НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

ПАПЯРЭДЖАНЬНЕ АБ НЕБЯСЬПЕЦЫ

ПАПЯРЭДЖАНЬНЕ АБ НЕБЯСЬПЕЦЫ

Тое, пра што я пішу ў гэтым лісьце, важна ведаць усім беларусам, якія клапоцяцца пра Бацькаўшчыну.

Безадказная агітацыя штабоў гэбіста Цапкалы, банкіра Бабарыкі і Сьвятланы Ціханоўскай за несправядлівыя выбары, іхныя заклікі прыйсьці ўсім 9-га жніўня на фальшывае галасаваньне, якое ўзаконьвае фальшывая выбары, і прагаласаваць ў канцы дня -- падразумявае пратэстную сітуацыю, выкід эмоцыяў супраць заведама ілжывага рашэньня ЦВК аб выбраньні Лукашэнкі.

Канчатковыя вынікі выбараў будуць аб’яўлены 10-га жніўня. Зьявіліся правакацыйныя заклікі ў Сеціве і ўлёткі з заклікам выйсьці на вуліцы ў гарадах Беларусі і зьбірацца каля будынкаў мясцовай адміністрацыі з патрабаваньнямі "новых сумленных выбараў". У Менску -- ісьці да "стэлы" на Паркавай магістралі і пратэставаць. Тады рэжым, на думку стваральнікаў улётак, спалохаецца сотняў тысячаў людзей і капітулюе, адрачэцца ад улады.

Аналіз сітуацыі, аднак, паказвае, што рэжым, які абапіраецца толькі на сілу і на ўжываньне сілы, улады не аддасьць і падрыхтаваны да самых жорсткіх дзеяньняў па разгрому грамадзтва, не спыняючыся перад ахвярамі.

Рэжым падрыхтаваў пастку, каб адным махам расправіцца з грамадзтвам і задушыць усё жывое ў Беларусі. Людзі спадзяюцца на мірныя пратэстныя дзеяньні. Рэжым тым часам гатовы на ваенную апэрацыю супраць народа. У такім становішчы разгром грамадзтва гарантаваны пры любой колькасьці мірных пратэстантаў. Сітуацыя падобная, як з папом Гапонам у 1905 годзе ў Расеі, які прывёў масы людзей пад расстрэл і заведамую паразу.

Выснова такая: нельга паддавацца на правакацыі і падстаўляць грамадзтва на заведамы разгром. Трэба зьберагчы здароўе, жыцьці і сілы людзей, устрымацца ад масавых выступаў 9-га і 10-га жніўня і дамагчыся тым самым дэканцэнтрацыі сілаў зьнішчэньня. Яны вымушаныя будуць расканцэнтравацца.

Пазьбегнуўшы разгрому і захаваўшы народныя сілы, у наступныя дні трэба будзе пачаць арганізацыю страйкамаў па ўсёй краіне і суполак вызвольнага руху Вольная Беларусь, рыхтавацца да ўсеагульнага страйку, да падрыхтоўкі адстаўкі Лукашэнкі і правядзеньня парляманцкіх выбараў па законнай Канстытуцыі 1994 года. Новы парлямант сфармуе ўрад і будзе вызначаць перамены ў Беларусі. Ніякія выбары прэзыдэнта непатрэбныя.

І цяпер аб фактах і пагрозах грамадзтву, якія мне вядомыя.

-- Рыхтуецца спэцапэрацыя супраць народа, у якой будуць задзейнічаныя ўсе ахоўныя сілавыя структуры і войска.

-- Лукашэнка асабіста аб’язджаў вайсковыя часткі.

-- У вайсковых частках зроблены адбор вайскавікоў, выхаванцаў зь дзіцячых дамоў. Зь іх створаныя асобныя вайсковыя групы.

-- У гатэлях Менска шмат заказаных нумароў на 9-ы жнівень ад грамадзянаў Расеі.

-- Распараджэньне па клініках аб павелічэньні ложак-месцаў.

-- Зварот станцыі пераліваньня крыві да донараў аб патрэбе вялікай колькасьці крыві.

-- Прыезд баевікоў з Данбаса (іхтамнетаў) і расканцэнтрацыя ў Беларусі.

-- Зьвесткі аб пранікненьні ў Беларусь расейскіх тэрарыстычных груп.

-- Зьвесткі аб падрыхтоўцы правакатараў зь ліку прыбылых расейскіх грамадзянаў, якія будуць правакаваць АМАП і, магчыма, страляць з агнястрэльнай зброі.

-- Зьвесткі аб вывазе дакумантаў і каштоўнасьцяў з адміністрацыйных будынкаў у раёне магчымых пратэстаў.

-- Зьяўленьне (ці арышт і затрыманьне ў Менску) абазначаных невядомых расейскіх узброеных груп (магчымая імітацыя груп).

-- Зьвесткі пра распараджэньні аб асабліва жорсткім здушэньні пратэстаў і пабіцьці людзей.

Зьвяртае на сябе ўвагу характар некаторых правакацыйных заклікаў, напрыклад, ісьці на край горада пад стэлу на Паркавай магістралі. (Вядома, што гэтая пляцоўка, як палігон, узорна "адпрацаваная" АМАПам. Тут жа франтальна паўколам разьмешчаныя высотныя дамы, зручныя для снайпераў.)

Іншае паведамленьне (зьмешчанае ў Сеціве на старонцы "Хартыя-97") заклікае людзей па ўсёй Беларусі выходзіць з пратэстамі да будынкаў мясцовай улады і адміністрацыі. Тут праглядаецца адзін да аднаго план акупацыі Данбаса ў 2014 годзе. (Мы назіралі тое нават па тэлебачаньні. З асяроддзя пратэсту выскоквалі рускія ўзброеныя дыверсанты і захоплівалі будынкі адміністрацыі пад відам пратэстоўцаў.

У Беларусі магчымая імітацыя такога плану, які разыграюць паміж сабой правакатары і спэцназ, каб пахапаць і патрушчыць усіх навокал.

Зрэшты, у рэжыма ёсьць дарога, каб пазьбегнуць разбою. Толькі я ня ўпэўнены, ці скарыстае ўзурпатар гэты шлях.

Аналізуючы выбарчую кампанію і выказваньні Ганны Канапацкай, я ўжо намякаў у ранейшых тэкстах, што ў заначцы рэжыму заплянаваны, як варыянт, другі тур выбараў. У выніку -- узурпатар зробіць потым сабе свае 76 адсоткаў. Але які пасаж! План сапраўды "элегантны".

У другі тур выходзяць Лукашэнка і Канапацкая. Якія пратэсты?! Выбары ж працягваюцца. Пратэсты пасярод кампаніі будуць грубым крыміналам, парушэньнем выбарчага заканадаўства. Штабісткі, грацыі, агітуйце за Канапацкую! "Мы победим!"

Вось тут ужо рэальна патрэбны будзе байкот, і "ніхто -- на фальшывыя выбары" (калі, вядома, штабісткі зноў не перашкодзяць і наіўныя не залемантуюць пра чарговую Эмілію Плятар.)

Лукашэнка, думаю, не рашыцца на другі тур. І не таму, што збаіцца байкоту і правалу кампаніі, а таму, што надта ж "народцу" адпомсьціць хочацца і даць, каб ня ўсталі.

Прасіў бы аднесьціся да ўсяго, што я тут паведамляю, з разуменьнем. Некалі я пісаў, што гэтыя прадажныя спадары Бабарыкі і кампанія, паспадзяваўшыся на Маскву і крамлёўскі Газпрам (якія быццам бы прывялі б іх да ўлады ў Беларусі), не разумелі, зь кім маюць справу. Цяпер ужо сядзяць, і пасадзяць іх яшчэ па суду на гадоў 6-8. А Масква памые рукі. Псіхапатычны ўзурпатар дзеля аховы сваёй улады здольны на ўсё.

Мая парада. Ні 9-га, ні 10-га жніўня ня йсьці ў пастку, не зьбівацца ў натоўп, не паддавацца на правакацыі, разьбягацца ад правакатараў (няхай хапаюць самы сябе), не набліжацца да адміністрацыйных будынкаў.

Не пускайце на вуліцу дзяцей і падлеткаў. Перачакайце пагрозу дома, пакуль варожыя сілы не расканцэнтруюцца са сваімі ротамі, шэрагамі тэрарыстаў, аўтазакамі, вадамётамі і бронетранспарцёрамі.

Беларусы, будзьце разумнейшымі, не падстаўляйце лэб пад кулю вар’ята. Захавайма сілы і людзей. Мы акуратна збавімся ад узурпатара, маючы моц, адзінства і салідарнасьць. Праўда на нашым баку. І час працуе на нас.

Жыве Беларусь!

 

7 жнівень 2020 г.                                               Зянон ПАЗЬНЯК

 

narodnaja-partyja.org

Дадаць у: