НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

ХАЙ ВЕЕ ВЕЦЕР, ЯКІ РАЗЬВІВАЕ СЬЦЯГ!

ХАЙ ВЕЕ ВЕЦЕР, ЯКІ РАЗЬВІВАЕ СЬЦЯГ!

Мінула сто дзён пратэсту супраць кашчунства і зьнявагі нацыянальнай памяці пра генацыд перад брамай правакацыйнага рэстараннага аб’екту "Поедем-поедим" у ахоўнай зоне Курапатаў.

            Аб’ектыўна, гэтыя нешматлікія ўзбуджаныя пратэстоўцы ратуюць годнасьць нацыі. І ня важна, што іх мала. Важна, што яны ёсьць.

            Дзякуючы пратэсту, шмат хто даведаўся, што робіцца і што адбываецца ля Курапатаў, зразумелі хто і чаму нішчыць нашу памяць, зьневажае беларускі гонар і дух.

            Тут падобны прыклад, падобнага сацыяльна-маральнага ўзроўню і значэньня, як акупацыя краіны, калі абавязкова мусіць быць супраціў агрэсіі. Калі супраціву няма, значыць краіна згаджаецца з агрэсіяй і гвалтам супраць сябе, зь нявольніцтвам і рабствам, не заслугоўвае на міжнародную падтрымку і статус акупаванай краіны.

            У Курапатах, у сувязі з пабудовай кашчуннага аб’екту, вырашаецца пытаньне пакуль што не пра свабоду і незалежнасьць краіны але пра памяць і гонар нацыі.

            І ня мае фармальнага значэньня цяпер, хто стане на аборону годнасьці народа -- забясьпечаныя грамадзяне, багацеі, эліта, інтэлектуалы, здаровая моладзь, ці беспрацоўныя людзі, пэнсіянеры ды беднякі. У нацыі няма лішніх людзей.

            Хвала пратэстам супраць зьнявагі памяці народа пра генацыд!

Наперадзе выпрабаваньні. Тут не званок гучыць, але моцны звон для ўсіх.

            Пратэст можа працягвацца да перамогі, можа набыць новыя формы ў новых людзях, у новым колькасным вымярэньні. І тады з павеваў уздымецца вецер, які зьмяце ўсю навалач і зло.

Слава Айчыне!

 

10 верасень 2018 г.                                                            Зянон Пазьняк

Дадаць у: