НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Артыкулы

Партытура “выбараў”

Партытура “выбараў”

Пасьля заканчэньня збору подпісаў сітуацыя з “двайным кандыдатам” стала ня тое што празрыстай – ілюстратыўнай. Казулін, Мілінкевіч паехалі у Маскву засьведчыцца. Перад гэтым яны паспрачаліся пра “падтрымку”. Казулін: «Мы ім прапануем далучыцца да нас. Яны нам скажуць: нас Эўропа падтрымлівае, ну добра, можа, нас хто іншы падтрымлівае» (радыё «Свабода», 4 лютага).

У Маскве абодва засьведчылі сваю адданасьць, асабліва Мілінкевіч, які выказаў шкадаваньне, што «расьце колькасьць людзей, якія ня вераць ў «саюзную дзяржаву», і прапанаваў: «сначала мы построим отличнейшие отношения экономические, а потом будем думать о других видах интеграции», а ў канцы пагадзіўся з расейскім міністрам вайны Івановым, што «хотим мы или не хотим, а Александр Григорьевич будет опять президентом» (радыё «Эхо Москвы», 6 лютага). Казулін быў больш стрыманы (публічна).

Складваецца ўражаньне, што Лубянка цяпер вырашае пытаньне здымаць ці не здымаць Мілінкевіча (Ярмошына выканае любы загад). Абодва варыянты ў руках Масквы. Калі Мілінкевіча пакідаюць, значыць стаўка толькі на Лукашэнку застаецца ў сіле. Будуць рабіць «элегантную». Калі Мілінкевіча выкідваюць – гэта значыць, што разглядаецца магчымасьць замены Лукашэнкі на слабога, але больш зручнага Казуліна. Пры гэтым генэральная стаўка на Лукашэнку застаецца, але з Казуліна адкрыта будуць ляпіць прамаскоўскага «лідэра» падстаўной апазыцыі. (Улічым, што Лукашэнка будзе весьці сваю тактыку, каб ацалець).

Рэальнай альтэрнатывай гэтым маніпуляцыям зьяўляецца толькі Народнае Галасаваньне.

Выхад Казуліна-Мілінкевіча з выбарчай кампаніі немагчымы і быў бы безвыніковы (рэжым страхуецца Гайдукевічам і ўлада застаецца ў Лукашэнкі).

Народнае Галасаваньне – гэта законнае і адкрытае змаганьне з рэжымам. Беларуская эліта, аднак, сьведчыць сваю нерашучасьць і жаданьне пазьбегнуць адкрытай барацьбы. Частка падтрымлівае рэжым, частка йдзе ў тупік з Мілінкевічам; больш прагматычная група (хаця куды ўжо «больш») супрацоўнічае з Казуліным. Змагарная частка беларускай эліты гатовая ўдзельнічаць ў Народным Галасаваньні.

Але нават пры гэтай сітуацыі застаецца магутны шанц перамогі над рэжымам праз Народнае Галасаваньне, якое можа перамагчы ў рашаючых пунктах сістэмы.

14 лютага 2006 г.

Зянон Пазьняк

Дадаць у: