НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

КАЛІ ЗАТРУБІЦЬ ТРУБА

(Эмацыйнае эсэ пасьля падзей)

Уся сітуацыя, і ўсё, што зьвязана з прымусовай пасадкай чужога пасажырскага самалёта ў Менску, і ўсе вынікі гэтай пасадкі крайне шкодныя для Беларусі, для будучыні беларускай дэмакратыі і дзяржавы. У чарговы раз план Масквы з выкарыстаньнем вар’ята стрэліў, каб ўгробіць краіну і Беларускі народ.

Ад заходніх палітакратаў нічога добрага ніколі не было і нічога добрага чакаць не прыходзілася. Ну, пры чым тут "Белавія", спадары? Навошта вы забаранілі пасажырскія перавозкі беларускай авіякампаніі па Эўропе? "Белавія" ня мае адносінаў да лукашысцкага пірацтва. Навошта вы будуеце людзям Беларусі жалезную заслону разам з Масквой і разам з вар’ятам?! Вар’ят жа ўжо забараніў зносіны праз мяжу наземным транспартам. Ці вы баіцёся наплыву беларускіх уцекачоў ад сьмерці і рэпрэсій і пакідаеце людзей на расправу?! Чаму не патрабуеце санкцыяў супраць пацінскай Расеі, якая спансуе тэрарыстычны рэжым Лукашэнкі і арганізавала план захопу пасажырскага самалёту?

Зьдзівіла Украіна, забараніўшы беларускія чыгуначныя перавозкі. Дык пры чым тут чыгунка да затрымкі чужога самалёта? Кепскія паперы, братове. Расея пляскае ў ладкі.

Усё, што ўжо зрабіла і яшчэ намерана зрабіць Эўропа -- гэта кіданьне Беларусі ў пашчу імпэрскай Расеі. Гэта зьліваньне вады разам зь дзіцем, якое для іх чужое. І ўсё гэта "эўракраты" павінны разумець.

Але хопіць. Беларусам, якія яшчэ мелі ілюзіі наконт Эўропы, хай будзе навучка. Нашу праблему з хунтай вар’ята мы, беларусы, мусім вырашыць самы. Так, як вырашылі ў 1988-1991-м гадах у часы Беларускай Нацыянальнай Рэвалюцыі. Ніводная заходняя асоба тады ня здолела перашкодзіць нашай свабодзе, як ні старўся Захад, падтрымліваючы Гарбачова і Савецкі Саюз.

Мы самы, беларусы, пазбавіліся ад КПСС, ад Савецкага Саюза, і мірным шляхам, разумна дамагліся незалежнасьці нашай краіны.

Так будзе і цяпер. Будзьма гатовыя.

Успомнім нашу баявую шляхту. Шляхціч жыў, зямлю гараў, каня меў, меч трымаў. А як вайна -- сігнал, сеў на каня -- і ваяваць за Вялікае Княства.

Дык жа рыхтуймася, трымайма коней сытымі, мячы вострыя, косы ўзьдзетыя, пакуль ні затрубіць труба. А яна затрубіць.

 

25 травень 2021 г.                           Зянон ПАЗЬНЯК

Дадаць у: