НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Артыкулы

НЕ ГАЛАСУЙЦЕ ЗА ГАНЬБУ!

НЕ ГАЛАСУЙЦЕ ЗА ГАНЬБУ!

Пасьля расейскай ваеннай агрэсіі супраць Грузіі шмат хто ў Беларусі і ў Эўропе загаварылі пра геапалітычны выбар, які паўстае перад рэжымам Лукашэнкі. Здаецца, што рэжым гэта таксама па-свойму ўсьвядоміў. Але выбар яны зрабілі даўно. Гэты выбар – Савецкі Саюз і ягоная пераемніца Расея. Цяпер жа (пасьля Грузіі) для некаторых, магчыма ўпершыню, адчынілася пачварнае аблічча расейскага гэбізму. Некаторыя рэжымныя дзеячы, магчыма, таксама ўпершыню, нарэшце, зразумелі, што ў Расеі і з Расеяй – ім канец. Вось тут і ўзьніклі гаворкі пра “геапалітычны выбар” рэжыму паміж Усходам і Захадам. І рэжым пачаў манiпуляваць. Яму трэба самастойна ацалець. Пачаліся ўсьмешачкі перад Захадам. Прытым унутраная палітыка не мяняецца – як душылі беларусаў, так і душаць далей.

Выглядае тым часам, што з тэзісам пра “геапалітычны выбар” рэжыму, у пэўнай ступені, пагаджаюцца ўсе. Мы таксама ацэньваем гэта рэалістычна і аб’ектыўна. Але нашая беларуская пазыцыя нацыянальнай дэмакратыі і нацыянальнага Адраджэньня ў прынцыпе не пагаджаецца з пазыцыяй “усіх”. Бо гэта тыповая пазыцыя прыстасаванства.

“Усе” хочуць зрабіць гэты часовы “выбар”, не ахвяруючыся сваімі каштоўнасьцямі і абавязкамі, а коштам нашых беларускіх інтарэсаў. Кожны хоча купіць другога, прадаўшы чужое, гэта значыць, нашае.

Гэта добра відаць у падыходзе да выбараў на Беларусі, якія сталі прадметам гандлю хітруноў-“геапалітыкаў”. Расейцам і Лукашэнку патрэбная легітымная “палата”. Першым -- каб замацаваць працэс і вынікі акупацыі Беларусі; другому – каб зьняць з сябе адказнасьць. Таму йдзе дэмагогія пра “дэмакратычныя” выбары і адначасна жорстка душацца нават мінімальныя магчымасьці вольных выбараў. Эўропа, старая філісьцерская Эўропа, якая баіцца пераплаціць, якую адкрыта дураць і хочуць ашукаць, прыкідваецца, што ўсяму гэтаму ашуканству верыць і робіць выгляд, што ёй прыемна. Яна гатовая ўжо заранёў прызнаць фальсіфікат і недэмакратычныя выбары за дэмакратычныя.

Падстаўная апазыцыя (спадары Лябедзькі, Калякіны і г.д.) пойдуць на выбары да канца, па сцэнары рэжыму, бо Захад сказаў, аплаціў, Масква таксама.

А. Мілінкевіч, які вызначыў сабе асобнае месца ў апазыцыйным вертэпе, пераўзышоў усіх і заклікаў “апазыцыю” “пабудаваць дыялёг Эўразьвязу з рэжымам” і “дванаццаць пунктаў, выстаўленых (рэжыму) Эўракамісіяй, скараціць да трох”. Ён падкрэсьліў, што гэтая “палітыка павінна адбывацца пры ўдзеле апазыцыі”. Словам, засталося толькі абняцца з Лукашэнкам.

Такім чынам, “усе” хочуць расплаціцца за мяркуемы “геапалітычны выбар” Лукашэнкі (які скончыцца адразу, пасьля выбараў) прызнаньнем фальшывых выбараў за сапраўдныя. Прытым, спадар Мілінкевіч нават абгрунтаваў гэта ідэалягічна, маўляў: “Палітыка не павінна быць прымітыўнай, як барацьба за маральныя каштоўнасьці”, -- сказаў ён. (Цытаты з Сеціва 10.09.08, Інтэрнэт-старонка “Хартыі-97”.) Усё ў стылі вульгарнага прагматызму.

Адносіны да галасаваньня і ацэнка выбараў цяпер ёсьць галоўнае пытаньне на Беларусі, ад вырашэньня якога будзе залежыць і “геапалітычны выбар”, і ўвядзеньне рускіх ракетаў і войска на нашу тэрыторыю, і захоп беларускай маёмасьці, і прызнаньне Паўднёвай Асэціі з Абхазіяй, і інш. І добра відаць, хто сьведама ці нясьведама працуе цяпер на пагібель Беларусі.

Грамадзяне! Ня йдзіце на фальшывае галасаваньне! Ня дайце сябе скарыстаць для ашуканства ні лукашэнцам, ні Маскве, ні бюракратычнай Эўропе, якая, мяркуючы па паводзінах, ужо намерваецца прызнаць фальшывыя выбары. Не давайце ім гэтай магчымасьці. Толькі байкот галасаваньня можа паўстрымаць і філісьцерскую Эўропу, і прамаскоўскі рэжым. Ніхто на фальшывыя выбары!

10 верасьня 2008 г.

Зянон ПАЗЬНЯК

Старшыня Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі -- БНФ

Дадаць у: