пазабіваў палітыкаў, здушыў моладзь, здаў нацыянальную маёмасьць ворагам, упусьціў расейскую ваеншчыну ў Беларусь. Пра гэта, вядома, ні слова ў “юбілейнай” тэме. Расказвалі беларусам, як праходзілі выбары ў 1994 годзе, ды што несьлі з сабой у галаве ды за душой кандыдаты на прэзыдэнта, і што б было, калі б прэзыдэнтам стаў іншы. Але Лукашэнка, маўляў, вырваўся наперад і нечакана ўсіх перамог. Нават Шушкевіч там у іх фігуруе як нейкая самастойная асоба. Той самы Шушкевіч, які год таму, калі рыхтавалася пуцінская апэрацыя па захопу Беларусі, выступіў публічна з заявай, каб увялі ў Беларусь расейскія войскі. Кіеўскі Майдан нечакана зблытаў Пуціну ўсе карты, і пуціністы тэрмінова пачалі захоп з Украіны. (Словаблудзтва Шушкевіча павісла ў паветры.)

            У 1994 годзе не было аморфнай сытуацыі, дзе шэсьць кандыдатаў нібы та ішлі самастойна шасьцю калёнамі, як гэта хоча прадставіць руская лубянская агентура і як словаахотліва паўтараюць цяперашнія “дэмсмі”. У 1994 годзе быў жорсткі падзел і барацьба не на жыцьцё, а на сьмерць паміж дзьвума сіламі: з аднаго боку Беларускі Народны Фронт і яго кандыдат, з другога боку – Масква, Лубянка і ўся камуна-савецкакя намэнклятура ў Беларусі. Яны ведалі, што перамога БНФ будзе абазначаць канец маскоўскай уладзе ў Беларусі. Яны разумелі, што будзе рэалізаваны Балта-Чарнаморскі Энэргетычны Калектар (праектныя распрацоўкі калектара па ініцыятыве БНФ тады якраз пачаліся). Яны адчувалі і непакоіліся разам зь немцамі, што калі прэзыдэнтам у Беларусі стане кандыдат БНФ, то (зыходзячы з палітычнай канцэпцыі Фронта) рэальна можа ўтварыцца трэцяя геапалітычная сіла ў Эўропе (так і было б), якая злучыла б Беларусь, Украіну, Малдову, Прыбалтыку і Польшчу. А гэта – 110-115 мільёнаў насельніцтва, агульны рынак, усе рэсурсы, тэхналёгіі і разьвязка ўсіх гандлёвых шляхоў плюс супольная гісторыя і ідэёва блізкая культура. Тым часам і Турцыя, і Грузія таксама і, магчыма, нават Фінляндыя далучыліся б да нас, а не да  Эўразьвязу, і Амэрыка падтрымала б (і мы ведаем, чаму).

            Новая Ўсходняя Эўропа (Балта-Чарнаморская супольнасьць) – гэта была б сьвежая сіла, якая стымулявала б Адраджэньне ўсёй Эўропы -- Эўропы дэмакратычных айчынаў без нямецкага і рускага фашызму, без заходняга лібэралізму і яго антычалавечага, антымаральнага паскудзтва.

            Новая Ўсходняя Эўропа абазначала б канец імпэрыялізму фашысцкай Расеі. Нам, фронтаўцам, ад пачатку было зразумела тое, што цяпер мусілі б усьвядоміць усе беларусы і ўкраінцы, і Каўказ. Ніколі ня будзе нам ні міру, ні свабоды, ні вольнага жыцьця, пакуль існуе ў любой форме ўлады такая імпэрская краіна, як Расея. Фашысцкая Расея павінна быць разбурана, як быў разбураны Трэці Райх. Такой імпэрыі не павінна існаваць. Гэтая арда вось ужо скора 800 гадоў ёсьць пастаянны падпальшчык вайны, пагроза чалавецтву і язва на целе народаў. Расейскі імпэрыялізм, і тым больш рускі цяперашні фашызм, павінны быць зьнішчаны гэтак жа, як пасьля 1946 года і Нюрнбэрга быў зьнішчаны нямецкі мілітарызм. Толькі тады настане спакой і мір у Эўропе.

Удакладняю, што размова ідзе аб ліквідацыі агрэсіўнай імпэрыялістычнай дзяржаўнай сістэмы, небясьпечнай для чалавецтва, а не аб рэпрэсіях насельніцтва. Народы Расеі мусілі б атрымаць нацыянальную свабоду на сваёй тэрыторыі (у тым ліку і рускія на сваёй тэрыторыі).

 

            У 1994 годзе сілы Масквы супраць БНФ на выбарах ў Беларусі прадстаўлялі два кандыдаты – Кебіч і Лукашэнка, якія пікіраваліся паміж сабой, але дзейнічалі сумесна супраць БНФ. (Афіцэр гэбэ Кебіч пазьней гэта нават афіцыйна пацьвердзіў). Астатнія кандыдаты (Новікаў, Дубко, Шушкевіч) электаральна спрыялі Кебічу і Лукашэнку ў палітычным падзеле. Шушкевіча, напрыклад, увялі ў кампанію даволі позна па прапанове М. Статкевіча і пры падтрымцы А. Трусава, выкарыстаўшы сацыял-дэмакратаў. Задача яго была элемэнтарная: адрываць галасы ад кандыдата БНФ.

            У гэтай барацьбе супраць БНФ Маскве дапамагалі таксама немцы (друкавалі агітпрадукцыю для Лукашэнкі). Тым ня менш Масква трывожылася. На Горадзеншчыне (ведаю зь першых рук) спэцыяльна драматызавалі становішча па формуле “альбо-альбо”. У сэнсе, што “калі прыдзе Пазьняк, -- усім канец”. Казалі, што трэба легчы касьцьмі, але не дапусьціць яго да прэзыдэнцтва. Выбары трактавалі як выбар лёсу, а маёй маці былыя намэнклятурныя камуністы намякалі, што мяне чакае сьмерць.

            І гэта праўда. Такая задумка ў іх была. Але ім усё ж пашанцавала, бо ў выпадку перамогі Фронта стрэліць бы яны не пасьпелі. Прышлося б трымаць адказ за свае антынародныя дзеяньні ўлучна з злачынствам Чарнобыля. Бюракратычнай валтузьні, “бадзягі” і польскіх “грубых крэсак” не было б. БНФ рэальна вярнуў бы людзям іхныя разрабаваныя намэнклятурай ашчадныя зьберажэньні, даў бы рэальную свабоду ў працы, дзейнасьці і перамяшчэньні. Беларусам вярнулі б зямлю. Усё было б добра і разумна, як і павінна было быць у беларусаў.

            А была б народная ўлада ў Беларусі, то і ў Расеі сталася б інакш, і ва Украіне, і не захапіў бы КГБ уладу ў Маскве, і шмат што іншае было б – ня стану пералічваць.

            У 1994 годзе плян Масквы ўдаўся нечакана для многіх беларусаў. Была задзейнічана тыповая бальшавіцка-гэбоўская тэхналёгія: стаўка на прапаганду хлусьні, на палітычна неадукаваных людзей, на нізкія пласты грамадзтва і, адпаведна, -- на самыя прымітыўныя матэрыяльныя інтарэсы і самыя мінімальныя матэрыяльныя запатрабаваньні, вырашчаныя ў падсавецкай рэчаіснасьці. Зканамічны крызіс, створаны ў Беларусі Масквой, апора на КГБ, на савецкую намэнклятуру і на татальнага саўка забясьпечыла Крамлю рэалізацыю пляна і потым – фактычную ўладу над Беларусьсю. (Аналягічную апору на саўка, дарэчы,  мы бачым і ў самой Расеі, асабліва цяпер, у час ваеннай агрэсіі супраць Украіны.) На саўку, на КГБ і на Маскве трымаецца і рэжым Лукашэнкі.

            Адэкватна адлюстраваць той заломны час 1994 года можна толькі, зыходзячы з нацыянальных інтарэсаў, бо тады вырашаліся лёс і будучыня беларускай нацыі, якой імкнуліся распарадзіцца антыбеларускія групы ў маскоўскую карысьць. Ім у каторы раз тое ўдалося, выкарыстаўшы сістэму антынароднай улады і апэлюючы да грамадзкай цемры і палітычнай нясьпеласьці насельніцтва. Але сутнасьць лёсавызначальных падзей (па азначэньні) ня могуць перадаць ворагі нацыі. Карціна, напісаная імі, у прынцыпе ня можа быць адэкватнай. Рэальную гісторыю беларускай барацьбы здольныя адлюстраваць беларусы, якія змагаліся з гэтымі ворагамі сьвятла і народа, яго мовы і будучыні. На сёньняшні дзень я бачу толькі працы Сяргея Навумчыка, ў якіх з палітычным разуменьнем і веданьнем апісаны той час.

            20 гадоў унутранай акупацыі і руска-лукашысцкага маразму ў Беларусі адбіліся крайне разбуральна і адмоўна на жыцьці нацыі. Гэтая галоўная шкода заключаецца ў стварэньні сістэмы дэфармацыі і рэпрадукаваньня мэнтальнага і сацыяльнага тыпу саўка, які стаўся дамінуючай групай грамадзтва ў падрэжымнай Беларусі. У сацыяльна-культурным сэнсе гэта дэградацыя і разбурэньне грамадзкай пэрспэктывы. Савок цяперашні – гэта ўжо ня толькі адсталыя пласты грамадзтва. Рэпрадукаваны савок стаў вялікім, ён насяляе ўжо рэжымныя і дэмакратычныя СМІ, уладу, маладзёвыя структуры, гандаль, сродкі інфармацыі, якія славаблудзяць аб “юбілеях” і датах дыктатуры і г. д.

            Нагадаю нашае традыцыйнае фронтаўскае правіла аб неабходнасьці стварэньня новага чалавека, новага думаньня ў барацьбе з акупацыйнай дыктатурай, саўковай коснасьцю, абыякавасьцю і здрадай. Тады, у 1994-м, гэтых новых людзей было яшчэ недастаткова. Занадта мала часу адпусьціла беларусам гісторыя. Але і цяпер, нягледзячы на маразматычную саўковасьць навокал, шлях да свабоды застаецца той жа – праз новага вольнага беларуса, які шануе свой гонар, Бацькаўшчыну, мову і народ і гатовы змагацца за нашу дзяржаву, культуру і волю.

 

1 ліпеня 2014 г.                                                           Зянон ПАЗЬНЯК

Дадаць у: