НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

НАШЧАДКІ ЗАБОЙЦАЎ ПЕРАВОДЗЯЦЬ СТРЭЛКІ

НАШЧАДКІ ЗАБОЙЦАЎ ПЕРАВОДЗЯЦЬ СТРЭЛКІ

Пасьля адкрыцьця і афіцыйнага дасьледваньня Курапатаў (і потым афіцыйнага прызнаньня саветамі расстрэлаў НКВД у гэтым месцы) на працягу добрага дзясятка гадоў гэбісцкая прапаганда распаўсюджвала хлусьню, што там, маўляў, забівалі не беларусаў і не савецкія энкавэдзісты, а “немецко-фашістскіе захватчікі”  расстрэльвалі “евреев”. Гэбоўскую качку падтрымлівалі самы гэбісты і ветэраны НКВД (якія за саветамі па разнарадцы прыяжджалі падыхаць ў Беларусь). Габрэі добра ведаюць сваю гісторыю і галакост. Літаральна ніхто не купіўся на гэбоўскую правакацыю.

Але не здарма гэбісты ў сваіх вучэльнях вывучаюць практыку подласьці. Гнюснасьць – амаль прафэсія. Цяпер кантора выпрабоўвае іншую супольнасьць, якую зьбіраецца акалпачыць. Да Курапатаў пачалі прывязваць катынскіх ахвяр -- расстраляных польскіх афіцэраў. У мінулым годзе падпалкоўнікам Кузьняцовым і групай асобаў была спроба шумнай правакацыі ў Курапатах на гэтую тэму. Правакацыя правалілася, але пайшлі хвалі канторскай прапаганды (найперш ў Сеціве, дзе ўсё ананімна). І вось ў Курапатах ўжо пачалі зьяўляцца першыя ашуканыя палякі, якія прыехалі наведаць “магілы польскіх афіцэраў”.

Энкавэдзісты, трэба сказаць, зьвяртаюцца не толькі да псіхалогіі подласьці, але і да этнічнай мэнтальнасьці. Габрэяў на мякіне не купілі, дык вырашылі выпрабаваць польскі “пакутніцкі патрыятызм” і “міфалогію нацыянальнай ахвяронасьці”. Як кажуць, ня тлуста, але рэдзенькія вынікі ўжо спатыкаюцца. Нядаўна ў Курапатах бачылі польскую сямейную пару, якая прыехала ў Курапаты паглядзець на пахаваньні “ста тысячаў польскіх афіцэраў”. (Яны казалі, што пра гэта прачыталі ў Інтэрнэце).

Істотна, што гэта не кур’ёз даверлівых людзей, а вынік новай сістэмнай дэзінфармацыі і адносіцца да гэтага трэба адпаведным чынам. Тут інфармацыйная вайна.

Вынік мэтанакіраванай інфармацыі уплывае на розумы людзей так, як яна пададзена, калі няма іншай. Прыклад – Катынь. У трыццатых гадах у Катынскім лесе нкавэдзісты даўно расстрэльвалі людзей (“врагов народа”) і закопвалі ў ямы. Гэта яшчэ адны беларускія Курапаты пад Смаленскам. Хто пра гэта ведае? Каму балела гэтая праўда? Хто цікавіўся лёсам расстраляных “савецкіх” людзей?  Бальшавікам, расейскім энкавэдзістам казаць пра гэта – сабе ж на шкоду. Палякам – дай Бог разабрацца са сваімі. Беларусам? Пра беларусаў увогуле  мўчок. У 30-х гадах у БССР былі падрыхтаваныя дакуманты аб вяртаньні Смаленска, нашай усходняй сталіцы (дарэчы, бальшавікі аб’явілі ўтварэньне БССР якраз у Смаленску). Ініцыятары гэтага вяртаньня цяпер ляжаць хутчэй за ўсё ў Курапатах, а часткова, магчыма, у тым жа Катынскім лесе. (Між іншым, з прыходам гітлераўцаў увесь смаленскі НКВД перайшоў на службу да немцаў. Зь яго было ўтворана жудасная смаленская СД, якая ў час гітлерскай акупацыі зьверствавала ў Менску).

Новыя маніпуляцыі маніпулятараў на тэму Курапатаў скончыцца для канторы некарысна, бо ўсіх людзей у СССР растрэльвала гэтае антычалавечае ведамства па загаду Сталіна і расейскіх кіроўных камуністаў. І як бы не круціліся нашчадкі спраўцаў генацыду – праўда будзе для іх суровай.

 

11 чэрвеня 2013 г.                                                                           Зянон Пазьняк

 

 

 

Дадаць у: