НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

КАНЦЭРТ ДЛЯ АНАЛЬФАБЭТА З АРКЕСТРАМ

КАНЦЭРТ ДЛЯ АНАЛЬФАБЭТА  З АРКЕСТРАМ

            Антыбеларускі рэжым плянуе ліквідацыю беларускага нацыянальнага тэатра шляхам скасаваньня датацыяў і прапануе камэрцыйнае існаваньне. Дзяржаўныя нацыянальныя тэатры без датацыяў не існуюць. Тут намер хуткага разбурэньня беларускага тэатра з наступным абплёўваньнем і паклёпам, маўляў “сам памёр” (як казалі пасьля зьнішчэньня Васіля Быкава ці як з асаблівым цынізмам пра забойства Рамана Вайніцкага, маўляў “памёр, бо спынілася сэрца”).

            Ня будзем казаць пра знаўцаў мастацтва.  Кожнаму культурнаму чалавеку вядома, што мастацтва (і асабліва тэатр) патрабуе датацыі, матэрыяльнай падтрымкі. Само сябе мастацтва не акупае. Гэта сфэра культуры, якая патрэбная ўсяму грамадзтву, і грамадзтва ідзе на выдаткі дзеля культуры. Грамадзтва, якое не датуе культуру (альбо не разумее, што гэтак трэба рабіць), знаходзіцца на нізкім узроўні разьвіцьця.

            Мастацтва спрыяе гуманітарнаму ўзвышэньню асобы і грамадзтва. Яно зьяўляецца люстэркам нацыі ў яе жыцьцёвых, духоўных, творчых і гістарычных памкненьнях.

            Камэрцыйнае мастацтва (якое выжывае ў бізнэсе) належыць да мас-культуры і накіраванае на пазаэстэтычнае, неадэкватнае і спажывецкае задавальненьне, бытавых, псіхалагічных патрэбаў, комплексаў, неразьвітых і збочаных уяўленьяў людзей. Яно не імкнецца ўзвысіць людзей да высокіх ідэй, эстэтыкі і красы, а само апускаецца да ўзроўню спажыўца. Роля яго атупляючая, узьдзеяньне на культурны ўзровень грамадзтва – дэградуючае.

            На гэтым я, перапрашаючы чытачоў, скончу тут пераказ школьных ведаў  для тых, хто, магчыма, забыўся, і спынюся на небясьпечных ілюзіях, якія (па логіцы абсурду) пэрманэнтна жывуць у нашым грамадзтве.

 

            Пачуўшы публічную дэманстрацыю неадукаванасьці публічнага чалавека, людзі пачынаюць сьмяяцца, думаючы, відаць, што асоба засаромеецца, выправіцца, і натуральны парадак рэчаў застанецца на месцы, бо інакш ня можа быць.

            Тым часам “неадукаваная асоба” не саромеецца, не выпраўляецца, і натуральны парадак рэчаў замяняецца абсурдам. Тады людзі пачынаюць лавіць ротам паветра і хапацца за галаву, пакуль іншыя ня скажуць ім з гары, што абсурд якраз і ёсьць тым парадкам, які павінен быць.

            Пра гэты “ілюзіён” мне прыходзіцца пісаць пастаянна вось ужо скора 20 гадоў, толькі ў іншай форме, ужываючы непрыемныя азначэньні, кшталту “тэхналёгія зла”, “лёгіка ўнутранай акупацыі”, “канцэпцыя ліквідацыі беларускай культуры”, “стратэгія вынішчэньня беларускай нацыі”, “тактыка антыбеларускай палітыкі”, “палітыка лінгвацыду” і г. д.

            Ілюзіі не зьнікаюць. І мы разумеем, чаму. Таму паўтараць гэтую тэму трэба.

            Нядаўна начальнік рэжыму, першы раз у жыцьці трапіўшы ў тэатр, у чарговы раз напалохаў культурную грамадзкасьць, заявіўшы, што перавядзе нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы на самаакупальнасьць. Маўляў, хай акторы, што  заробяць, тое і падзеляць, а за начальнікам рэжыму застанецца толькі ідэалягічны кантроль.

            Культурная эліта, ведаючы магчымасьці начальніка, перажыла сапраўдны шок. Кожны разумее, што гэта ёсьць ліквідацыя нацыянальнага тэатра. Але і на гэты раз бадай што ўсе зноў падумалі: такога ня можа быць. Не разумее начальнік – малапісьменны, некультурны – трэба яму растлумачыць. Некаторыя і пачалі тлумачыць, некаторыя сталі зьедліва крытыкаваць, іншыя – рагатаць. 19 гадоў – адна і тая ж рэакцыя. Абсурд даўно стаў рэальнасьцю, а яны ўсё ня вераць, што такое можа быць.

            Прычына ілюзіяў вядомая – яна ў штучнай затрымцы нацыянальнага разьвіцьця, у недасьпеласьці нацыянальнай сьведамасьці, калі грамадзтва, мову і культуру якога зьнішчаюць, не адчувае пагрозы сабе. Такое грамадзтва можа забіць нават малая варожая групоўка, захапіўшы ўладу, бо ніякія падзеі вынішчэньня не ўплываюць на адсутнасьць кансалідаванай сьведамасьці і не выклікаюць контрдзеяньня. Акупацыйны рэжым напоўніцу выкарыстоўвае такі стан людзей, актывізуе дзеяньні па нацыянальнаму атупленьню асобы ў грамадзтве. Разбурэньне робіцца сістэмна і пасьлядоўна, прытым не адразу, а пачаргова з паступовым насіленьнем і пранікненьнем ў дробныя справы, ва ўсю, яшчэ слаба сфармаваную макраструктуру нацыянальных дачыненьняў.

            Так была ліквідавана беларуская школа і адукацыя. Так быў ліквідаваны Беларускі ліцэй імя Якуба Коласа, а памяшканьне забрана дзеля патрэбаў  рэжыму. (Ніхто ня мог паверыць, што такое станецца. Абсурд. Навошта? Але такое сталася.)

Так быў ліквідаваны Літфонд і выкінуты на вуліцу знакаміты Саюз беларускіх пісьменьнікаў, а будынак забраны дзеля патрэбаў рэжыму. (Такога ніхто ня мог уявіць – сталася.) Так быў расколаты Саюз пісьменьнікаў. (Навошта? -- Сталася.) Так былі ліквідаваныя беларускія дзіцячыя часопісы -- знакамітая “Бярозка” і інш. (Навошта? – Сталася.) Так было ліквідаванае беларускае выдавецтва для моладзі “Юнацтва”. (Навошта? – Сталася.) Так была зьнішчана рэдакцыя Беларускай энцыкляпэдыі, разбурана акадэмічная сістэма Акадэміі Навук, ліквідаваны Інстытут Беларускай літаратуры. (Як такое можа быць? – Можа. Сталася.) Так былі ліквідаваныя беларускія радыёстанцыі і зьнішчана беларускае тэлебачаньне. (Сталася!) Так былі спаленыя беларускія падручнікі для школаў. (Ня можа быць? Аўтадафэ? – Можа. Сталася.) Так быў складзены чорны сьпіс забароненых беларускіх музычных ансамбляў, музыкаў і сьпевакоў, некаторых выштурхнулі за мяжу. (Нельга паверыць. Навошта? – Можна паверыць! Сталася.) Так выганяюць з Горадзенскага ўнівэрсітэту беларускую прафэсуру за напісаньне кнігі пра гісторыю Гародні. (Але ж тое незаконна, гэта ненармальнасьць! – Гэта рэальнасьць. Сталася.). Так задушылі беларускі часопіс “Архэ”. Як гэта? – А так гэта. Сталася!)

            Зрэшты, каб пералічыць усе злачынствы антыбеларускага рэжыму перад беларускай культурай, мне спатрэбіліся б дзясяткі старонак тэксту. А калі да гэтага дадаць яшчэ палітыку, эканоміку, фінансавую і судовую сфэры, адносіны да людзей, -- то сотні старонак.

            Сістэма вынішчэньня вялікага беларускага (ліцьвінскага) народа была распрацавана ў Расеі даўно і ўжывалася на практыцы. Апошнія лубянскія распрацоўкі зьнішчэньня беларускай нацыі былі зробленыя пры саветах у 1980-х гадах і пазьней перанятыя пры Ельцыне ў 1995 г. (Сакрэтныя тэксты, аднак, друкаваліся на Украіне і ў нас.)

            Беларускі Народны Фронт быў знаёмы і з гэтымі маскоўскімі плянамі, і з падыходамі, і ведаў, як супрацьстаяць антыбеларускай палітыцы.

            Самы галоўны тэзіс расейскай тэхналёгіі захопу, выкладзенай у 1980-х гадах, заключаўся ў абавязковым зьнішчэньні нацыянальных каштоўнасьцяў, ведаў і ўяўленьняў пра такія каштоўнасьці ў народа, які трапіў пад маскоўскую акупацыйную распрацоўку. Абавязкова мусіла быць ліквідавана нацыянальная мова (цераз асіміляцыйную адукацыю) і веды пра мінулае (найперш пра гісторыю). Народ, пазбаўлены сваёй мовы і ўяўленьня пра нацыянальныя каштоўнасьці, губляў здольнасьць да кансалідацыі, супраціўленьня і разьвіцьця. Ім можна было лёгка маніпуляваць і выкарыстаць для самаліквідацыі.

            Ад ліпеня 1994 года пачалася інспіраваная з Масквы ўнутраная акупацыя Беларусі цераз унутраны легальны захоп улады з выкарыстаньнем выбарчых дэмакратычных працэдур. Пачалася антыбеларуская акупацыйная палітыка. Пра гэта мной ужо шмат сказана і напісана, пачынаючы з 90-х гадоў мінулага стагоддзя. Паўтару тут толькі адно важнае палажэньне, без усьведамленьня якога нашае грамадзтва ня здолее супраціўляцца катастрофе. Гэтае палажэньне – веданьне пра палітычную мэту антыбеларускай палітыкі акупацыйнага рэжыму і пра шлях яе дасягненьня.

            Мэта – (канцовая мэта) уключэньне тэрыторыі Беларусі ў склад Расеі з поўнай (праз русіфікацыю) заменай карэннага насельніцтва. Шлях дасягненьня – пакрокавы наступ, які ніколі не спыняецца. Гэта тыповая расейская палітыка з дзяржаўным ведамствам агрэсіі, разьлічаная – на ўвесь час для дасягненьня мэты. Гэта абазначае, што такая палітыка ня спыніцца ніколі, пакуль ня будзе дасягнута канцовая мэта. (Каб разумець гэта  -- памятаем запавет Каліноўскага.)

            Крок за крокам ліквідуюцца беларускія асяродкі, газэты, выдавецтвы, арганізацыі, паступова, год за годам запаўняюцца агентурай установы, людзкія дачыненьні абстаўляюцца антычалавечым заканадаўствам, асобамі, функцыянерамі. Сёньня бураць адно, каб заўтра зваліць другое. Дзеля гэтага скарыстоўваюць ўнутраныя рэсурсы грамадзтва, што стварае ілюзію натуральнага існаваньня. Але потым ліквідуюць і гэтыя рэсурсы і заменяць чыньнікі ды структуры. Тут тыповая мэтадалёгія гэбізму – дзейнасьць супраць ворага за кошт рэсурсаў ворага. (Агентура ў псэўдаапазыцыі, напрыклад, дзейнічае і корміцца за кошт грантаў і грошай бесталковай Эўропы, а не за кошт рэжымнага бюджэту.) Крок за крокам абмяжоўваецца магчымасьць палітычнае дзейнасьці, арганізацыйнай справы, свабоды чалавека ў творчасьці, у прадпрыймальніцтве і гандлі і г. д. Антыбеларуская ўлада ўсё больш набліжаецца да этнічнай, канфэсійнай, вызнанёвай, адукацыйнай, сацыяльнай сутнасьці асобы, бо ў канцовай дыстанцыі ўсё, што ня роднаснае рэжыму і ягонай мэце, павінна зьнікнуць.

            Калі цяпер так званым “беларускім” бізнэсмэнам, што суіснуюць з рэжымам, сказаць, што ў канцовым адрэзку вынішчэньня Беларусі яны будуць ліквідаваныя разам са сваім бізнэсам ня тое што па этнічнай, але нават па мясцовай (тэрытарыяльнай) прыкмеце, то яны б, пэўна, пасьмяяліся з разумным выглядам: маўляў, якая ерунда! (“Чушь!”) Але гэтая “чушь” такога самага роду, як ліквідацыя Беларускага ліцэя імя Якуба Коласа, як “аграгарадкі”, як аўтастрада праз Курапаты, як “лінія Сталіна” (якой не было), як камэрцыялізацыя нацыянальнага тэатра. Гэта “чушь”, якая робіцца абсурднай рэальнасьцю рэжыма, дзе цемра і неадукаванасьць выкарыстоўваюцца як тактычны сродак нацыянальнага разбурэньня. (Цемры тут ужо ніхто не саромеецца. Яна легалізавана.)

            “Тэатр – гэта нацыя”, -- трапна сказаў расейскі драматург А. Астроўскі. Гісторыя ж (ня толькі беларуская) паказвае, што нацыя пачынаецца з тэатра. Нехта, відаць, расказаў пра гэта Лукашэнку, і над нацыянальным тэатрам навісла пагроза ліквідацыі.

Для правядзеньня акупацыйнай палітыкі Масква скарыстала тыпова падыходзячую кандыдатуру з комплексам антынацыянальнага беларусафобства мясцовага паходжаньня. Апошняя акалічнасьць выклікала спэцыфічнае вынішчэньне нацыянальнага грамадзтва, нешта кшталту палітычнай анкалёгіі, дзе самым сьмяртэльным ворагам чалавека становіцца яго ўласная ракавая клетка, якая перарадзілася.   

            Увогуле тая шкода, што натварыла гэтая істота для Беларускай нацыі і культуры, ня можа быць кампэнсавана ніякім судовым прысудам (хоць тысячу гадоў турмы). Але недзе ж (магчыма) вісіць тая кропля, што перапоўніць чашу цярпеньня.

 

Зянон ПАЗЬНЯК

 

Дадаць у: