НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Артыкулы

Камунізм як форма рускага імпэрыялізму

Камунізм як форма рускага імпэрыялізму

Прамаўляючы слова „камунізм", я маю на ўвазе тую сістэму ўлады, тую сістэму палітыкі і тую ідэалёгію, якая існавала ў былой расейскай імпэрыі — Савецкі Саюз — з1917 па 1991 гады.

Гістарычна гэтая імпэрыя (яе палітыка і ідэалёгія) была заснаваная манголамі і выяўлялася ў пастулаце: „ісьці да апошняга мора". На працягу стагоддзяў зьмяняліся сталіцы і групы, што кіравалі імпэрыяй Чынгіз-хана, зьмяняўся яе назоў, але нязьменным заставаўся яе аб’ём, яе эўра-азіяцкі зьмест, яе палітычная сутнасьць — вайна — і яе ідэялёгія: „ісьці да апошняга мора" („да перамогі рускай зброі", „да перамогі камунізму").

Імпэрыя ніколі не распадалася. Яна зьмянялася, пераменьвала форму. У часе пераменаў траціла ненадоўга на ўскраінах свае тэрыторыі, каб потым, набраўшы рускага, візантыйскага ці прускага вопыту, ці кшталту вучэньня сусьветнага камунізму, усё вярнуць і пакаціцца наперад, нічога не ствараючы: душыць, рабаваць, спажываць, разбураць і хлусіць.

Хлусьня ёсьць самым істотным вызначэньнем стылю палітыкі, стылю існаваньня і дачыненьняў расейскай імпэрыі. Хлусьня, узьведзеная на п’едэстал веры, ёсьць сутнасьць дачыненьняў у камунізме.

У гісторыі пераменаў і ўмацаваньня расейскай імпэрыі пэрыяд камунізму ёсьць радыкальна новая форма ўлады і кіраваньня старой каляніяльнай дзяржавай. Была зламаная дынастычная цягласьць рускага царызму і зьмененая форма імпэрскай ідэалёгіі. Замест дынастыі — палітычная група (партыя); замест цара — аўтарытарны дыктатар; замест праваслаўя — марксізм-ленінізм. Нязьменным засталіся імпэрыялізм, русізм, рабскі прыгнёт асобы, прыгоннае права, агрэсія і вайна.

„Расея ёсьць ваенная дзяржава", — казаў рускі цар Мікалай I. У XVIII стагоддзі яна падрыхтавала разбор Рэчы Паспалітай, захапіла Беларусь і Прыбалтыку, парушыла балянс у Эўропе, стала прычынай бясконцых войнаў за перадзел сьвету, выклікала Першую і Другую Сусьветныя войны і — ня выключана — справакуе трэцюю, каб ацаліць сваё існаваньне.

Перамена формы ўлады і ідэалёгіі, усталяваньне новага аўтарытарнага кіраваньня, вяртаньне прыгоннага права ў вёску і эканоміку вымагала татальнага задушэньня ўсіх апазыцыйных і патэнцыяльна нязгодных сілаў. Для абсалютызацыі новай улады, для абнаўленьня імпэрыі і для падрыхтоўкі вайны масавыя рэпрэсіі, расстрэлы і лягерная сістэма ГУЛАГ былі непазьбежнымі. Яны шакавалі Захад, але не бянтэжылі Расею, бо вынікалі з кантэксту яе гісторыі, зь нявольніцкай эўра-азіяцкай (гэта значыць, ні эўрапэйскай, ні азіяцкай) мэнтальнасьці, з эгалітарнай псыхалёгіі насельніцтва.

Камунізм ня быў субстанцыянальнай зьявай у Расеі, а толькі таталітарнай формай імпэрскай улады. Ніякіх ахвяраў, ніякіх разбурэньняў і ніякіх пабудоваў не было зроблена так званымі „будаўнікамі камунізму" дзеля самога камунізму. Усё працавала на выключнасьць, абарону і ўмацаваньне новай татальнай улады і новай расейскай звышдзяржавы, якая ператварылася пры камунізме ў рэальную пагрозу для ўсяго сьвету.

Руская мова ў СССР стала ідэалягічным атрыбутам камуністычнай „тэорыі" зьліцьця моваў (гэта значыць, русіфікацыі). Расейшчына была аб’яўлена „агульначалавечай" мовай будучага камуністычнага грамадзтва, мовай так званага „савецкага народу" як новай імпэрскай агульнасьці людзей, стварэньнем якой займаліся рускія камуністы. Русіфікацыя ў СССР пасьлядоўна праводзілася і кантралявалася КПСС.

Нацыянальныя культуры маглі часткова выжываць толькі ў форме калябарацыі з рэжымам улады і ў вузкіх межах дазволенага. У падсавецкай Беларусі ў 70-х гадах нават беларускія казкі (выдадзеныя ў Вільні да 1939 года) і школьныя падручнікі на беларускай мове па трыганамэтрыі ляжалі арыштаваныя ў так званых „спэцфондах" бібліятэк. На беларускай мове выдаваліся творы Леніна ды савецкая літаратура, што хваліла рускіх ды камунізм. Да 70-х гадоў былі зачыненыя ўсе беларускія школы ў беларускіх гарадах і пераробленыя на расейскія. Беларуская гісторыя была груба сфальсіфікаваная, а гісторыя Расеі стала гісторыяй СССР. На гэтай атруце ды на так званай „агульначалавечай мове" вучылі і абалваньвалі беларускую моладзь. Будаўнік камунізму ня мог гаварыць па-беларуску. Гэта не ўхвалялася і перасьледвалася камуністамі.

За часы СССР Беларусь, як і раней, была асаблівым аб’ектам рускай палітыкі і зонай русіфікатарскіх экспэрыментаў. У 60-х гадах Мікіта Хрушчоў, наведаўшы Менск, з задавальненьнем адзначыў, што беларусы першыя (вядома, першыя пасьля рускіх) прыйдуць да камунізму, бо дабраахвотна адмовіліся ад беларускай мовы і ўсталявалі рускі „язык". Гэта была пахвала сьмерці.

Сьмерць і гвалт, русіфікацыя і этнацыд, зьнішчэньне культуры і цэлых народаў, злачынствы супраць чалавецтва — вось галоўныя адзнакі і вынікі рускага імпэрыялістычнага камунізму.

Пасьля 2-й Сусьветнай вайны дзесяцімільённая Беларусь не далічылася каля трох мільёнаў сваіх жыхароў, але каля двух мільёнаў былі забітыя яшчэ да вайны ворганамі камуністычнага НКВД. У Беларусі фізічна зьнішчылі 70 адсоткаў усіх беларускіх пісьменьнікаў, пазабівалі вучоных і мастакоў. (Трупа Трэцяга Беларускага Дзяржаўнага тэатра Ўладзіслава Галубка была арыштаваная ў поўным складзе і расстраляная амаль цалкам.)

Забівалі па нацыянальнай прыкмеце. Дзеля гэтага быў прыдуманы ярлык „нацдэм" (гэта значыць, нацыянальны дэмакрат, хаця партыі такой не існавала). Гэты ярлык прыклейвалі да ўсіх беларусаў, якіх сталіністы плянавалі зьнішчыць. У нетрах НКВД была прыдуманая неіснуючая антыкамуністычная арганізацыя — СВБ („саюз вызваленьня Беларусі"). Пад створаны фантом энкавэдзісты праводзілі арышты, вялі ўяўнае сьледзтва, дапытвалі, судзілі, потым ссылалі ў Расею і расстрэльвалі невінаватых людзей.

Пасьля Рыскай змовы ў 1921 годзе, Беларусь падзялілі паміж Польшчай і Расеяй. Мяжу падзелу правялі непадалёк ад Менска. Існаваў таемны загад НКВД вынішчыць усё беларускае насельніцтва ўздоўж мяжы. Расейскія акупанты хацелі зрабіць тут бязьлюдную зону. Вынішчэньне ажыцьцяўлялі памежныя войскі. Давераным выдавалі карабін і рыдлёўку. Калі такі салдат-памежнік сустракаў у бязьлюдным месцы (на дарозе, у полі, у лесе) адзінокага беларуса, ці беларуску, ці дзіця, ён застрэльваў чалавека, тут жа рыдлёўкай выкопваў яму і засыпаў труп. Такая была інструкцыя. Людзі ў вёсках ня так баяліся „чалавека з ружжом", як маскаля з рыдлёўкай. (Гэтыя факты надрукаваныя ў беларускім друку ў пачатку 90-х гадоў.)

У 30-х гадах на 95-99 адсоткаў (практычна поўнасьцю) была зьнішчана (сасланая і расстраляная) беларуская камуністычна-партыйная і цывільная адміністрацыя. Вынішчалі нават дырэктарат і гаспадарчых кіраўнікоў.

На месца забітых адміністратараў і камуністычных начальнікаў-беларусаў прысылалі расейцаў з Расеі. Рускія (так званыя „выдвіжэнцы") прыяжджалі ў Беларусь, займалі вызваленыя пасады, атрымлівалі ільготы, маёмасьць, кватэры, і першае, што рабілі — зачынялі беларускія школы, пераводзілі іх на расейскую мову, каб іхныя дзеці маглі вучыцца, не абцяжарваючы сябе вывучэньням, як яны казалі, „нікому непатрэбнай" беларускай мовы. Гэтак акупанты стваралі на Беларусі „рускаязычнае населеніе". Этнацыд, лінгвацыд, мнемацыд і генацыд праводзіліся бальшавікамі адначасова.

Вынішчэньне беларусаў расейскім НКВД працягвалася і ў часы нямецкай акупацыі. У чэрвені 1941 года, у першыя дні вайны камуністы расстралялі ў турмах і на этапах тысячы вязьняў. Толькі ў Берасьцейскай крэпасьці, дзе была страшная турма НКВД, усіх арыштаваных ліквідаваць не пасьпелі, частка разьбеглася. Тым часам вялікая група наглядчыкаў і функцыянэраў НКВД была заблякаваная ў крэпасьці немцамі. Яны сядзелі там каля месяца, пакуль ня вымерлі. Гадоў праз 20 пасьля вайны камуністы прыдумалі легенду пра „гераічную абарону" Берасьцейскай крэпасьці.

арганізаваны толькі на Беларусі і часткова — на этнічных беларускіх землях, што былі пад Расеяй (Смаленшчына, Браншчына). У акупаванай Расеі „партызанкі" не было. Чаму? Ды таму, што прадаўжаў дзейнічаць плян зьнішчэньня беларускай нацыі. Масква праз ворганы НКВД уцягнула масы цывільных беларусаў у вайну супраць немцаў, і гэтым падставіла іх пад удар. Неабходная справа вынікала з подлай задумы і рабілася ня менш подлымі мэтадамі. (Сталін хацеў мець двайную выгаду.) Энкавэдзісты спэцыяльна каля беларускіх вёсак забівалі немца ці рабілі іншую правакацыю, каб выклікаць карную апэрацыю гітлераўцаў, якія звычайна спальвалі ўсю вёску (часта разам зь людзьмі). Гэткім чынам, дарэчы, у выніку спэцыяльнай правакацыі савецкіх партызанаў была спаленая і вядомая Хатынь, якую камуністы потым, у 70-х гадах разрэклямавалі на ўвесь сьвет як тыповую ахвяру фашысцкага зьверства.

У выніку такой камуна-фашыстоўскай сумеснай „працы" на Беларусі спалілі больш за дзевяць тысячаў вёсак.

Ужо ў 1943-м годзе ў беларускіх лясах дзейнічала агулам ад трохсот да чатырохсот тысячаў партызанаў. Масква не давярала беларусам. Таму пад канец вайны, ў выніку спэцыяльнай апэрацыі НКВД, многія беларускія камандзіры былі пасланыя на сьмерць, адхіленыя ад камандваньня, забітыя і рэпрэсаваныя. Іхняе месца займалі расейцы і верныя энкавэдзісты.

Летам 1944 года, калі „чырвоная армія" заняла Беларусь, расейцы правялі мабілізацыю ў войска на беларускай тэрыторыі. Дзясяткі тысячаў маладых беларускіх хлопцаў, амаль без падрыхтоўкі, кінулі на перадавую лінію фронта. Рускія камандзіры падымалі іх у непатрэбныя атакі пад агонь нямецкіх кулямётаў, ня даўшы нават зброі ў рукі, альбо з карабінамі, ды без патронаў. Яны гінулі тысячамі, як трава пад касой, а тыя, што ўцякалі назад, траплялі пад кулі энкавэдзіскіх „заградатрадаў". Зрэшты, заградатрады стралялі і ў сьпіну.

Так працягвалася вынішчэньне беларусаў на вайне, рукамі немцаў і расейцаў адначасна. Як казалі камуністы, „в барбе за савецкую родзіну".

У 40-х гадах рускія вывезьлі ў Сібір і там замардавалі ўсіх лясьнікоў і так званых „кулакоў" з Заходняй Беларусі. Вывозілі вагонамі, па разнарадках. У 1949-1950 гг. правялі так званую калектывізацыю. У сялянаў адабралі зямлю, асноўную маёмасьць і сродкі вытворчасьці.

Палітыка нацыянальна-культурнага вынарадаваньня беларусаў працягвалася пры Хрушчове. У пачатку 60-х гадоў на закрытым пленуме ЦК КПСС быў прыняты плян ператварэньня 600-тысячнага тады Менска ў шматмільённы прамысловы мегаполіс. Масква вырашыла пабудаваць у Беларусі гіганты вялікай хіміі, разьлічаныя на імпэрыю. Што азначала для 10-мільённай краіны (дзе праводзілася палітыка русіфікацыі) разбудова шматмільённай прамысловай сталіцы без беларускіх школаў і беларускіх ўніверсітэтаў — зразумела. Плянавалася гэтая разбудова (і часткова была ажыцьцёўлена) не з эканамічных, а з палітычных русіфікатарскіх меркаваньняў.

У гэты ж час, у 1964-м годзе, камуністы зацьвердзілі грандыёзны плян зьнішчэньня беларускіх вёсак. Іх падзялілі на „пэрспэктыўныя" і „непэрспэктыўныя". 3 „непэрспэктыўных" вёсак паступова высялялі людзей, адціналі сьвятло, радыё, энэргію, ліквідавалі крамы, здымалі транспартныя маршруты, спынялі фінансаваньне, высялялі калгасныя ўстановы і г.д. Людзі павінны былі самі выяжджаць ва ўказанае месца. Потым вёску зьнішчалі.

3 трыццаці чатырох тысячаў беларускіх вёсак заплянавана было пакінуць дзевяць тысячаў, а дваццаць пяць тысячаў — ліквідаваць (як „непэрспэктыўныя"). (Прыпомнім, што ў вайну немцы, разам з рускімі, зьнішчылі дзевяць тысячаў беларускіх вёсак.)

Гэта быў плян нацыянальна-культурнай катастрофы Беларусі. Нагадаю, што культура і культурныя традыцыі зьвязаныя з месцам гістарычнага існаваньня людзей, трымаюцца і разьвіваюцца толькі дзякуючы пастаяннаму насельніцтву. Інтэнсіўная, радыкальная і раптоўная ўнутраная міграцыя разбурае традыцыйную культуру. (Чарнобыльская зона — гэта экалягічная і сацыяльна-культурная катастрофа.)

Плян ліквідацыі 73-х адсоткаў вёсак у Беларусі пачаў ажыцьцяўляцца з канца 60-х гадоў. (Дадам, што адначасна разбуралі гістарычныя цэнтры беларускіх гарадоў.) Плян быў абстаўлены псэўданавуковай дэмагогіяй, быў стратным з эканамічнага боку і дыктаваўся палітычнай задумай этнацыду беларусаў, пра што ўслых не гаварылася.

Спробу зьнішчэньня беларускіх вёсак камуністы пасьпелі ажыцьцявіць толькі часткова. Па-першае, на хуткі „прарыў" не хапіла рэсурсаў і сілаў. Па-другое, — скончыўся камунізм. Але ўдар па беларусах быў зроблены моцны.

Наступны ўдар быў нанесены ў час Чарнобыльскай катастрофы. Як вядома, 70 адсоткаў радыяцыйных выкідаў было ськінута на Беларусь. Па загаду Масквы рускія „таварышчы" з выкарыстаньнем авіацыі асадзілі над Магілёўскай вобласьцю радыёактыўныя хмары на галовы беларусаў. Яны „спасалі Расію" над нашай тэрыторыяй, скарыстаўшы той факт, што Беларусь была імі акупаваная і ня мела суверэнітэту.

Я бачыў мёртвыя радыяцыйныя вёскі на Магілёўшчыне, з пустымі дамамі і трохмэтровай крапівой на бязьлюдных вуліцах, бачыў, як іх хавалі, як закопвалі дамы — набытак пакаленьняў. А тысячы памерлых, а тысячы хворых дзяцей, а тысячы людзей бяз роднай зямлі, бяз спадчыны, уцекачы ў сваёй краіне...

Аб Курапатах. Курапаты ёсьць неабвержнае сьведчаньне і рэчавы доказ камуністычнага генацыду на Беларусі. Упершыню эксгумацыйныя раскопкі праводзіліся тут археолягамі і археалягічнымі мэтадамі. Гэта дало магчымасьць дасьледваць пахаваньні на аснове навуковых мэтодык, выявіць і пацьвердзіць факт папярэдніх раскопак магілаў у канцы 40-х — пачатку 50-х гадоў і выемку большай часткі касьцей расстраляных. Аналіз дадзеных паказвае, што ў Курапатах з 1937-га па 23 чэрвеня 1941-га года было расстраляна больш за 200 тысячаў чалавек. Гэта быў энкавэдзісцкі канвеер сьмерці.

Акрамя Курапатаў, мне ўдалося вызначыць яшчэ пяць такіх месцаў вакол Менска і пра адно (Лошыца) сабраць зьвесткі. На Беларусі вядома каля дзясятка мясьцін камуністычных расстрэлаў і пахаваньняў расстраляных людзей. Шмат — вакол Магілёва, дзе быў другі па маштабах (пасьля Менску) рэпрэсіўны цэнтар НКВД.

Разбурэньне Савецкага Саюза і КПСС пачалося з 1988 года, калі былі створаныя народныя франты Эстоніі, Латвіі, Летувы, Беларусі, Украіны і сфармуляваныя ідэі палітычнага змаганьня за незалежнасьць і дэмакратыю.

У 1991 годзе КПСС перастала існаваць, СССР распаўся, руская намэнклятурная дэмакратыя пераняла ўладу ў Расеі. Ёй спатрэбілася толькі тры гады, каб асвоіцца і вярнуцца да сваёй праверанай імпэрскай палітыкі ўмяшальніцтва, захопу, агрэсіі і зьнішчэньня. Напад на Чачэнію і першая каляніяльная вайна з чачэнцамі (1994-1996) падвяла рысу пад посткамуністычнай пераменай улады ў Расейскай імпэрыі. Перамены скончыліся. Пачаліся працэсы вяртаньня страчанага.

Наступным аб’ектам умяшаньня стала Беларусь. У 1996 годзе Расея непасрэдна падтрымала свайго стаўленіка Лукашэнку і на высокім дзяржаўным узроўні прыняла дыпляматычны ўдзел у дзяржаўным перавароце ў Беларусі. Да ўлады ў Беларусі прыйшоў савецкі КГБ. Усталявалася прамаскоўская дыктатура.

Праз чатыры гады КГБ поўнасьцю захапіў уладу ў Расеі. Там цяпер няма камунізму, але ёсьць канцэнтрацыйныя (фільтрацыйныя) лягеры, праводзіцца генацыд і зьнішчэньне Чачэніі з ужываньнем войска і сучаснай разбуральнай зброі, душыцца друк і ўведзена вайсковая цэнзура. Вусная інструкцыя для рускіх вайскоўцаў абавязвае забіваць усіх чачэнцаў ад 10 да 60-ці гадоў. Людзей замыкаюць у фільтрацыйныя лягеры, дзе іх катуюць, прыніжаюць і мардуюць. Пляны расейскага камандваньня заключаюцца ў тым, каб забіць дзьве траціны чачэнскай нацыі, разбурыць і абязьлюдзіць горную частку краіны.

Гэта робіцца цяпер перад абліччам усяго сьвету. То які сэнс гаварыць цяпер пра злачынствы камунізму, што ў 40-х гадах зьнішчаў і вывозіў у Сібір тых жа чачэнцаў, інгушоў ды татараў? I калі ёсьць сэнс, то дзе яго болей: тады, калі існаваў расейскі дзяржаўны камунізм і расейскі дзяржаўны бандытызм, ці цяпер, калі расейскага камунізму няма, а расейскі бандытызм ёсьць?

Камунізм у Савецкім Саюзе быў перш за ўсё формай рускага каляніялізму, ідэалягічнай канцэпцыяй расейскай імпэрыялістычнай палітыкі.

Пасьля таго, як да сярэдзіны 80-х гадоў гэтая форма скампрамэтавала і вычарпала сябе, камуністычных артадоксаў адхілілі ад улады. Адначасна зьніклі, растварыліся ў нетрах улады так званыя рускія дэмакраты (тыя ж імпэрыялісты). Рэальнай і адзінай палітычнай сілай у Расеі паступова робіцца КГБ.

У 1993-95-х гадах адбываецца хуткае засвойваньне імпэрскага шавінізму як дзяржаўнай ідэалёгіі. (Ролю юродзівага ў гэтым працэсе, згодна з расейскай мэнтальнасьцю і традыцыяй, прафэсійна выканаў блізкі да спэцслужбаў У. Жырыноўскі. Дзяржаўных мужоў, што ў прыстойным тоне паўтаралі тыя ж пазыцыі усьлед за Жырыноўскім, ужо ўспрымалі сур’ёзна. Шышкі падалі на „сына юрыста".)

Гэта ёсьць кагэбісцкая тэхналёгія захопу ўлады, таксама, як ўзрывы дамоў (разам зь людзьмі) у Маскве і Валгадонску. Сутнасьцю ж зьяўляецца тое, што КГБ-ФСБ (былое НКВД) валодае цяпер поўнай і абсалютнай (а неўзабаве — татальнай) уладай у Расеі.

Сутнасьцю ёсьць тое, што гэтая ўлада вядзе несправядлівую, брудную вайну, вынішчае людзей, робіць ваенныя злачынствы, топча правы асобы, а ўсе рускія палітыкі і ўсё рускае грамадзтва ўхваляюць ды падтрымліваюць такія дзеяньні, бяруць, такім чынам, на сябе калектыўную адказнасьць за забойствы і генацыд.

Сутнасьцю зьяўляецца тое, што расейская ўлада рыхтуе аншлюс Беларусі, падтрымлівае антыдэмакратычны нелегальны рэжым Лукашэнкі, а ўсё расейскае грамадзтва ўхваляе гэтую захопніцкую палітыку.

Сутнасьцю зьяўляецца тое, што расейскае грамадзтва падтрымлівае ўладу Пуціна-КГБ-НКВД гэтак жа, як апантана падтрымлівала дзеяньні Мураўёва-вешальніка, цара, Сталіна ды Леніна. Гэта грамадзтва, якое згаджаецца і ўхваляе любое варварства ў інтарэсах рускай імпэрыі. Гэта ёсьць грамадзтва без інтэлігенцыі, без ідэалоў свабоды.

Для рускіх імпэрыялістаў, незалежна ад таго, за каго яны сябе ўважаюць (за дэмакратаў ці недэмакратаў), камунізм стаў выгаднай шырмай, за якую можна схавацца. Ён стаў для іх ахвярным казлом, на якога можна ківаць і сьпісаць усе свае мінулыя антылюдзкія расейскія грахі і апраўдаць цяперашнія, выкарыстоўваючы камунізм як страшылку для дызарыентаванага грамадзтва і лёгкавернай міжнароднай супольнасьці.

Камунізм нельга разглядаць толькі як абстрактную катэгорыю, што сама па сабе чыніць зло. Гэта правільна толькі з ацэначных, вызначальных (дэфінітыўных) патрабаваньняў. Але калі мы падыходзім да пытаньня адказнасьці за тое, што ўчыніў рускі камунізм, то знаходзім ня толькі ідэалёгію, але і канкрэтных асобаў, спраўцаў злачынства, і палітычную арганізацыю, і дзяржаўную сістэму, і адпаведным чынам арганізаваны народ, і адпаведным чынам арганізаванае грамадзтва. Кожны мае сваю долю віны. Кожны нясе сваю долю адказнасьці. Але ў Расеі ніхто ня думае пра пакаяньне.

Адказнасьць за масавыя злачынствы супраць чалавецтва датычыць ня толькі канкрэтных асобаў, яна ёсьць ня толькі індывідуальная, але і калектыўная, што прадугледжвае розную ступень пакараньня.

Перад абліччам міжнароднага суду камунізм мусіць разглядацца ў канкрэтным зьмесьце. Я маю на ўвазе рускі камунізм. Іншага ў Эўропе не было.

Нюрнбергскі трыбунал судзіў не абстрактны, а нямецкі фашызм і канкрэтных злачынцаў. Было прынятае рашэньне аб ліквідацыі магчымасьцяў аднаўленьня нямецкага мілітарызму. Нямецкая нацыя (не фашысты, а народ, нацыя, што скарыстала фашызм) заплаціла кантрыбуцыі за зьнішчаныя культурныя каштоўнасьці іншых народаў, плаціла за галакост і газавыя камэры, за выкарыстаньне дармовай рабочай сілы (і плоціць па сёньняшні дзень).

Хто заплоціць беларусам за мільёны землякоў, замардаваных рускім камунізмам?! Хто заплоціць за скарыстаньне беларускай дармовай рабочай сілы на рускіх лесапавалах, за працу ў вечнай мерзлаце? Хто заплоціць за зрабаваныя культурныя каштоўнасьці Беларусі, што аселі ў рускіх музэях і розных „палатах" Масквы? Хто нам заплоціць за Чарнобыль?!

Захад бяз зброі перамог камуністычную сістэму, выйграў халодную вайну. I тут жа пачаў адраджаць расейскага монстра, наіўна мяркуючы, што дапамагае дэмакратыі і што зло не жыве. У такіх умовах змаганьне з рускім камунізмам пачынае выглядаць барацьбой з папяровымі тыграмі. Яно толькі ўмацоўвае імпэрыялізм, які перамяніў аблічча.

Сем гадоў таму мне і маім калегам зь Беларускага Народнага Фронту ў Вярхоўным Савеце ня раз прыходзілася казаць, пісаць і перасьцерагаць аб магчымасьці дыктатуры ў Беларусі, аб будучай агрэсіі Расеі, аб пагрозе страты незалежнасьці. Цяпер, гледзячы на тое, што робіцца, сумна ўспамінаць тое лёгкадумства, зь якім беларускія эліты адносіліся да відавочнай рэальнасьці.

Цяпер для Масквы і яе памагатых з Захаду засталося толькі легітымізаваць рэжым Лукашэнкі праз любыя выбары (хай сабе і недэмакратычныя), і тады 300-тысячная расейская вайсковая групоўка гатовая ўступіць у Беларусь. Гаворачы пра „інтэграцыю", рыхтуюць акупацыю. Потым можа ўзьнікнуць чарговы „калідор" да Калінінградзкай вобласьці і акупацыя Летувы. Мы ўжо бачым гэтую генэральскую палітыку „атторжэныя вазвраціх". Гісторыя, на жаль, мае тую асаблівасьць, што на практыцы яна людзьмі не засвойваецца. Прынамсі, ва Ўсходняй Эўропе.

Калі зло не судзіць, яно робіцца нормай. Таму суд над рускім камунізмам неабходны. Гэта мусіць быць суд над „імпэрыяй зла". Працэс павінен пачацца. Ня могуць мільёны ахвяраў нявінных людзей застацца без патолі і справядлівасьці. Ня можа кроў забітых адплысьці вадой.

Рускі камунізм — злачынная імпэрыя агрэсіі і вайны — павінен стаць перад людзкім судом вольных краінаў Эўропы.

Зянон Пазьняк

12.06.00

Дадаць у: