НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Артыкулы

Народнае галасаваньне - праўдзівы шлях

Народнае галасаваньне - праўдзівы шлях

(Зварот да прыхільнікаў і сяброў Фронту)

Паважаныя сябры і прыхільнікі вольнай Беларусі. Пройдзены 1-ы этап перадвыбарчай кампаніі. Мы ідзём з новай канцэпцыяй выбараў. Ёсьць плюсы і мінусы. Безумоўны плюс – гэта тое, што на працягу месяца мы мелі магчымасьць голасна інфармаваць грамадзтва пра Народнае галасаваньне. Добра тое, што людзі разумеюць правільнасьць гэтага шляху. Мінус – гэта тое, што ЦВК, парушаючы закон, заранёў адмовіла нам у прызнаньні сабраных подпісаў і гэтым заблякавала магчымасьць майго легальнага вяртаньня на Беларусь.

Аналізуючы гэтую падзею, трэба разумець, што рэжым гатовы быў нават дапусьціць мяне ў выбары, мяркуючы, што я буду сьлепа ўдзельнічаць у іх па ягонай фальсіфікацыйнай схеме, дзе Лукашэнка “выйграе” зь вялікім адрывам, а потым ужо прапаганда патопчацца па маёй асобе ўволю.

Толькі ў сярэдзіне студзеня, убачыўшы станоўчае ўспрыняцьце людзей, рэжым цалкам зразумеў, што такое Народнае галасаваньне і чым гэта можа для яго скончыцца. У выніку зьявіўся ўльтыматум ЦВК аб непрызнаньні подпісаў, пачаліся затрыманьні і арышты нашых групаў.

Нашае рашэньне не здаваць подпісы ў палітыканскую ЦВК было ў гэтых умовах цалкам правільным рашэньнем. Мы захавалі прыстойнасьць, аблічча арганізацыі і зьбераглі нашых прыхільнікаў, што падпісаліся за мяне, засьцераглі іх ад траўлі і магчымага перасьледу.

Мы не адмовіліся (ня “выйшлі”) з выбарчай кампаніі – як радасна кажуць пра гэта непрыяцелі Беларушчыны (бо ім так хацелася б). Наша сапраўдная праца на Народным галасаваньні толькі пачынаецца. Нас радуе разуменьне і падтрымка людзей ідэі Народнага галасаваньня. Мы працягваем нашу дзейнасьць у выбарчым працэсе цалкам законна і годна, не спыняючыся перад цяжкасьцямі, якія стварае нам антыбеларускі рэжым. Мы памятаем, што толькі “Народнае галасаваньне” можа цяпер запачаткаваць рэальныя перамены і сапраўдныя выбары.

Выказваю шчырую падзяку ўсім сябрам Партыі Фронту і нашым прыхільнікам, якія прынялі ўдзел у зборы подпісаў. Ваша праца была недарэмнай, яна забясьпечыла, найперш, інфармацыю пра Народнае галасаваньне, выявіла патрыётаў Бацькаўшчыны, якімі мы даражым, і зь якімі яднаем нашу волю.

Недахоп часу магчыма не дазволіць нам распаўсюдзіць Народнае галасаваньне на ўсю Беларусь. Прапаную сканцэнтравацца найперш на сталіцы і на вялікіх гарадах і крок за крокам рабіць нашу працу, сэнс якой мы добра разумеем, набліжаючы волю і будучыню дарагой Бацькаўшчыны.

Зянон Пазьняк

Старшыня Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне і
Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ

2 лютага 2006 г.

Дадаць у: