НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

ПАДЗЕІ ПАРАНОЙНАГА СЦЭНАРУ

ПАДЗЕІ ПАРАНОЙНАГА СЦЭНАРУ

Калі маскоўская ФСБ арганізавала містыфікацыю нібыта з пакушэньнем на забойства Лукашэнкі, і, калі ў маскоўскія сеткі трапілі ў якасьці тэрарыстаў Фядута, Зяньковіч і Костусеў, то адразу гэта выглядала вельмі камічна, бо ўсім было відаць прыцягнутая за вушы прыдумка. Пра незадачлівых "тэрарыстаў" ужо нават не гаворым. Тым ня менш гульню працягвалі, пачалі здымаць фільмы, праводзіць допыты, палохаць Лукашэнку, які ахвотна спалохаўся і стаў рабіць заявы.

Ад пачатку ўзьнікла пытаньне, на якое не было адказу. Навошта гэтая містыфікацыя Маскве? Навошта Масква распачала ўвесь гэты розыгрыш?

9-га траўня, здаецца, усё праясьнілася. Менскі вар’ят пачаў у голас казаць аб жыцьці і сьмерці, анансаваць нейкае сваё лёсавызначальнае рашэньне і ў выніку выдаў дакумант існаваньня -- дэкрэт № 2, у якім, як самадзержац, не зважаючы на законы і права, аб’явіў, што ў выпадку яго гвалтоўнай сьмерці, ягоная ўлада павінна перайсьці да Рады Бясьпекі, а Рада Бясьпекі тут жа мусіць увесьці надзвычайнае і ваеннае становішча, патрабаваньні якога абавязковыя для ўсіх, пасьля чаго прыступіць да арганізацыі выбараў. (Пры гэтым вар’ят, магчыма, адмыслова забыўся, што пры надзвычайным і ваенным становішчы выбары не праводзяцца.)

Зразумела -- тут паранойная рэакцыя псіхікі. Але яна падрыхтаваная. Вынік яе -- гэта план перавароту і чарговага захопу ўлады ў Беларусі Масквой, агучаны для выкананьня.

Цяпер стаў зразумелы маскоўскі "жарт" зь няшчасным Фядутам і іншымі "змоўшчыкамі". Грубая гэбоўская шматхадоўка можа закончыцца трупам параноіка і разбурэньнем незалежнасьці Рэспублікі Беларусь. Уладу ад вар’ята плануюць перадаць маскоўскім і прамаскоўскім халуям, якія пачнуць праводзіць тут свой "халуін" -- свае нібыта выбары ды рэфэрэндумы пры ваенным становішчы над зьбянтэжанай краінай.

Трэба разумець, што за сіла супроцьстаіць нашаму народу. Тут ня будзе ніякіх "дыялогаў" і ніякога праўнага разьвязаньня. Фактычна, трэба б было тэрмінова арыштаваць Лукашэнку і хутчэй скарыстаць магчымасьці ўнівэрсальнай юрысдыкцыі, дамагчыся рашэньня трыбуналу.

Але рэальна вырашыць пытаньне ўлады ў Беларусі цяпер мог бы толькі народ рэвалюцыйным шляхам, масы працоўнага народа без абдымкаў з бандытамі. Вось да гэтага і трэба рыхтавацца.

 

10 травень 2021 г.                             Зянон Пазьняк

Дадаць у: