НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

МІРНАЯ СІЛА -- НАША ЗБРОЯ

МІРНАЯ СІЛА -- НАША ЗБРОЯ

Адмыслова праслухаў апошнія выступы рэжымнага начальства -- кіраўнікоў МУС, пракуратуры, прапаганды (ТV), агентуры (вядомай ўжо).

Дзіву даешся, як можна падабраць і адсартаваць столькі балваноў. Ім ўсім карціць справакаваць бойню з народам і (sic!) пусьціць супраць людзей войска, падставіць ваенных і замазаць іх у крыві (ато яны яшчэ чысьценькія).

Рэжымныя начальнікі адчуваюць, што імкліва прайграюць. Ідзе нацыянальнае, сацыяльнае і дэмаграфічнае яднаньне нацыі. Яднаньне пакаленьняў. Асабліва тое стала відаць пасьля масавага пратэсту пэнсіянераў.

Людзей б’юць, ганяюць, хапаюць, страляюць, кідаюць у іх гранаты (абсалютна не матывавана), правакуюць, а людзі не паддаюцца і цаной вытрымкі крок за крокам салідарызуюцца і мацнеюць.

Мірны масавы характар рэвалюцыі -- ў гэтых умовах паліцэйскага фашысцкага рэжыму, дзе ня дзейнічаюць законы, ёсьць пакуь што галоўная зброя народа. Рэжым губляе ўпэўненасьць, ужо ня ведае, што рабіць. Яму пачынаюць здаваць нэрвы. Сістэма пачынае дэзарганізавацца знутры.

У гэтых ўмовах важна працягваць мірныя масавыя пратэсты. Важна захаваць масавасьць і мірны характар, не паддавацца на правакацыі, мець розум і вытрымку, ня даць рэжымным бандытам задзейнічаць супраць людзей яго збройны арсэнал. Трэба выйграць змаганьне, зьбярогшы людзей, разумеючы, што вар’ят і сілавая пачка, якую ён стварыў, здольныя патапіць у крыві ўвесь Беларускі народ.

Абавязкова трэба мець народныя дружыны па ахове парадку і дэманстрацыяў людзей. Яны, дружыньнікі, перш за ўсё павінны ахоўваць людзей ад нападаў бандытаў, сачыць і спыняць правакатараў. Нельга дапускаць спальваньне пакрышак (карцінка для антынароднага тэлебачаньня). Дружыны выпрацоўваюць свой спосаб абароны. Але павінна быць каардынацыя зь іншымі дружынамі і ўзгодненасьць абароны.

Вельмі важна, каб згуртаваліся і падтрымалі рабочыя, вялікія і малыя заводы і прадпрыемствы. А гэта адбудзецца. Патрэбна воля і вытрымка. І разуменьне, чаму тое патрэбна.

Вайскавікам ў адстаўцы, афіцэрам, якія падтрымліваюць пратэсты, трэба размаўляць з афіцэрамі і камандаваньнем 120-й брыгады, пакуль "Таракан" і "мянты" не падставілі іх пад народную кроў. Я не выключаю, што напалоханы ўзурпатар, які лётаў з аўтаматам, у выпадку афэкта гатовы будзе пусьціць танкі па праспэкце сталіцы.

Гэта вар’яцтва, якое, аднак, спыняецца адным манэўрам. Танкі выяжджаюць пад Бел-Чырвона-Белымі Сьцягамі, акружаюць рэзідэнцыю псіхапата і даюць усім тры хвіліны на выхад, перш чым адкрыць агонь.

Дзьве гадзіны -- і скончыцца ўвесь 26-гадовы кашмар. Далей Гаага, альбо Народны Трыбунал. І Масква ня сунецца -- бо войска. Па-суседзку можам і пагаварыць. Мы мірныя людзі. Вяртаемся на працу. Адбудоўваем сваю краіну.

Вядома, да такога "манэўру" трэба сасьпець. Грукат "бэтээраў" супроць людзей больш рэальны. Але размаўляць трэба. Не марнуйма часу. Узурпатар нават у турму швэндаецца, каб заангажаваць ім жа арыштаваных прарасейскіх наіўнячкоў на супрацоўніцтва. Не пакідайма яму ініцыятывы.

------------------------------------------

POST SCRIPTUM. Сёньня (13-10-2020) у сеціве зьявіўся чарговы пэрл дарадцаў Ціханоўскай (ад яе імя) – «ультыматум Лукашэнку». Ён павінен зыйсьці ў адстаўку. Калі за 13 дзён патрабаваньне Сьветы ня будзе выканана і Лукашэнка не адмовіцца ад улады, то тады, як напісана -- «уся краіна выйдзе на вуліцы» (відаць па загаду Ціханоўскай) і «26 кастрычніка пачнецца нацыянальны страйк усіх прадпрыемстваў, блякаваньне ўсіх дарог, абвал продажаў у дзяржаўных крамах».

Такое ўражаньне, што ў нас у палітыцы зноў зьявілася нешта неадэкватнае. Сьвета ўявіла сябе лідэрам пратэстаў.

Але па справе. «Ультыматум» – гэта правакацыя пад разгром народа, бо сітуацыя да агульнага «страйку», «блакаваньня», «абвалу» і іншага яшчэ ня высьпела. Сілавы рэжым толькі і чакае ініцыятывы абвастрэньня з боку людзей. Генэралы аж дрыжаць ад нецярпеньня прымяніць збройную сілу і штурхаюць людзей да агрэсіі, бо час працуе не на іх і яны тое адчуваюць.

Рашучыя дзеяньні ўсёй нацыі мусяць быць адказам на «ініцыятыву» сілавога рэжыму, а не наадварот. Палітычны інфантылізм і гульня «у Сьвету» некалі сапраўды можа беларусам нашкодзіць. Ня трэба зьвяртаць ўвагі на такія заявы.

 

13 верасень 2020 г.                         Зянон Пазьняк

 

narodnaja-partyja.org

Дадаць у: