НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

ПАВЕДАМЛЕНЬНЕ. АБ ВАЛЬНЫМ СОЙМЕ РУХУ "ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ"

ПАВЕДАМЛЕНЬНЕ. АБ ВАЛЬНЫМ СОЙМЕ РУХУ "ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ"

2-га кастрычніка ў Варшаве адбыўся ўстаноўчы сход (Вальны Сойм) дэмакратычнага Нацыянальна-Вызвольнага Руху "Вольная Беларусь". Рух запачаткаваны раней Беларускім Нацыянальным Сакратарыятам Руху "Вольная Беларусь". Рушэньне існавала ў неструктураванай сутнасьці. 2-га кастрычніка закладзены асновы яго структурызацыі. 24 дэлегаты і сябры суполак Руху (у асноўным з Польшчы) плюс "анлайн" пацьвердзілі Палітычныя Прынцыпы арганізацыі і прынялі Статут Руху.

Былі заслуханыя палітычныя даклады (Паўла Вусава і Зянона Пазьняка), прынятыя рэзалюцыі аб барацьбе з акупацыйным рэжымам у Беларусі і аб падтрымцы змагарнай Украіны, аб разьвіцьці беларускага нацыянальна-культурнага асьветніцтва.

Напярэдадні Вальнага Сойму сябры Руху "Вольная Беларусь" набылі для палка Каліноўскага мікрааўтобус "Фольксваген", намячаецца збор сродкаў на баявыя дроны для каліноўцаў.

Рух "Вольная Беларусь" складаецца з двух частак: адна (мэтрапольная) існуе падземна ў Беларусі; другая -- замежная, існуе ў вольным сьвеце. На сёньняшні дзень ёсьць суполкі і сябры Руху ў Польшчы, Нямеччыне, Нарвэгіі, Летуве, ЗША.

Сэнс Руху -- беларускае нацыянальнае "Адраджэньне", вызваленьне Беларусі з-пад расейскай акупацыі і з-пад улады антыбеларускага рэжыму.

На сходзе былі абраныя кіроўныя ворганы якімі зьяўляецца Каардынуючая Управа (выканаўчы ворган, кіраўнік Віктар Каралькоў) і створаны раней Беларускі Нацыянальны Сакратарыят (палітычна-ідэалагічны ворган).


Базавымі палітычнымі прынцыпамі руху зьяўляюцца наступныя пастулаты:

1. Дзяржаўная незалежнасьць Беларусі.

2. Дзяржаўная Беларуская мова.

3. Вольнае дэмакратычнае грамадзтва.

4. Імпэрыялістычная Расея – вораг Беларускай нацыі і пагроза для існаваньня незалежнай, свабоднай і дэмакратычнай Беларусі.

5. Вяртаньне законнай Канстытуцыі 1994 года, як канцэптуальнага базісу для разьвіцьця новага дзяржаўнага і дэмакратычнага ладу ў Беларусі.

6. Вяртаньне Беларускага дзяржаўнага Бел-Чырвона-Белага Сьцяга і гэрба Пагоня.

7. Парляманцкая рэспубліка.

8. Выбары Вярхоўнай Рады (новага Першага скліканьня) па мажарытарнай сістэме (пакуль ні створыцца партыйная сістэма палітыкі).

9. Перагляд і адмена рэжымнага заканадаўства якое было прынята пад час кіраваньня Лукашэнкі, якое супярэчыць канстытуцыі Рэспублікі Беларусь ад 1994 году, інтарэсам нацыянальнай дзяржавы і грамадзтва.

10. Выхад з усіх антынародных дамоваў і саюзаў з Расеяй і з іншымі з краінамі, падпісаных Лукашэнкам

11. Новая рэгіянальная сістэма бясьпекі на падставе Балта-Чарнаморскай канцэпцыі супрацоўніцтва.

12. Супрацоўніцтва са Злучанымі Штатамі Амэрыкі і з дэмакратычнымі краінамі Эўропы, а таксама з Канадай, Аўстраліяй, Японіяй, Новай Зеландыяй і іншымі дэмакратычнымі дзяржавамі. Супрацоўніцтва з НАТА, з рэгіянальнымі і міжнароднымі арганізацыямі, якія аб’ядноўваюць дэмакратычныя краіны.

13. Дабраахвотная падтрымка Украіны ў вайне супраць расейскай агрэсіі. Разьвіцьцё палітычных, эканамічных дабрасуседзкіх адносінаў з Украінай пасьля перамогі над расейскім агрэсарам. Выбудаваньне асноў дзеля ўзаемаразуменьня і выпраўленьня палітычных злачынстваў рэжыму Лукашэнкі ў дачыненні да Украіны.

14. Дэсаветызацыя і дэрусіфікацыя.

15. Вызваленьне і рэабілітацыя палітычных зьняволеных.

16. Люстрацыя.


Бліжэйшая арганізацыйная задача Руху -- павелічэньне колькасьці суполак па ўсім сьвеце, дзе ёсьць беларусы. У наступных паведамленьнях будуць пададзены прынятыя дакуманты і рэзалюцыі Вальнага Сойму, плюс кантактныя каардынаты Руху.

Заклікаем ўсіх грамадзян, якія падзяляюць палітычныя прынцыпы «Адраджэньня» ўключацца ў дзейнасьць беларускага Нацыянальна-Вызвольнага Руху.


Жыве Беларусь!


Ніжэй зьмяшчаем сэрыю фрагмэнтаў відэа (шэсьць ролікаў) з Вальнага Сойму Руху.

(Заўвага да відэа. Відэа дэлегатаў у залі не паказваецца, ўлічваючы рэпрэсіўны тэрор у Беларусі.)

bns-volnayabelarus.org
4 кастрычнік 2022 г. Інфармацыя БНС
Дадаць у: