НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Артыкулы

Культура, гісторыя, маёмасьць

Культура, гісторыя, маёмасьць

Часам гаворыцца, што чалавек — гэта культура. У гэтым ёсьць сэнс. Дакультурны чалавек мусіў бы быць часткай прыроды (ці больш сьцісла — жывёльнага сьвету). Ці быў дакультурны пэрыяд у чалавека на Зямлі, сказаць цяжка, хоць дзеля гэтакага меркаваньня хораша выбудоўваецца лягічны ланцужок і пад рукой — розныя прыклады. Але пакуль што гэта ўсяго толькі навукова-лягічныя канструкцыі, а не дакладная навуковая сістэма. Тым ня менш, мы мусім карыстацца тым, што маем, — лёгікай вылучэньня чалавека з прыроды, абапіраючыся на фрагмэнты дакладных ведаў.

Калі прааналізаваць значэньне, гісторыю і сэнс слова "культура", то прыходзім да высновы, што яно выяўляе асноўнае паняцьце і спосаб чалавечага існаваньня на Зямлі. Культура — гэта ўсё, што створана рукамі і розумам чалавека. Вышэй культуры ёсьць толькі Бог і прырода.

Вылучэньне чалавека з прыроды — гэта быў шлях у культуру. Чалавек, утвараючы культуру, сам зьяўляецца яе стварэньнем (у сфэры культуры ён стварае сябе). У той жа час чалавек ёсьць часткай прыроды і Боскага Духу.

Мяркуючы па-філясофску, чалавек, разьвіваючыся ў культуры, ёсьць зьявай прыроды, якая, надзеленая Боскім Духам, пазнае сама сябе. Таму сэнс культуры — у чалавеку.

Ня цяжка зразумець, што фізічны чалавек у прынцыпе ня можа выйсьці за межы прыроды (усяго існага), а фізічнае жыцьцё чалавецтва абмежавана пэрыядамі прыродных пераменаў.

Таму чалавек ня можа быць "царом прыроды", як сцьвярджалі неадукаваныя людзі, бо прырода ў анталягічным сэнсе — бясконцая (адваротна пэрспэктыўная ў шырыню) і ў гнасеалягічным зьмесьце — непазнавальная (проста пэрспэктыўная).

У чым жа тады зьмест культуры, калі яна, існуючы паралельна, ня можа выйсьці за межы прыроды?

Культура гэта ёсьць духоўнае цела фізічнага чалавецтва, форма, у якой разьвіваецца чалавек. Гэта нібы дом, які людзі могуць абсталяваць, як сьвятыню, як храм, альбо ператварыць яго ў хлеў. Бо чалавек культурны, у адрозьненьне ад істоты прыроднай (жывёлы), валодае свабоднай воляй.

Пераходны, канцовы сэнс культуры можна зразумець, калі разглядаць яе як асяроддзе дзеля ўдасканаленьня чалавечай душы і разьвіцьця чалавечага духу (гэта значыць, як сфэру выяўленьня вечнага розуму).

Мы, беларусы, ствараючы і адраджаючы нашу культуру, ніколі не павінны забывацца пра вечнасны, духоўны сэнс народнага існаваньня.

Ёсьць таксама вузкае разуменьне тэрміну культуры. Яно ўключае ў сабе сфэры творчасьці, мастацтва, этыкі, самаарганізацыю грамадзтва. Ёсьць сваістыя катэгорыі культуры. Напрыклад, агульначалавечая культура, нацыянальная культура, народная культура (пад якой звычайна падразумеваюць фальклёр), мастацкая, бытавая, індывідуальная культура і г.д. Усе культурныя дачыненьні ўзаемазьвязаныя і, у рознай ступені, узаемазалежныя.

Нас цікавіць тут нацыянальная культура як асноўная каштоўнасьць нацыі. Некалькі пакаленьняў беларусаў жыло пры камуністычным рэжыме, пад расейска-савецкай акупацыяй. Тады ідэалёгія і палітыка ў галіне нацыянальнай культуры вызначалася падвойна. У афіцыёзным пляне лічылася, што нацыянальная культура (гэтак жа, як і мова) ёсьць часовая зьява. Пры камунізме, маўляў, да якога ўсё няўхільна рухаецца, будзе адна камуністычная культура (і адна мова). На просьбу ўдакладніць, што гэта будзе за культура і якая мова, прапагандысты (псэўдавучоныя) звычайна ухіляліся ад адказу альбо намякалі, што "возможно, это будет взбагаченная национальными культурами русская культура и русский язык, как самые высокаразвитые и наиболее распространенные".

Другі варыянт тлумачэньня гэтакай пазыцыі адбываўся на паў-афіцыйным (непублічным, непісьмовым) узроўні, дзе гаварылася, што беларуская нацыянальная культура і мова "никому не нужны", што трэба жыць іншай, "более передовой" рускай культурай, і гаварыць — па-руску, бо "все понимают и везде говорят".

Узровень гэтакай шавіністычнай прапаганды, як кажуць, недыскусійны. Але бывае, што чым больш прымітыўная прапаганда, тым лепш яна засвойваецца простымі людзьмі. З такой зьявай нялёгка змагацца, бо на прапагандысцкі прымітыў павінен быць контр-прымітыў. Тады успрымаецца.

Вядома, усё вырашаецца нацыянальнай асьветай у нармальнай краіне. Але ў акупаванай краіне, дзе такой асьветы няма (ці яна забаронена), а нацыянальныя асьветнікі і шмат якія культурныя людзі — зьнішчаныя, у такой краіне могуць існаваць самыя неверагодныя антыкультурныя ўяўленьні.

Нацыянальная культура акамулюецца ў генетычнай памяці, у інтэлекце чалавека і ў набытых інстынктах. У грамадзкім сэнсе, нацыянальная культура адкладваецца ў гісторыі і выяўляецца ў людзкіх (грамадзкіх) дачыненьнях. З гэтага вынікае, што чалавек нармальна разьвіваецца толькі ў сістэме сваёй нацыянальнай культуры, але можа ўзбагачацца ў іншай нацыянальнай культуры. Такім чынам, кожная нацыянальная культура у дачыненьні сама да сябе ёсьць сістэма існаваньня і разьвіцьця, а ў дачыненьні да іншай нацыянальнай культуры яна выступае як сістэма ўзбагачэньня. Адсюль зразумела, што нацыянальная культура ёсьць абсалютнай умовай культурнага існаваньня, а множнасьць культураў ёсьць чыньнікам паскоранага культурнага разьвіцьця кожнай нацыянальнай культуры і культуры чалавецтва ў цэлым. І чым большая множнасьць, тым лепшыя ўмовы, тым большая магчымасьць разьвіцьця.

Гісторыя ёсьць часткай культуры. Гэта яе памяць і назапашаны вопыт. Аб значэньні веданьня гісторыі для асобы і грамадзтва шмат напісана і сказана.

Без гісторыі культура не разьвіваецца, як не разьвіваецца чалавек без памяці. Каб лепш зразумець, паспрабуем уявіць такога чалавека. Скажам, з сёньняшняга дня асоба перастае раптам памятаць усё, што было. Чалавек адразу нібы выпадае з сацыяльна-культурнага жыцьця. Перастае быць паўнавартаснай асобай. Ня зможа далей ні нармальна жыць, ні працаваць.

Расейскія камуністы, зьнішчаючы беларускую гісторыю, фальсіфікуючы і зачыняючы яе для цэлых пакаленьняў, стваралі непаўнавартасныя ўмовы культурнага разьвіцьця, спрыялі інтэлектуальнай люмпэнізацыі (адсутнасьці духоўных каштоўнасьцяў) і культурнай няразьвітасьці ў грамадзтве. А гэта выклікала дэфармацыю нацыянальнай сьведамасьці, неадэкватныя грамадзкія паводзіны народа.

Па-за культурай (гэта значыць, увогуле па-за культурным чалавечым грамадзтвам) чалавек не разьвіваецца як культурная індывідуальнасьць (дзічэе).

Выходзіць, што для нармальнага і праўдзівага існаваньня і разьвіцьця грамадзтва і чалавека неабходна, каб былі моцныя нацыянальныя (народныя, этнічныя) культуры, каб іх было шмат і каб людзі, жывучы ў сістэме адной нацыянальнай культуры, маглі рухацца па сьвеце (ці хаця б ведаць, што ў ім робіцца).

У рэальнасьці аднак, назіраюцца істотныя адхіленьні ад узору, узьнікаюць войны і канфлікты з мэтай захопу чужой тэрыторыі ды маёмасьці, прыдумваюцца пачварныя тэорыі ды ідэалёгіі, дзеля асіміляцыі ці вынішчэньня нацыяў, снуецца хітрая палітыка і таемная дыпляматыя, правакуецца культурная экспансія, міграцыі, дыверсіі, імпэрыялізм у культуры і г.д.

На працягу ўсёй гісторыі культурнага існаваньня людзей назіраецца пастаянная разбуральная тэндэнцыя: зьменшыць множнасьць культураў (якія ствараюцца ў выніку культурнага разьвіцьця чалавецтва.)

Найвыразьней гэтая зьява ўвасоблена ў ідэалёгіі, псіхалёгіі і палітыцы імпэрыі. Ці ёсьць у гэтым нейкі аб’ектыўны рацыянальны сэнс? На жаль, ёсьць. Для хутчэйшага і вышэйшага разьвіцьця культуры патрэбная ня толькі множнасьць, але і канцэнтрацыя магчымасьцяў, рэсурсаў, грамадзкай сілы. Так узьнікалі вялікія цывілізацыйныя імпэрыі, заснаваныя на крыві і касьцях загіблых народаў, дзе будаваліся велічныя храмы, калёны, помнікі, сфінксы, аквэдукі ды піраміды, тэатры ды стадыёны, а вайна была сродкам культурнага прагрэсу.

Канцэнтрацыя багацьцяў і культуры ў імпэрыях выклікала зайздрасьць малакультурнага, так званага "варварскага сьвету", зь якім імпэрыі вялі пэрманэнтныя войны. У выніку гэтакіх войнаў узьнікалі нават варварскія імпэрыі (напрыклад, Манчжурыя, Залатая Арда, імпэрыя Тамэрляна, Расея* і г.д.), якія пагражалі зьнішчэньнем любой культуры.

Цывілізацыйныя старажытныя імпэрыі зьнікалі, аднак, перш за ўсё, з унутраных прычынаў (заняпад маралі, духоўная дэградацыя), а ня толькі пад ударамі варвараў. Бо нішто ня можа доўга трываць, заснаванае на гвалце і крыві. На месцы імпэрыяў зноў ажывалі ацалелыя народы, адраджалася множнасьць культураў, якія разьвівалі свае народныя традыцыі і вельмі выбарачна засвойвалі культуру імпэрскую.

У ХХ-м стагоддзі разваліліся і спынілі сваё існаваньне, практычна, усе (акрамя Расеі) сусьветныя імпэрыі (у тым ліку, і каляніяльныя). Утварылася мноства нацыянальных і посткаляніяльных дзяржаваў. Назапашаны велізарны вопыт па самазахаваньні і адраджэньні нацыянальнай культуры.

У гэты ж час становіцца зразумелым (а ў канцы ХХ-га стагоддзя замацоўваецца ў палітыцы), што вялікая традыцыйная вайна (вайсковая франтавая кампанія) стала эканамічна непасільнай і эканамічна ня выгаднай, а вынікі яе — надзвычай разбуральныя і гвалтоўныя для культуры, якая, з ускладненьнем сваёй структуры, стала больш датклівай на разбурэньне.

Да пачатку ХХІ стагоддзя і спосабы вайны, і імпэрская палітыка пачалі мяняць аблічча. На месца "нэакаляніялізму" прыходзіць "глябалізацыя" (якая ўжо выклікала канфлікт з ісламскім сьветам), а замест традыцыйнай ваеннай акупацыі часьцей і часьцей ужываецца эканамічная вайна, распрацоўваюцца мэтады інфармацыйных, кібэрнэтычных, прапагандысцкіх, фінансавых войнаў, выкарыстаньне разьведкі, спэцслужбаў і г.д.

Дзяржаўная ўлада ў Рэспубліцы Беларусь (як я ўжо адзначаў раней) была захоплена Расеяй у выніку скаардынаваных дзеяньняў расейскіх спэцслужбаў і савецкага КГБ, з выкарыстаньнем дзеючых мэханізмаў фармаваньня ўлады. Гэта новы від вайны: акупацыя знутры пры дапамозе спэцслужбаў.

На працягу ўсіх гадоў гэтай вайны (з 1994-га) адбываецца пасьлядоўнае вынішчэньне асноваў беларускай культуры, гісторыі, эканомікі, незалежнасьці і дзяржаўнасьці. Старая імпэрыя з адсталай эканомікай, культурай, з традыцыйнымі ськіраваньнямі на захоп тэрыторыяў, на генацыд, тэрор і асіміляцыю (такую тэрарыстычную вайну яна вядзе ў Чэчэніі) распачала ў Беларусі новы мэтад вайны — ўнутраную акупацыю, расьцягнутую ў часе, шляхам стварэньня ўмоваў для самазьнішчэньня беларускай нацыі.

Экспансія любой імпэрыі (варварскай ці цывілізацыйнай) ёсьць заўсёды пагроза множнасьці культураў, духоўнаму і фізічнаму існаваньню народаў.

Прыклад зь Беларусяй яскравы, але можам паглядзець на сьвежы прыклад зь іншага боку: як адбываецца экспансія цывілізацыйнай глябалізацыі, наступ супэрімпэрыі. Якім мэтадам тут зьнішчаецца мова, культура, духоўныя традыцыі народаў (інакш бо "глябалізацыі" ці новага каляніялізму плянэты ня станецца). Гэты мэтад ёсьць культурны імпэрыялізм (распаўсюджаньне камэрцыйнай збочанай мас-культуры па рыначных каналах). "Культурны імпэрыялізм", распуста і збочанасьць агрэсіўнай мас-культуры ідуць наперадзе глябалізацыі і здольныя разваліць, зьнішчыць, спаганіць любую чалавечую культуру, "сажраць" любую мараль, разбэсьціць нармальнае грамадзтва.

Радыкальныя ісламісты ў Аўганістане (талібы) пачалі змагацца з культурным імпэрыялізмам даступным ім варварскім мэтадам (рэпрэсіямі) і вышлі з-пад кантролю супэр-імпэрыі. Праз нейкі час, пад выглядам злаўленьня Бін-Ладэна, які хаваўся ў Аўганістане, Аўганістан як дзяржава** быў сьцерты з твару зямлі тысячамі бомбаў ды ракетаў. Талібы перасталі існаваць.

Вось такое "радыкальнае ўмяшальніцтва", як кажуць у хірургіі. (Дарэчы, а дзе Бін-Ладан? Але, зрэшты, ня важна, дзе. Галоўнае, што ўсё у парадку і з "правамі чалавека", і з "ідэаламі дэмакратыі" таксама.)

Дадам толькі, што Аўганістан — стратэгічны ключ да Сярэдняй Азіі і ўсяго Ўсходу. Праз яго — ўсе шляхі. Гэта яшчэ Аляксандар Македонскі ведаў, калі туды ішоў рызыкаваць сваёй галавой і арміяй.

Такім чынам, там, дзе паўстае пытаньне аб існаваньні альбо аб становішчы народаў, заўсёды, першым чынам, узьнікае пытаньне аб нацыянальнай культуры. Усім да яе раптам зьяўляецца справа.

Але, можа, у Беларусі інакш, можа тут — нейкае выключэньне з правіла? Можа, і сапраўды, як кажуць саветы, "какая разница?".

Мэта сучаснай, "тэхналягічнай" вайны, гэтак жа, як і мэта традыцыйнай збройна-вайсковай кампаніі — аднолькавыя: захоп нацыянальнай маёмасьці, тэрыторыі і рэсурсаў. Культура сама па сабе менш цікавіць акупантаў, але, каб дасягнуць мэты, ім трэба зьнішчыць культуру. Бо культура, мова, гісторыя ёсьць кансалідуючым чыньнікам нацыі. Яны злучаюць народ, робяць яго сьведамым дзеля нацыянальных інтарэсаў, спрыяюць адпорнасьці народа пры замаху на ягоную ўласнасьць і свабоду. Без культуры народ раззброены.

Усьлед за стратай нацыянальнай культуры ідзе страта нацыянальнай ўласнасьці. Што гэта абазначае — тлумачыць няма патрэбы. Галечу і выміраньне, беднасьць. Зьнішчыўшы нацыянальную культуру, мову, гістарычную памяць народа, чужынцам значна лягчэй забраць ("прыватызаваць", купіць за бясцэн) нацыянальную ўласнасьць, напрацаваную пакаленьнямі, захапіць рэсурсы, фабрыкі ды заводы, зямлю, лясы, дарогі, ваду, нетры, палі ды паветра. Народ становіцца нікім і нічым на сваёй зямлі, якая робіцца ўжо не яго. Чалавек можа пайсьці, праўда, на працу, да новых гаспадароў-акупантаў, бо ім патрэбная будзе танная рабочая сіла. Але на гэтым пэрспэктыва яго і замкнецца.

Савецкага простага беларуса, які кажа "какая разница", ужо рыхтуюць да нявольніцкай пэрспэктывы. Лібэрал-калябаранты да таго ж яшчэ хлусьліва "растлумачаць" яму (па-руску), што, маўляў, ня мае значэньня, чыя ўласнасьць, важна гарантаваная праца, рабочыя месцы, заробкі. І савецкі "пралетар", даведзены да галечы гэтымі калябарантамі ды чужынцамі, павінен (па задуме) узрадвацца, што ўзамен за ягоную нацыянальную ўласнасьць дадуць яму пустыя гарантыі працы на прыбытак рабаўніку. (Як быццам нешта значаць гарантыі беднаму ды слабому.)

Ці вось іншы прыклад савецкага. Гандляр, прадпрымальнік робіць грошы, мае фірму. "Быстрэй бы пад Расію, — кажа мне гэты малады нявольнік. — Расійскія законы лушчэ для бізнеса. Тагда і мы паднімемся." Камэнтар непатрэбны.

Людзі, не аб’яднаныя нацыянальнай памяцьцю, гісторыяй і культурай, якія не разумеюць каштоўнасьці нацыянальнай культуры, страцілі нацыянальную культуру і адчужаныя ад яе, такія людзі ня ў стане валодаць нацыянальнай сьведамасьцю, зразумець нацыянальныя інтарэсы як свае інтарэсы і стварыць нацыянальную дзяржаву. Нават уласнасьць, якой яны асабіста валодаюць, будзе імі страчана ва ўмовах чужынскай акупацыйнай палітыкі, сутнасьць якой ім звычайна таксама — незразумелая.

Беларус, які валодае нацыянальнай сьведамасьцю, беражэ таксама і каштоўнасьці нацыянальнай культуры. Ён разумее: каб мець маёмасьць, памнажаць уласнасьць і стаць заможным, неабходная самастойнасьць і дзяржаўная незалежнасьць.

Каб лепш жыць у народзе, трэба найперш, рупіцца пра свабоду для народа, а не пра грошы для сябе. Бо ня маючы незалежнасьці і свабоды, людзі будуць працай сваёй узбагачаць тых, ад каго залежныя, тых, хто будзе над імі гаспадаром, хто будзе распараджацца ў іхным доме (у іхнай краіне). Калянізатар зацікаўлены ўзбагаціцца коштам і працай нявольніка, а ня тым, каб памножыць яго дабрабыт. У сваёй краіне трэба быць гаспадаром.

Некалі я напісаў для сябе малы верш (нібы зацемку, дзеля памяці):

- Ці хочаш свабоды?
- Хачу — дабрабыт.
- Ня будзеш яго мець.
Бо, каб стаць заможным,
Трэба быць незалежным.

Велізарнай каштоўнасьцю культуры зьяўляюцца талент і інтэлект нацыі (адукаваныя людзі). Гэтыя акамуляваныя каштоўнасьці зрабіліся ў сучасным сьвеце першаснымі рэсурсамі культурна-эканамічнага разьвіцьця народа (ня нафта, ня газ, не жалезная руда, а менавіта інтэлект).

Адначасна талент і інтэлект даўно ўжо сталі таварам міжнароднага клясу, які зь беларускага боку расходуецца за бясцэн, задарма нават у Афрыку, і проста марнуецца ад таго, што рэальна не існуе ў акупаваным беларускім грамадзтве абароны інтэлекту як нацыянальнай уласнасьці народу. Каб абарона існавала, патрэбна ня толькі незалежная нацыянальная палітыка, але і сьведамасьць нацыянальнага існаваньня.

Разважаючы пра нацыянальныя каштоўнасьці, зьвернем увагу на паяднаньне іхных духоўных і матэрыяльных кшталтаў. Тут выразна прасочваецца залежнасьць характару матэрыяльнага ўгрунтаваньня грамадзтва ад ўсьведамленьня ім духоўных, маральна-этычных і культурных здабыткаў нацыі.

Аказываецца, што свабода, эканамічнае разьвіцьцё і дабрабыт людзей у нацыянальным грамадзтве апасродкавана залежныя ад кшталтаваньня ў ім найперш духоўных і культурных каштоўнасьцяў нацыі (мовы, гісторыі, культуры, нацыянальных традыцыяў, маралі, этыкі, мастацтва, нацыянальнай ідэі, інтэлекту, усьведамленьне нацыянальных абавязкаў і г.д.).

Зрэшты, яно зразумела само сабой. Але пра дачыненьні культуры неабходна гаварыць. Нават пра самае відавочнае. Бо доўгі савецкі пэрыяд і затым — частковая ягоная рэанімацыя (антыбеларускі рэжым) зьмянілі шмат дзе сам характар думаньня людзей. Шмат каму падсьведама здаецца, што духоўныя інтарэсы ня маюць самакаштоўнасьці, што за ўсялякім духоўным зрухам стаіць матэрыяльны інтэрас.

Можа б яно так і выгляла, калі б чалавек ня жыў духоўным жыцьцём. Першаснасьць у канкрэтных выпадках можа быць дыскусійнай, але агульны вызначальны кшталт культуры, сувязь і ўзаемазалежнасьць — відавочныя.

Прыярытэтнасьць частак можна вызначыць па магчымасьці ўзнаўленьня цэлага. Страціўшы матэрыяльнае, але захаваўшы культуру і дух, усё можна ўзнавіць. Страціўшы культуру і дух, можам страціць і матэрыяльнае. І калі страцім, то без культуры, бяз духу, без ідэі ўжо нічога не адновім.

Бо лепш умець, чым мець, ня ўмеючы. Лепш ведаць, чым валодаць, ня ведаючы. Беларуская культура ёсьць найвялікшы нацыянальны скарб.

* Нагадаю ізноў, што "варварамі" раней звычайна называлі тыя народы (дзяржавы), якія не стваралі высокай культуры (гэта значыць, духоўнай, не ўжытковай культуры: літаратуры, тэатра, архітэктуры і т.п.), а займаліся, галоўным чынам, вайной, ваенным рабаўніцтвам і заваёўніцтвам. Расея мела характэрныя рысы варварскай імпэрыі. Расейскі Цар Мікалай І, які цараваў у ХІХ ст., характарызаваў Расею як "ваенную дзяржаву", а Сталін (у ХХ-м стагоддзі) рыхтаваў сусьветную рэвалюцыю, заваяваньне Эўропы і Азіі, перабудаваў усю імпэрыю на ваенна-лягерны лад.

** Дзяржаўная ўлада ў акупаваным войскамі НАТО Аўганістане мае фармальны характар і ў сапраўднасьці не выходзіць за межы Кабула.

Зянон Пазьняк
15.06.02

Дадаць у: