НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

ХОЧУЦЬ ЛЕГАЛІЗАВАЦЬ РЭЖЫМ

ХОЧУЦЬ ЛЕГАЛІЗАВАЦЬ РЭЖЫМ

            Апошнія паўгода ў Эўразьвязе ішла ўпартая праца па наладжваньні супрацоўніцтва з антыбеларускім рэжымам Лукашэнкі. Тэндэнцыя выклікана заўважнай актывізацыяй на Захадзе лабістаў рэжыму, дыпляматыі і агентуры. Справа разгорнута настолькі шырока, што некаторыя дзеячы з былых савецкіх сяброў Эўразьвязу не без падставы загаварылі пра ўзмоцненую дзейнасьць разьведак, як у пэрыяд "халоднай вайны".

            Галоўнай асобай, якую даўно арганізавалі на гэтую справу, ёсьць эўрапэйскі камісар спадар Штэфан Фюле. (Пра рэшту спадароў я не кажу, спадзеючыся, што некаторыя проста не разабраліся і ня ведаюць, што твораць.) У мінулым месяцы ўсплыў стары камуністычны кадр, цяпер дэпутат Эўрапарляманту, Ю. Палецкіс. Ён зьезьдзіў да Лукашэнкі і потым выступіў у Брусэлі з ініцыятывай напісаньня ўласнага дакладу аб справах у падрэжымнай Беларусі і аб неабходнасьці дыялогу з рэжымам.

            Чарговая калабарацыя закруцілася сур’ёзна і згоднікаў шмат. Але ёсьць і цьвярозыя сілы супраціўленьня і прыхільнікі Беларусі.     

            Група Фюле арганізавала нядаўна паездку ў Брусэль мацёрых "апазыцыянераў" зь Менска дзеля ўмацаваньня сваёй пазыцыі. Спадар Лябедзька адразу выступіў там з ідэяй "трохкрокавай стратэгіі": 1 -- вызваленьне палітвязьняў, 2 -- свабодныя сумленныя выбары, 3 -- плян мадэрнізацыі для Беларусі (гэта яны раяць такое для Лукашэнкі прапанаваць).

            З "глыбокімі" прапановамі брусэльцы неўзабаве азнаёмяцца ў справаздачы Ю. Палецкіса і, чакаецца, што ўхваляць. А там ужо будзе наступ і дэлегаваньні на паклон да калгаснага начальніка (хіба што апаненты перашкодзяць).

            Калі коратка, то ўсё гэта абазначае чарговую актывізацыю сілаў і агентуры на Захадзе з мэтай легалізацыі антыбеларускага рэжыму Лукашэнкі. Легалізацыя будзе, фактычна, абазначаць наданьне законнай сілы (законнай ў вачах эўрабюракратаў) для разбуральнай антынацыянальнай дзейнасьці акупацыйнай улады ў Беларусі.

            Спадзявацца ад Лукашэнкі "мадэрнізацыі Беларусі" і "вольных сумленных

выбараў" могуць толькі людзі не ад сьвету гэтага альбо закончаныя нягоднікі. Тым ня менш у Брусэлі такое чаўпецца, бо за ўсім стаіць другі інтэрас (які ў народзе мае найменьне "шкурны"). Эўрабюракратам напляваць на наша гора, на нашае нацыянальнае вынішчэньне і наш Чарнобыль. У іх свае антыкаштоўнасьці. Яны ўвесь час дэманструюць гэта (глядзіце адносіны да С. Каваленкі). Усе тое ўжо ўбачылі. Але для іншых яно ня мае значэньня, калі трэба падтрымаць Фюле.

            Учора (восьмага красавіка) чарговая тройка рэжымнай "апазыцыі" (Мілінкевіч, Янукевіч, Някляеў) засьведчыла сваю падтрымку курсу на "дыялог" Брусэля з антыбеларускім рэжымам (і на выбары яны зноў пойдуць, і іншае, і т. п.). Гэты голас трох зроблены дзеля спасылкі пад даклад Палецкіса.

            Далей камэнтар не патрэбны, бо справа звыклая -- сто разоў ужо такое назіралі.

 

9 красавіка 2013 г.                                                                    Зянон Пазьняк

 

 

Дадаць у: