НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

МОМАНТ ПРАЎДЫ

МОМАНТ ПРАЎДЫ

23 жніўня адбылася знакавая падзея, магчыма, нечаканая шмат для каго. А падзея, запісаная на відэа ў Сеціве, такая. Лукашэнка зьявіўся ў двары палаца ў чорным адзеньні, у міліцэйскай бронекамізэльцы і з аўтаматам у руках. Побач клыпаў яго непаўналетні Коля, таксама з аўтаматам на перавес.

Наступныя кадры паказваюць Лукашэнку на перагароджанай жалезнымі канструкцыямі вуліцы, за якімі стаяць чорныя баявікі АМАПу. Лукашэнка вітае іх, кажа "спасиба" і падымае ўгару аўтамат. Пры гэтым паказвае ў бок вуліцы, дзе нядаўна былі людзі, і кажа: "А с ними мы разберомся".

Першае эмацыйнае ўражаньне, што ў пацыента абвастрэньне псіхапатыі, і ён дрэнна сябе кантралюе. Добра відаць, што ён неадэкватна бачыць сьвет і падзеі ў ім. Далейшыя развагі і аналіз паказваюць, што ўсё тут зроблена рацыянальна, з першых жа кадраў, дзе Лукашэнка з аўтаматам сядзіць у верталёце і аглядае зьверху Менск, аглядае людзей на пратэстным маршы, аддае каманды. Потым ідуць кадры, калі ён выходзіць зь верталёта, трымаючы ў руках аўтамат і г. д. Успамінаецца чамусьці знакаміты фільм Лені Рыфэншталь, калі фюрэр ляціць на самалёце да народа. (Фармальныя прыёмы пераклікаюцца.)

Змантажаваны ролік тут жа быў выкладзены ў Сеціва. Значыцца, кліент пагадзіўся на здымку і на паказ. І тут пытаньне: навошта гэта зрабілі? Не было і няма такой сітуацыі і прычыны, каб браць у рукі зброю.

На мой погляд, тут не абышлося бяз рускіх паліттэхнолагаў, якія цяпер таўкуцца ў Беларусі і навучыліся кіраваць лукашэнкавай псіхапатыяй. Калі гэта так, то расейскія "спэцы" , такія ж злачынцы, як і іхны кліент, толькі яшчэ большыя, бо кліент усё ж хворы.

Логіка "спэцоў" магла быць такая. Апора Лукашэнкі ёсьць сілавыя структуры, і найперш -- АМОН, часткова -- дзяржапарат. У гэтых структурах зьявіліся элемэнты бражэньня і няўпэўненасьці ў паводзінах "гаспадара". Каб зьліквідаваць няўпэўненасьць і апасеньні, Лукашэнка ўлазіць у бронекамізэльку, бярэ аўтамат, ідзе да баявікоў АМОНа і дэманструе ўсім сілавым структурам, што ён зь імі разам, што ён іх не пакіне ў складаных абставінах, што ён у іх верыць і дзякуе. У адказ чуецца завучаны вокліч: "Мы з вамі да канца!"

Такім чынам, у знакавай форме Лукашэнка заручыўся падтрымкай сілавых структур, ліквідаваў іхныя сумненьні і павязаў сябе зь імі.

Напэўна, для Лукашэнкі гэта галоўнае, і ён пагадзіўся на пастаноўку. Але скарысталіся маскоўскія паліттэхнолагі.

Дэманстрацыя аўтамата супраць мірнага народа -- гэта міжнароднае палітычнае харакіры. Ніякіх больш інвэстыцыяў і крэдытаў, і ўвогуле -- сур’ёзных дачыненьняў з рэжымам ня будзе, плюс гарантаваныя санкцыі. Куды падацца ўзбуджанаму "саюзьніку"? Зразумела куды -- да Пуціна і ў маскоўскае ярмо.

І трэці аспэкт, дзе таксама пакарысталіся рускія паліттэхнолагі. Убачыўшы пацыента з аўтаматам у неадэкватных абставінах, усе беларусы мусілі б зразумець, што пагрозы Андзіжанам і напамінкі пра "друга Рахмона" -- не пусты намер у запаленчай сьвядомасьці Лукашэнкі. Ён гатовы страляць у народ. Забойствы і катаваньні людзей 9-12 жніўня гэта пацьвярджаюць. Ён ужо пачаў тое рабіць.

Чацьвертае -- неадэкватнасьць Лукашэнкі з аўтаматам, цалкам лажыцца на характар цяперашняй рускай прапаганды супраць Беларусі. Яны там цяпер амль ашалелі ад хлусьні, кажучы, што ў Беларусі вышлі на вуліцы зграі наркаманаў, бандытаў, заходніх дыверсантаў і хуліганаў. (Гэта падрыхтоўка фона ў Расеі дзля інтэрвенцыі ў нашу краіну.) А расейскі міністар замежных справаў Лаўроў (інтэлігнетны здавалася б чалавек, дыпламат), дык (як некалі пра ўкраінцаў) сказаў, што і мовы такой беларускай не існуе, бо яна ў значнай частцы штучная. У іх, што міністар, што апошні гопнік -- аднолькавы маральны ўзровень.

Для Масквы накручваньне псіхозу Лукашэнкі таксама зручная справа, бо ствараюцца абставіны, што Лукашэнка ўсё больш пагружаецца ў забойствы і патанае ў крыві. У залежнасьці ад абставінаў, Крэмль можа прыйсьці "дапамагаць" альбо "беларускай дэмакратыі" (ініцыяванай Крамлём), альбо "законна выбранаму прэзыдэнту". Вынік для нас можа быць аднолькавы -- страта суверэнітэту і свабоды.

Дэманстрацыя аўтамата засьведчыла тое, што ні пры якіх абставінах узурпатар улады не аддасьць. Яму пры дапамозе Масквы ўдалося непад’ёмнае -- прыватызаваць краіну, і таму ён зацята, як сабака ля будкі, рычыць: "Страны не отдадим", "страну вы не палучыце".

"Вы" -- гэта беларускі народ. Хаця фармальна ўзурпатар прамаўляе пра нейкіх міфічных ворагаў.

Адзіны шлях зьмяніць уладу ў такіх абставінах -- арыштаваць Лукашэнку. Аднак расколу кіроўных элітаў не адбылося, і пасьля дэманстрацыі аўтамата, відаць, ужо не адбудзецца. Праўда, рэвалюцыя (нават такая мірная, як цяпер) мае тую асаблівасьць, што нічога нельга наперад прадбачыць.

Зразумела, што пратэстны рух трэба нарошчваць. Ён кансалідуе нацыю, спараджае арганізацыйныя ініцыятывы і новыя формы змаганьня. Галоўнае, што трэба ведаць (і чаго баяцца непрыяцелі) -- гэта тое, што толькі беларускі нацыянальна-вызвольны рух з апорай на нацыянальныя інтарэсы і нацыянальныя каштоўнасьці можа прывесьці да перамогі. І таму -- яднаймася на беларускіх інтарэсах, на беларускіх ідэалах і на беларускіх каштоўнасьцях. Шануйма нашу Беларусь, нашу свабоду, нашу Беларускую мову, нашы сьвятыя нацыянальныя сімвалы, нашыя песьні, наш беларускі вольны дух і наш народ.

Слава Айчыне! Жыве Беларусь!

 

25 жнівень 2020 г.                                              Зянон ПАЗЬНЯК

 

www.narodnaja-partyja.org

Дадаць у: