НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

“НЕПРАДРАШЭНСТВА”

“НЕПРАДРАШЭНСТВА”

У тэхналягічным аспэкце «непрадрашэнства» – гэта ёсьць мабілізацыя розных пратэстных сілаў толькі на бліжняй мэце (ад рускага тэрміна «не предрешать»). У палітычным аспэкце непрадрашэнства -- гэта тактычная імпэрская ідэалёгія, распрацаваная расейскімі дэмакратамі-шавіністамі яшчэ ў пэрыяд паміж 1-й і 2-й Сусьветнымі войнамі. Рускія эмігранты імкнуліся аб’яднаць усіх уцекачоў з СССР на барацьбу з бальшавізмам, не вызначаючы (не предрешая), што будзе пасьля перамогі. У той жа час погляды антыбальшавікоў-расейцаў і антыбальшавікоў украінцаў, беларусаў, грузінаў, армянаў, эстонцаў і г.д. на тое, што будзе з пасьлябальшавіцкім СССР, істотна розьніліся. “Не предрешая”, рускія “дэмакраты-эмігранты” хацелі загрэбсьці жар чужымі рукамі. Разам расправіцца з бальшавізмам, а потым ужо ў сваёй “единой и неделимой” разьбірацца з народамі. Уладзіўшы свае інтарэсы за кошт іншых, пра іншых можна было забыцца (бо “не предрешали”) і вярнуцца ў статус-кво. А статус-кво – гэта імпэрыя.

Гэтакую расейска-лубянскую тактыку добра разумелі ў Беларусі нацыянальныя палітыкі і ў прыватнасьці Беларускі Народны Фронт. За часы змаганьня з камунізмам расейска-лубянская агентура пранікала ў Фронт і імкнулася пераканаць усіх сесьці на непрадрашэнскага каня. Маўляў, найперш неабходна зваліць КПСС, а потым будзем гаварыць пра суверэнітэт, бо трэба, маўляў, усім аб’яднацца супраць таталітарызму і ня трэба “выпячивать сейчас белорусский язык”, “ради единства всех сил” і г.д.

Тады непрадрашэнства было адкінута фронтаўцамі як шкодная ідэалёгія.

Дэмагогію непрадрашэнства шырока выкарыстоўвае агентура ў асяроддзі так званай "дэмапазыцыі". Яе трымаюць на ўзбраеньні, фактычна, ўсе квазібеларускія (а на справе антыбеларускія) "дэмсілы", канфармісты і асобы, якім не да спадобы адраджэньне жывой Беларусі.

Характэрныя выказваньні цяперашніх непрадрашэнцаў:

--" Мы за белорусский язык, но не надо выпячивать, сначала необходимо возродить экономику."

--“Мы злучыліся ўсе ў “пяцёрку плюс” (з камуністамі і агэпоўцамі, - З.П. ), каб разам ськінуць Лукашэнку. Пераможам, а тады ўжо будзем разьбірацца колькі каму якой дэмакратыі трэба”.-- (В. Вячорка. 2006 г. Выступ ў Нью-Ёрку).

--“Спачатку трэба зрабіць дэмакратычную краіну, а потым ужо – добра заняцца беларускай матчынай мовай”, - (генэрал В. Фралоў. Радыё “Свабода”, - 9.09.2005).

--Няма розьніцы, якая мова, якая культура, галоўнае – дэмакратыя. Пакуль мы ня пусьцім дэмакратыю наперадзе мовы, мы зноў загінем”, - (С. Алексіевіч. Радыё “Свабода”, — 24.08.2005).

Падкрэсьліваю: супраць чаго б беларускага ні выступалі расейскія шавіністы, расейскія дэмакраты,  агентура, лукашысты, што б яны ні абкідвалі балотам, галоўнай нянавісьцю, галоўным аб’ектам нападак для іх заўсёды была і ёсьць беларуская мова. Яны, нават самыя цёмныя, разумеюць і адчуваюць, што тут, у вялікай Беларускай мове, ёсьць корань культуры, магутнасьці і незьнішчальнасьці Беларускай нацыі. Адна з задач іхняга русіфікатарства і прапаганды нацыянальнага атупеньня заключаецца якраз у тым, каб беларусы, прапушчаныя праз русіфікатарскую школу, не разумелі гэтага.

 

Логіка і практыка паказваюць, што "не прадрашаючы" можна толькі зьмяніць адну акупацыйную ўладу на другую акупацыйную ўладу, як правіла, на яшчэ горшую.

 

Ліпень 2013 г.                                                                                  Зянон Пазьняк          

 

Дадаць у: