НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

МЭМАРАНДУМ АБ ТЭРАРЫСТЫЧНАЙ УЛАДЗЕ*

МЭМАРАНДУМ АБ ТЭРАРЫСТЫЧНАЙ УЛАДЗЕ*

(*Гэты мэмарандум пасланы ў структуры кіраўніцтва Эўразьвязу і АБСЭ дзеля інфармацыі аб ацэнках і пазыцыі беларускага нацыянальна-вызвольнага змаганьня супраць прамаскоўскага тэрарыстычнага рэжыму ў Беларусі.)

--------------    

Аўтарытарны пэрсаналісцскі рэжым Лукашэнкі, устаноўлены ў Беларусі 26 гадоў таму пры дапамозе Расеі, сканцэнтраваў у сваіх руках неабмежаваную ўладу ў дзяржаве. Улада Лукашэнкі на сёньняшні дзень зьяўляецца адной са злавесных зьяваў ў гісторыі антынародных рэжымаў ў Эўропе. Існаваньне такой сістэмы ўлады ёсьць выклікам для Эўрапейскай цывілізацыі.    

Палітычная дзейнасьць Лукашэнкі і незаконнае ўтрыманьне ім пасады прэзідэнта накіравана на выкарыстаньне дзяржавы і грамадзтва для ўласных інтарэсаў і патрэбаў бліжэйшага атачэньня.

Характэрнасьцю рэжыму зьяўляецца яго агрэсіўная антынацыянальнасьць. Улада Лукашэнкі арыентуецца на Маскву і вядзе палітычную вайну супраць беларускай нацыі. На працягу 26 гадоў праводзілася мэтанакіраваная палітыка па вынішчэньні беларускай культуры, беларускай мовы, беларускай самаідэнтыфікацыі і беларускай нацыянальнай эліты. Такі падыход рэалізоўваўся праз працэс сістэмнай русіфікацыі ў інтарэсах чужой дзяржавы. Гэты працэс меў ўсе прыкметы этнацыду, які ў апошні год набыў форму генацыду Беларускага народу.     

У пэрыяд пратэстных мірных дэманстрацыяў 2020 года сілавыя структуры па загаду Лукашэнкі забілі больш дзясятка людзей, пакалечылі ў турмах у выніку катаваньняў тысячы беларусаў. Праз вязьніцы прайшло больш за 34 тысячы чалавек, сотні людзей пазбаўлены свабоды на доўгія тэрміны. Мноства людзей зазналі перасьлед і вымушана пакінулі Беларусь.

Вельмі часта пад рэпрэсіі трапляюць людзі, якія апранутыя ў колеры нацыянальнага бел-чырвона-белага сцьяга, альбо маюць ў адзеньні камбінацыю гэтых колераў. Апошнім часам ўлада намагаецца пераўтварыць нацыянальны сцяг і гэрб у сімвалы гітлерска-нацыскай акупацыі Беларусі.

Судовая сістэма цалкам пераўтварылася ў механізм рэпрэсій; факты гвалту, палітычна матываваныя забойствы ігнаруюцца, непасрэдных ўдзельнікаў злчынстваў (забойстваў) апраўдваюць, а ахвяры пераўтвараюць ў злачынцаў. Так было, напрыклад, ў справе Генадзя Шутава, які быў забіты вайскоўцамі спэцназу 11 жніўня 2020 году ў Берасьці.

Міністар унутраных справаў і кіраўнікі сілавых структур ня толькі пагражаюць забойствам людзей, абяцаюць страляць і "палонных ня браць", але непасрэдна ўдзельнічаюць ў рэпрэсіях супраць грамадзян. 

Фактычна, у Беларусі ўсталявалася калектыўная вайсковая дыктатура, што было канчаткова аформлена дэкрэтам Лукашэнкі “Пра абарону суверэнітэта і канстытуцыйнага ладу”, які надае неканстытуцыйнаму воргану, Радзе Бясьпекі, надзвычайныя паўнамоцтвы.

17-га траўня 2021 года быў прыняты чарговы "закон", згодна якога войска, міліцыя, іншыя сілавыя структуры, функцыянеры судоў, пракуратуры і дзяржаўных устаноў улады маюць права страляць у дэманстрантаў з баявой зброі на паражэньне і не нясуць адказнасьці за забойствы і калецтвы людзей.  Гэта сьведчыць аб заканадаўчым афармленьні тэрарыстычнай улады. Тэрарызм стаў калектыўным прадуктам лукашысцкага кіраваньня, што зьяўляецца злачынствам супраць чалавецтва. 

За ўзор палітыкі гэты рэжым узяў дзейнасьць ўлады часоў гітлераўскай Нямеччыны і сталінскага СССР, аб чым асабіста заяўлена Лукашэнкам. 

Пацьвярджэньнем антыбеларускай палітыкі Лукашэнкі ёсьць нядаўняя заява Міністра замежных спраў рэжыму Уладзімера Макея, які папярэдзіў Захад, што ў выпадку санкцыяў супроць рэжыму ўлада зьнішчыць у Беларусі грамадзянскую супольнасьць.

Гэтая антычалавечая палітыка абцяжарваецца небясьпечным дыягназам здароўя Лукашэнкі, які ацэньваецца спэцыялістамі як паранойнае расстройства псіхікі асобы, якая характарызуецца маніякальным шуканьнем ворагаў, змоваў і пабуджэньнем адпомсьціць усім нязгодным. 

Маніякальным станам сьвядомасьці абумоўлена прымусовая пасадка у Менскім аэрапорце па загаду Лукашэнкі пад пагрозай ваеннай авіяцыі пасажырскага самалёта Афіны – Вільня зь беларускім апазыцыянерам-эмігрантам Раманам Пратасевічам на борце і незаконны арышт гэтага чалавека.

Мы інфармуем міжнародную супольнасьць, усьведамляючы, што зьмяніць уладу антыгуманнага рэжыму, у якім ўжо адкрыта праяўляюцца якасьці фашыскай дыктатуры, можа толькі сам Беларускі народ. Але мы спадзяемся на разуменьне нашай барацьбы і на падтрымку міжнароднай супольнасьці.   

Відавочна, што Лукашэнка намагаецца захаваць сваю ўладу шляхам сістэмнага тэрору і застрашэньня людзей, тым ня менш, беларускае грамадства будзе працягваць сваю барацьбу дзеля свабоды, дэмакратыі і незалежнай будучыні Беларусі.  

 

9 чэрвень 2021 г.                Беларускі Нацыянальны Сакратарыят

 

www.narodnaja-partyja.org

Дадаць у: