НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

ПАЛІТЫКА АНТЫБЕЛАРУСКАГА РЭЖЫМУ Ў ДАЧЫНЕНЬНІ ДА ЭМІГРАЦЫІ

ПАЛІТЫКА АНТЫБЕЛАРУСКАГА  РЭЖЫМУ Ў ДАЧЫНЕНЬНІ  ДА ЭМІГРАЦЫІ

            Пасьля ўпадку камунізму ў Эўропе палітычныя дачыненьні, тэхналёгіі, мэтады і зьмены прыярытэтаў настолькі ўскладніліся, што сьвет (як ужо было ў 1930-х) не пасьпявае за асэнсаваньнем падзей. Гэта небясьпечна, бо разьвязвае рукі заганным палітычным сілам.

            Посткамуністычны стан у Эўропе характарызуецца пашырэньнем Эўразьвязу і прыходу да ўлады савецкага КГБ у двух краінах -- Беларусі і Расеі. Гэтая апошняя падзея вызначыла асаблівую палітыку ва Усходняй Эўропе і, што якраз істотна, яна засталася, практычна, незразумелай на Захадзе. Адзін амэрыканскі прэзыдэнт нават сказаў у 2004 годзе, што глянуў у вочы Пуціну і ўбачыў там душу рускага народа. Магчыма, ён быў недалёкі ад праўды, але меў на ўвазе зусім іншае.

            Ідэалёгія абсалютнай улады КГБ у Расеі ёсьць рускі імпэрыялізм з усімі вынікаючымі адсюль абставінамі ў палітыцы. У Беларусі, дзе маскоўцам удалося паставіць свайго стаўленьніка і сканцэнтраваць уладу, гэтая палітыка набыла найбольш сістэмны і выніковы характар на ўзроўні сучасных паліттэхналёгій, распрацаваных у КГБ.

            Мэта маскоўскай палітыкі банальная для Крамля – уключэньне Беларусі ў склад Расеі шляхам стварэньня палітычных, эканамічных і дыпляматычных абставінаў. Ажыцьцяўленьня мэты адбываецца паэтапна і цалкам сістэмна: захоп улады знутры легальным шляхам (з выкарыстаньнем “дэмакратыі”), ліквідацыя палітычнай альтэрнатывы, стварэньне сваёй апазыцыі, зьмена канстытуцыі і заканадаўства, стварэньне аўтарытарнай структуры ўлады, ліквідацыя мяжы з Расеяй, ліквідацыя нацыянальных структураў грамадзянскай супольнасьці, ліквідацыя беларускага радыё і тэлебачаньня, беларускіх выдавецтваў, часопісаў, газэтаў, творчых саюзаў, ліквідацыя беларускіх школаў, падручнікаў і беларускіх вучэльняў, і самае балючае – ліквідацыя беларускай вёскі – крыніцы беларускай мовы, традыцыяў і нацыянальнага сьветаўспрыманьня. Адбываецца падразаньне этнасу, -- працэс, які разьвіваецца.

            За 19 гадоў унутранага акупацыйнага рэжыму і прымяненьня гэбісцкіх вынішчальных тэхналёгіяў разбураныя этнакультурныя асновы існаваньня беларускай нацыі.

            Эфект каласальны па сваёй разбуральнай сіле і ў гэтым сэнсе перавышае вынішчальныя вынікі 73-х гадоў палітыкі савецкай акупацыі. Беларускую вёску саветы русіфікаваць і зьнішчыць не пасьпелі.

            Сучасная расейская палітыка па задушэньні Беларусі, як і раней, шматканальная і распрацаваная ва ўсіх галінах: ад эканомікі і палітыкі да тэрміналёгіі і тапанімікі. Тут, у гэтай цывілізацыйнай вайне, -- усё палітыка, непалітыкі ў такіх дачыненьнях няма.

            Але ёсьць некалькі прыярытэтаў, якія доўжацца ўжо сотні гадоў і асэнсаваны цяпер нашымі ворагамі ўжо на ўзроўні новых інфармацыйных тэхналёгіяў. Трансцэндэнтнай асновай гэтых прыярытэтаў ёсьць русіфікацыя. Другі прыярытэт, які выкарыстоўвалі ўжо саветы, -- ліквідацыя нацыянальных каштоўнасьцяў народа і падрыў духоўнай асновы беларускай нацыі.

            Вынішчальная дзейнасьць па гэтых кірунках не спыняецца ніколі. Тут ёсьць аснова, якая паклікана забясьпечыць перамогу Маскве.

            Як і пры Савецкім Саюзе, тэатр вынішчальнай палітыкі не абмежаваны межамі краіны, але ахоплівае ўвесь сьвет, дзе знаходзяцца арганізаваныя групы беларускай эміграцыі.

            Задача пастаўлена простая: узяць пад кантроль эміграцыю, узалежніць ад рэжыму асобных яе прадстаўнікоў і прадставіць яе як дыяспару, якую падтрымлівае рэжым і якая, адпаведна, супрацоўнічае з рэжымам.

            Замежная палітыка рэжыму супраць Беларускай эміграцыі пачалася ў другой палове 90- гадоў, адразу як зьявіліся першыя палітуцекачы зь Беларусі, і міжнародная супольнасьць прызнала антыбеларускі рэжым як дыктатарскі і недэмакратычны.

            Разбуральная выніковасьць рэжымнай палітыкі за мяжой несумненная (хоць і не абсалютная). Яе асягненьні зьяўляюцца фактам і пэрспэктыва далейшага ўплыву не зачынена.

            Рэжым дзейнічае праз амбасады і легальную агентуру спэцслужбаў, якая існуе ў кожнай амбасадзе кожнай краіны. Функцыянеры амбасады прыкідваюцца прыхільнікамі беларушчыны і навязваюць кантакты з слабадумаючымі людзьмі зь беларускіх арганізацыяў. Прапануецца быццам бы падтрымка беларускай справы, сумесныя праекты, абяцаньні інвэстыцый. Беларус, які трапіў у такую распрацоўку, звычайна радуецца, што адчыняюцца добрыя пэрспэктывы ў матэрыяльным і беларускім пляне. Ён можа нават думаць, што гэта ён пачынае ўплываць на “несьвядомых” працаўнікоў амбасады, (не разумеючы, што становіцца агентам антыбеларускага рэжыму) і будзе пераконваць іншых людзей у арганізацыі ісьці на супрацоўніцтва. Эфект, як правіла, быў не малы. Шмат беларусаў слаба арыентуецца ў палітыцы, і дапамаговыя грошы ім здаюцца рэальнай каштоўнасьцю.

            Вынікам прымітыўнай атакі антыбеларускага рэжыму на беларускае замежжа стаў раскол усіх беларускіх культурніцкіх арганізацыяў у краінах былога СССР. Частка беларусаў пайшла на супрацоўніцтва з рэжымнай амбасадай, другая частка засталася на беларускіх адраджэнцкіх пазыцыях.

            Практычна, рэжым фармальна як бы стварыў сабе падтрымку дыяспары, але становішча тут палавіністае, бо антырэжымныя арганізацыі таксама дзейнічаюць. Стан іх матэрыяльна цяжкі, але беларускі. Тут ёсьць і мова , і сымвалы, і пазыцыя, і ідэя. Але звужэньне беларускай адраджэнцкай сфэры відавочнае.

            Трэба ўлічыць, што ініцыятыва застаецца ў руках рэжыму, асабліва маючы на ўвазе яго кантроль над так званай “апазыцыяй”, шэраг асоб якіх у апошні час апынуліся на захадзе ў розных лабісцкіх арганізацыях, якія рэальна ўзьдзейнічаюць на эўрапалітыку і забясьпечваюць рэжыму магчымасьці для манэўру.

            Фактам ёсьць тое, што дэмакратычная антылукашысцкая Эўропа церпіць фіяска за фіяскам, а падтрымка антыбеларускаму рэжыму ў асяроддзі эўрапрагматыкаў і карумпаваных групаў – узрастае. Сымптаматычным і паказальным прыкладам такога рэальнага становішча ёсьць афіцыйная забарона ўжываньня беларускага Бел-Чырвона-Белага Сьцяга ў Быдгашчы, Кракаве (Польшча), Стакгольме (Швэцыя), напады, фізічная расправа і затрыманьні за Беларускі Сьцяг у Варшаве, афіцыйнае рашэньне аб забароне паказу Беларускага Бел-Чырвона-Белага Сьцяга Міжнародным хакейным камітэтам і іншыя факты апошняга часу.

Сьцяг – гэта сымвалічная рэальнасьць. Гэта свабодная краіна, нацыя, ідэя. Эўрабюракратыя, верная сваёй псіхалёгіі падводных стандартаў, не клапоціцца за беларускую волю. Тут безумоўная (хоць, спадзяюся, і часовая) перамога антыбеларускага рэжыму.

            У Злучаных Штатах Амэрыкі, дзе беларуская эміграцыя была найбольш моцнай, тактыка подкупу і заангажаваньня не ўжывалася (ды й матэрыяльны ўзровень людзей тут быў іншы, чым, скажам, у Вільні). Акцэнт быў зроблены на агентуру і правакаваньне расколаў праз царкву. Гэта стары савецкі падыход, дзе ўлічвалася, што грамадзкае існаваньне беларускай эміграцыі ў ЗША моцна завязана на Беларускую Аўтакефальную Праваслаўную канфэсію.

            Спарадычныя кантакты функцыянераў  прадстаўніцтва рэжыму ў Нью-Ёрку і Вашынгтоне з асобнымі беларусамі часам адбывыліся, але вынікаў не ўзьнікла ніякіх.

У апошні час, праўда, сытуацыя стала мяняцца. У гэтым годзе нечакана выявіліся сталыя кантакты і супрацоўніцтва аднаго з нядаўніх сяброў Галоўнай управы БАЗА з рэжымным прадстаўніцтвам у Нью-Ёрку. Справа ўжо зайшла настолькі далёка, што па даручэньні функцыянераў рэжыму ён сэпаратна пачаў рыхтаваць сустрэчу прадстаўнікоў БАЗА зь міністрам Лукашэнкі кагэбістам Макеем, які знаходзіцца пад санкцыямі Эўразьвязу.

            Прытым кіраўніцтву БАЗА з боку гэтай асобы быў выстаўлены ўльтыматум, што калі кіраўніцтва ня прыме рашэньня аб спатканьні зь міністрам рэжыму, то ён ад імя БАЗА спаткаецца зь ім сам.

            Кіраўніцтва БАЗА прыпыніла гэту абсурдную ініцыятыву, і Макей у Нью-Ёрк не прыехаў.

            Аналягічныя абставіны высьпяваюць і могуць узьнікнуць у Канадзе. Зьвязана гэта найперш са зьменамі ў эміграцыі. Старое ваеннае адраджэнскае пакаленьне ўжо, практычна, амаль адышло, а новае постсавецкае ня мае той моцы беларускай адраджэнскай базы ў сьвядомасьці і імунітэту супраць чужой разбуральнай ідэалёгіі і тэхналягічнай палітыкі. Таму ў пэрспэктыве ў Амэрыцы можа паўтарыцца тая самая постсавецкая мадэль расколу, якая адбылася ў Летуве, Латвіі, Эстоніі, Пецярбурзе, Маскве і іншых месцах былога СССР, населеных савецкімі людзьмі.

            Я не люблю агучваць свае прагнозы, але сытуацыя разьвіваецца няўхільна, і хаця б умоўную прыкідку будучыні рабіць неабходна.

            Я прааналізаваў у дынаміцы шэраг чыньнікаў за апошнія 15 гадоў: гісторыю і частотнасьць расколаў, прычыны канфліктаў, рух дэмаграфіі і зьмену пакаленьняў, шкалу каштоўнасьцяў, узровень адукацыі, удзел у палітыцы, кантакты зь Беларусяй, ступень інфармаванасьці пра Беларусь, храналёгію і прычыны матэрыяльных страт (будынкаў, устаноў, зямельных надзелаў, архіваў і г. д.), нацыянальную актыўнасьць асоб, колы энтузіястаў, тыпалёгію мэнтальнасьці, ацэнкі антыбеларускага рэжыму і ўзровень успрыняцьця існуючай “апазыцыі” ў Беларусі, адказы на пытаньне “што рабіць” і інш.

            Высновы несуцяшальныя. Пры ўмове, што антыбеларускі рэжым праіснуе яшчэ дзесяць гадоў (што ня дай Божа) 9 шансаў з 10-ці гавораць пра тое, што беларуская эміграцыя ў ЗША  можа быць расколата па савецкай мадэлі. Пад пагрозай страты, адпаведна, могуць апынуцца апошнія будынкі і маёмасьць. Шанцаў такога не дапусьціць – 10 адсоткаў.

            Прытым, як і паўсюдна ў чужым асяроддзі і пад акупацыяй, галоўным зьяўляецца мэнтальны чыньнік (здольнасьць да самаарганізацыі і барацьбы).

            У беларусаў мэнтальны чыньнік, практычна, адмоўны і мераецца таксама ў прапорцыі 1 да 9-ці. Таму шмат што будзе залежыць ад зьбегу абставінаў і канцэнтрацыі на адзіным шансе (на 10-ці адсотках). Дарэчы, пра гэта заўсёды варта памятаць пры арганізацыйнай адраджэнскай працы – 0,1 тут павінна адлічвацца, як базавыя 100 адсоткаў.

            Адзін раз у гісторыі скарыстаць шанец удалося эпахальна. Гэта 25 Жніўня 1991 года, калі 10 адсоткаў насельніцтва, якія не хацелі жыць у СССР, падтрымалі 10 адсоткаў фронтаўскіх дэпутатаў Вярхоўнага Савета 12-га скліканьня і здабылі незалежнасьць Беларусі, зрабілі вялікі гістарычны паварот у лёсе Айчыны. (Не забывайма, што лёс, ўладу, культуру і абарону Вялікага Княства трымала на сабе шляхта, якой таксама было 10 адсоткаў).

            Тактычна, тут мусіць быць жорсткае стаўленьне да згодніцтва і пазбаўленьне ад калябаранцтва. Інакш адзіны шанец зьнікае (памятайма, што ён адзіны, а супраць – дзевяць).

            Станоўчы чыньнік, які якраз найбольш істотны для амэрыка-канадыйскай эміграцыі – гэта існаваньне Рады БНР.

            У становішчы агульнага нішчэньня беларускай нацыі вельмі важна, каб існавалі арганізацыі і асобы, якія трымаюць ідэалы барацьбы і будучыні Радзімы. Для шмат якіх беларусаў наяўнасьць ідэалаў (жывая рэальная наяўнасьць) патрэбная як сьцяг змаганьня і існаваньня, як прысутнасьць Бога для вернікаў. Ідэал ёсьць найвялікшы стымул перамогі і прышласьці Беларусі. Адзін да дзесяці, -- але ён здольны перамагчы.

 

20. 06. 2013                                                                              Зянон ПАЗЬНЯК

Дадаць у: