НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Артыкулы

ЛОШЫЦА – МЕСЦА ЗАБОЙСТВА НАРОДА

ЛОШЫЦА – МЕСЦА ЗАБОЙСТВА НАРОДА

Дарагія землякі, паважаныя фронтаўцы.
Працягваюцца нашыя восеньскія пакутныя Дзяды. Сёньня мы ў Лошыцы – страшным месцы расстрэлаў людзей, якія рабілі ў 1937 годзе расейскія энкавэдзісты. Усе яны маскаваліся пад саветаў ды камуністаў, але праводзілі тыповы генацыд беларускага народа – забойства па нацыянальнай і сацыяльнай прыкмеце.

Мне пашчасьціла яшчэ ў 80-х гадах знайсьці і размаўляць тут, у Лошыцы, з жывым сьведкам расстрэлаў людзей – спадарыняй Верай Шумскай. Тут, у вялікім яры, што цяпер знаходзіцца пад асфальтам і гаражамі, расстрэльвалі людзей на працягу ўсяго 1937 году. Прывозілі ў «хапунах», але часам нават у адкрытых грузавіках, найбольш мужчынаў са зьвязанымі рукамі. Пачыналі расстрэльваць, як правіла, у 6 гадзін раніцы.

Можна дапусьціць, што тут забітыя і закапаныя тысячы беларусаў. Колькасьць забітых можа даходзіць да 10 тысяч.

У канцы 1980-х гг., калі я ўжо зьбіраў археалагічны атрад і хацеў пачаць тут археалагічныя раскопкі, выявілася, што сюды раптоўна нагналі шмат тэхнікі і засыпалі расстрэльны яр буйназярністым галечным жвірам. Пазьней заасфальтавалі і пабудавалі гаражы. Так КГБ-НКВД ратавалася ад адказнасьці за свае злачынствы.

Вяршыня машыны вынішчэньня нашага народа знаходзілася ў Маскве. Але забойцы, тыя, хто выконваў антычалавечыя загады і расстрэльваў людзей у Беларусі, нясуць такую ж адказнасьць, як і арганізатары генацыду.

Цяпер, калі ў Беларусі і Расеі ўстаноўлена ўлада рускага гэбізму (і КГБ стаў палітычнай сілай), увесь час назіраецца імкненьне разбурыць і абылгаць магільнікі – месцы масавых зьнішчэньняў і расстрэлаў людзей, альбо хаця б перакруціць, заблытаць, абнізіць іхняе сакральнае значэньне.

Тыповым фактам такой падрыўной дзейнасьці гэбоўскай канторы ёсьць мэтадычнае псаваньне крыжоў Народнага Мэмарыялу ў Курапатах і мэтадычнае абылганьне сутнасьці гэтага магільніка расстралянага народа. Намі зафіксаваныя пастаянныя экскурсіі ілжы для замежнікаў і дыпламатаў, арганізатарам якіх зьяўляецца падпалкоўнік І. Кузьняцоў. Апошняя правакацыя гэтай асобы ў Курапатах накіраваная на фальсіфікацыю Курапатаў і польскай нацыянальнай памяці з мэтай выклікаць непаразуменьні паміж беларусамі і палякамі. Гэтая гнюсная акцыя зьвяртае на сябе асаблівую ўвагу і паказвае на неабходнасьць прыняць дадатковыя ахоўныя захады супраць агрэсіі расьперазаных адэптаў антынароднай канторы. Ня думаю, што далей усё гэта можна цярпець.

Ні ў Курапатах, ні ў Лошыцы, ні пад Воршай, ні ў Гомлі, ні ў Віцебску — нідзе кагэбізм больш ня пройдзе. Час чэкісцкай банды канчаецца беспаваротна. Наперадзе ў іх толькі расплата.

Беражэм жа моцна нашых Дзядоў, нашую памяць і годнасьць перад продкамі. Не кідайма сьвіньням пад ногі нашае дараваньне там, дзе дараваць немагчыма, дзе за злачынства супраць чалавецтва кожная нелюдзь і іх пакрывальнікі мусяць атрымаць поўнаю мерай спаўна.

4 лістапада 2012 г. Зянон ПАЗЬНЯК

Дадаць у: