НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

ЛЕКЦЫЯ ПАМЯЦІ

ЛЕКЦЫЯ ПАМЯЦІ

Жыцьцёвы вопыт паказвае, што як бы ня быў чалавек упэўнены ў сабе, да пямяці трэба адносіцца асьцярожна і, па магчымасьці, правяраць яе нават калі няма сумненьняў. Падзеі майго жыцьця сутыкаліся, як ў калейдаскопе, на некаторыя нават не было часу зьвяртаць увагі. У другой палове 90-х я зразумеў праблему, якая можа ўзьнікнуць пазьней, і пачаў проста запісваць падзеі і даты. Асаблівасьць нашага розуму такая, што з цягам часу нейкія зьявы могуць злучацца ў памяці ў адну падзею, пераскокваць з адной рэальнасьці ў іншую і тады прыватны летапіс вельмі дапаможа разабрацца ў тым, што было.

Наш слаўны доктар навук Алесь Краўцэвіч, дарма што гісторык, відаць такога запісу падзей не вядзе, і таму нядаўна на тэлебачаньні на правакацыйнае разважаньне рэдактара С. Калінкінай, якая, гэтак акуратна круцячы галоўкай, пачала ахайваць маю асобу, ён сказаў наступнае: "Я яго бачыў на другі дзень, як ён выехаў зь Беларусі. Мы сустрэліся ў Кракаве даволі выпадкова. Там быў і Сяргей Навумчык (тут рэдактарская купюра тэксту ў відэа) ... Зянон Пазьняк і ад людзей я таксама чуў. Я ўбачыў у вачах гэтых людзей жах сьмерці, рэальнай; непрыдуманай, а рэальны жах сьмерці, і таму... (тут зноў рэдактарская купюра тэксту ў відэа).

Тролінг спадарыні рэдактар прайшоў бы незаўважна, як шэраговая пакасьць (да якіх прывыклі), калі б памяць Алеся Краўцэвіча не сыграла зь ім злы жарт, які абурыў людзей у сучасных справах больш абазнаных. Зьявіліся рэзкія публікацыі і камэнтары, дзе ўсыпалі не журналісцкаму тролінгу, а ... доктару Краўцэвічу, які памыліўся. Менавіта таму я павінен напісаць тут некалькі слоў.

Я вымушаны быў пакінуць Менск ў канцы сакавіка 1996 года і ад’ехаць у Кіеў. Ў Кіеве мы былі з Сяргеем Навумчыкам пару тыдняў, потым ад’ехалі ў Прагу. У другой палове красавіка мы выехалі з Прагі ва Ўроцлаў. Працавалі там каля двух тыдняў (часам рабілі па восем выступаў у дзень). Пасьля Ўроцлава мы выехалі ў Варшаву і працавалі там доўгі час, выяжджаючы ў розныя гарады Польшчы (наша задача была раскрыць сутнасьць антыдэмакратычнага рэжыму Лукашэнкі, бо тады ў сьвеце яшчэ ніхто пра тое ня ведаў). У траўні мы былі запрошаныя ў Кракаў. Вяртаючыся ў Варшаву, я выпадкова спаткаў на чыгуначным вакзале Алеся Краўцэвіча, нашага былога асьпіранта ў Інстытуце Гісторыі (дарэчы, нашай тады надзеі ў гістарычнай навуцы). Мы паразмаўлялі некалькі хвілін пра яго вучобу і працу.

Вось увесь факт, які праз дваццаць гадоў перакруціўся ў Алесявай памяці да непазнавальнасьці. Асабліва рассьмяшыў мяне "жах сьмерці" ў нашых вачах.

Нагадаю (адмыслова для тых, хто чытае і слухае троляў), што палітычная эміграцыя -- гэта ня толькі пазьбяганьне сьмерці і несвабоды, але перш за ўсё магчымасьць працягу барацьбы і палітычнай дзейнасьці. Так было ў беларускай гісторыі заўсёды. Палітычны ўцякач -- гэта ваяр у пераносным і (па цяперашніх жыцьцёвых фактах) нават у літаральным сэнсе. Па-за гэтымі магчымасьцямі палітычная эміграцыя ня мае сэнсу. Яе такой бяссэнсоўнай і не існуе.

Нянавісьць супраць майго імені і жах у вачах нашых палітычных ворагаў, які не зьнікае і ўжо дваццаць гадоў перакошвае іхныя абліччы , выкліканы якраз гэтымі нашымі справамі і нашай пазыцыяй. Яны ведаюць, што ёсьць людзі, якія ўсё памятаюць і нічога не даруюць.

 

22 лютага 2016 г.                                                                                                  Зянон Пазьняк

Дадаць у: