НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Інтэрв’ю

Пазьняк: Скончыцца тым, што Лукашэнка здасьць усё

Канфлікт паміж афіцыйным Менскам і Эўразьвязам камэнтуе старшыня КХП-БНФ Зянон Пазьняк.

Сяргей Навумчык

http://www.svaboda.org

Пазьняк: Самым галоўным пытаньнем зараз для Беларусі - для палітыкі, для ўсяго беларускага народа -- ёсьць пытаньне жыцьця і сьмерці Сяргея Каваленкі. Гэта ёсьць пытаньне нумар адзін. Чалавек, які за Беларусь, за сьцяг, за ідэю ахвяруецца сваім жыцьцём. І ён паведаміў, што ён ідзе да канца. І ён пойдзе да канца -- мы яго ведаем, і жонка з гэтым  пагадзілася.  І вось сёньня невядома, дзе ён. Ён зьнік. Яго недзе схавалі. Гавораць усялякую лухту, што яго адправілі ў Менск, у шпіталь і гэтак далей. Ён на апошняй стадыі вычарпаньня, і гэта ёсьць пытаньне нумар адзін.

Гэта ўсё выглядае ў параўнаньні з пытаньнем жыцьця і сьмерці Сяргея Каваленкі мышынай валтузьнёй

 


Тое, што адбываецца канфлікт з пасламі, з Эўразьвязам, дыпляматычная вайна -- гэта ўсё выглядае ў параўнаньні з пытаньнем жыцьця і сьмерці Сяргея Каваленкі мышынай валтузьнёй. Якая ўжо была не аднойчы і  якая доўжыцца ўжо 17 гадоў. Тым больш што вядома, чым гэтая мышыная валтузьня скончыцца. А скончыцца яна поўнай перамогай Лукашэнкі і Масквы. Гэта прадумана вельмі рацыянальна, халаднакроўна, і ўся ініцыятыва ў руках Лукашэнкі і Масквы.  Прытым не таму, што яны такія разумныя, а таму, што Захад у сваёй палітыцы абсалютна тупы. Гэта -- тупая палітыка. Яна ня мае ніякіх аргумэнтаў, ніякіх рычагоў узьдзеяньня на Маскву і на Лукашэнку. Уся ініцыятыва зараз у руках Масквы і Лукашэнкі. Яны дыктуюць музыку, і яны пішуць сцэнар. І гэта небясьпечна ў першую чаргу для нашага беларускага руху. Таму што гэта сьведчыць, што будзе падтрымка з боку Масквы. Лукашэнка ўжо дамовіўся зь Мядзьведзевым, што Расея асуджае санкцыі, і атрымаў ад Масквы пэўныя гарантыі ў сваіх дзеяньнях. Маскве гэта выгадна, таму што яны робяць "выбары", і акрамя гэтага, прывязваюць Лукашэнку да сябе. І такім чынам могуць цалкам распараджацца яго палітыкай, якую ён ужо самастойна весьці ня можа. Для Лукашэнкі гэта выгадна як пэўная гарантыя працягнуць сваю ўладу з апорай на Маскву. Таксама, перавесьці стрэлкі з палітвязьняў, з Каваленкі зусім у іншую плоскасьць. Размова будзе ісьці аб іншым, а ў гэты час ён зможа зрабіць поўную зачыстку тэрыторыі перад «выбарамі» ў Беларусі.

Трэба байкатаваць гэты рэжым татальна


Вось уся гнюснасьць гэтай прапісанай з Масквой палітыкі -- яна зараз і пачалася. А  скончыцца, паўтараю, поўнай перамогай маскоўска-лукашэнкаўскай палітыкі, і ў выніку, як і ў 1998 годзе гэтыя паслы ціхенька вернуцца назад, з поўнай, як кажуць, паразай за часы "выбараў". Гэта вельмі, паўтараю, небясьпечная зьява для Беларусі. Вынік будзе такі, як я сказаў. Таму што гэтыя заходнія палітыкі ня маюць уяўленьня пра тое, што адбываецца ў Беларусі. У іх лібэральны склад думаньня. Яны так навучылі сваю апазыцыю ў Беларусі. Яны думаюць, што ў Беларусі змагаюцца за дэмакратыю. Яны змагаюцца за дэмакратыю, за правы чалавека на Беларусі. Уявіце сябе ў гітлераўскім райху, каб змагацца за дэмакратыю і за правы чалавека -- трэба змагацца супраць Гітлера, супраць фашызму! І просты рабочы, Сяргей Каваленка, гэта сказаў на ўсю Беларусь. За гэта трэба змагацца -- за Беларусь, за сьцяг, за кансалідацыю ідэі, супраць гэтага рэжыму. Вось супраць чаго трэба змагацца, а не ісьці на "выбары". Трэба байкатаваць гэты рэжым татальна.

Беларусы павінны кансалідавацца, абараняючы сваіх герояў


Трэба зьбіраць сілы на гэта змаганьне. А Захад змагаецца ў нас "за дэмакратыю". І вось такое мысьленьне прыводзіць да паразаў, адной за другой. Тое, што мы назіраем зараз - гэта чарговая параза Захаду. Але, як кажуць, нам бы іхнія праблемы. Самае важнае - гэта высновы, якія павінны зрабіць мы. І таму паўтаруся: пытаньне жыцьця і сьмерці Каваленкі не павінна адысьці ў цень. Гэта ёсьць галоўнае пытаньне. Калісьці вялікі мастак Рафаэль сказаў, што калі б гарэў дом, дзе гарэла б усё мастацтва, і гарэў бы кот - дык ён ратаваў бы ката. З пункту гледжаньня факталёгіі -- гэта сьмешна. А з пункту гледжаньня анталягічнага падыходу -- гэта правільна. Таму што нішто, што зроблена рукамі чалавека, ня мае значэньня перад тым, што зроблена Госпадам Богам. І жыцьцё гэтага чалавека, яго ідэі, яго барацьба, якую ён узьняў на ўсю Беларусь -- ніякага ня маюць параўнаньня з гэтай мышынай валтузьнёй, якую праводзяць Эўразьвяз і Масква на нашай тэрыторыі. Беларусы не павінны ісьці ў рэчышчы гэтай палітыкі, а ставіць свае пытаньні выжываньня нацыі, культуры, дэмакратыі і кансалідавацца на гэтай глебе, абараняючы сваіх герояў. Абараняючы жыцьцё сваіх людзей, якія гатовыя аддаць яго за ўвесь народ. Вось сутнасьць таго, што адбываецца.

Навумчык:  Трэба прызнаць, што ў большасьці беларускае грамадзтва засталося спакойным да судовага працэсу над Каваленкам і да ягонага лёсу (я не кажу зараз пра партыйных актывістаў, пра тых, хто быў на судзе і хто абмяркоўвае сытуацыю ў інтэрнэце). Чым Вы такую рэакцыю беларускага грамадзтва тлумачыце?

У мяне такое падозраньне, што Лукашэнка гатовы прадэманстраваць усім сваю сілу праз сьмерць Каваленкі


Пазьняк: Беларускае грамадзтва зьмянілася ў думках. Яно яшчэ не зьмянілася ў дзеяньнях, але першы этап яно ўжо прайшло. Яно ўжо думае па-іншаму. І нават той жа інтэрнэт, дзе вельмі спэцыфічныя людзі зьбіраюцца, але ён 100-працэнтова паказаў, як успрынялі барацьбу Сяргея Каваленкі. Таму гэта пытаньне часу. І важна, каб наша грамадзтва, грамадзкая думка не пайшлі ў сьляпы завулак, у апэндыкс, куды іх уцягвае эўрапейска-маскоўская палітыка. Яны зараз займаюцца маргінальным. Гэтыя паслы дзесяць гадоў назад выяжджалі, прыяжджалі назад -- гэта ніяк не ўплывае на наш лёс. Нас будуць душыць яшчэ мацней. Яны будуць паміж сабой нейкія там праблемкі вырашаць тактычныя, а ў нас людзей будуць кідаць у турму і кідаць на сьмерць. У мяне такое падозраньне, што Лукашэнка (гэта яго загад даць Каваленку два гады) гатовы прадэманстраваць усім сваю сілу праз сьмерць Каваленкі. У мяне ёсьць такая думка, што гэта так. І калі не дай Бог так здарыцца -- вось гэта ня можа быць тады пакінута без адказу. Вось гэта ўжо без адказу не павінна быць пакінута. Таму што гэта ўжо пяройдзена тая чырвоная рыса, якой ён страшыў Захад (ён страшыў Захад, бо ў яго быў плян зь Мядзведзевым, як гэта рабіць, яны ўжо пачалі гэта рабіць).

Навумчык: Я ўсё ж хачу вярнуцца да тэмы канфлікту з ЭЗ. На Ваш погляд, які аптымальны альгарытм паводзінаў у дачыненьні да Лукашэнкі, да афіцыйнага Менску мог бы быць з боку Брусэлю ці, шырэй, Захаду?

Які гэта "беларускі рэжым"? Гэта антыбеларускі рэжым


Пазьняк: З боку Брусэлю і з боку Захаду няма ніякага аптымальнага альгарытму. У іх проста няма дакладнай сыстэмнай палітыкі адносна гэтага рэжыму. Яны яго называюць, як і іхняя апазыцыя, -- "беларускім рэжымам". Ім ужо сто разоў сказана, паказана як і гэтай апазыцыі, якая сядзіць у турме, дарэчы, за, як кажуць, паслугу Лукашэнку - яны ўсё роўна яго называюць "беларускім рэжымам". Які гэта "беларускі рэжым"? Гэта антыбеларускі рэжым, які праводзіць этнацыд беларуска народа. І трэба называць рэчы сваімі імёнамі. І калі называць рэчы сваімі імёнамі, як назваў Сяргей Каваленка, тады робіцца зразумелай сутнасьць барацьбы. Але Захад ніколі гэтага не назаве. Яму перашкаджае іхняе лібэральнае думаньне. Бо тады трэба зусім другую палітыку праводзіць, зусім другія сілы ўключаць, зусім другую ідэалёгію. І мець нейкую канцэпцыю адносна Беларусі. Таму яны будуць жаваць гэтую жвачку, наконт "дэмакратыі ў Беларусі", і называць антыбеларускі рэжым Лукашэнкі "беларускім". Гэта ўжо немагчыма цярпець, таму што гэта зьнявага, так ня можна ставіцца да народа. Народ нішчаць, зьнішчаюць ягонае школьніцтва, культуру, мову, абплёўваюць, хваляць Гітлера -- а яны яго называюць "беларускім рэжымам", гэты рэжым. Што гэта за палітыка і што гэта за палітыкі? Яны што, сьляпыя? У якіх яны акулярах існуюць? Таму ніякага адказу эфэктыўнага з боку Брусэлю ня будзе. Ініцыятыва сёньня ў руках Масквы і Лукашэнкі, і гэтая ініцыятыва будзе ўвесь час. Я мог бы прапісаць, як усё будзе разьвівацца па гэтым сцэнары, але скончыцца, паўтараю, тым, што ціхенька гэтыя паслы вернуцца, зробяць выгляд, што нейкія зрабілі саступкі, -- пасьля таго, калі гэты рэжым зачысьціць усё ў Беларусі і сфальсыфікуе чарговыя выбары. Вось тады ўсё наладзіцца, пачнуць тады ізноў, выпусьцяць некаторых вязьняў. Гэта такая гнюсная гульня, у якую абодва бакі гуляюць. Таму паўтараю, што сымэтрычнага адказу з Брусэлю ня будзе, бо яго не існуе.

Навумчык: Сёньня Ўладзімер Пуцін заявіў, што гэты канфлікт не перашкодзіць інтэграцыйным працэсам паміж Беларусьсю і Расеяй. Таксама, мы бачым у апошнія тыдні такія крокі з боку афіцыйнага Менску, якія можна ацаніць як яшчэ больш шчыльнае прывязваньне Беларусі да Масквы -- ну хаця б фактычны пераход сыстэмы супрацьпаветранай абароны пад кантроль расейскага генштабу. На Вашую думку, да якіх межаў у тым, што Вы называеце здачай сувэрэнітэту, можа пайсьці Лукашэнка? Ці ёсьць нейкая мяжа, перад якой ён можа спыніцца? Ці няма мяжы і ён ня  спыніцца?  

Фраза Пуціна  празрыста паказвае, у чым сутнасьць дамовы Лукашэнкі і Масквы


Пазьняк: Для яго няма мяжы, калі справа будзе ісьці аб яго ўладзе і аб яго існаваньні. Што датычна фразы Пуціна, што гэта не перашкодзіць інтэграцыі, дык гэта -- дыпляматычная фраза, якая паказвае, што -- вось, Лукашэнка, мы павінны зараз цясьней аб’яднацца, ня толькі войска, мы павінны і грошы мець агульныя, мы павінны і прадпрыемствы мець агульныя, і гэтак далей. Яны пра гэта і дамовіліся, магчыма, нават стварыўшы графік гэтай палітыкі. Таму гэтая фраза Пуціна вельмі празрыста паказвае, у чым сутнасьць дамовы Лукашэнкі і Масквы і ў чым сутнасьць гэтай палітыкі з амбасадарамі Эўразьвязу, якая толькі што пачалася.

Паўтараю, што ніякіх дамоў з рэжымам Лукашэнкі ня можа быць. Ніякага становішча, якое можна было б палепшыць, дэмакратызаваць -- не існуе. Гэта антыбеларускі, антыдэмакратычны рэжым, які працуе ў інтарэсах сваёй улады, выкарыстоўваючы інтарэсы чужой дзяржавы. І чужая дзяржава зьяўляецца значна мацнейшай і ў палітычным, і ў эканамічным сэнсе, і ўрэшце скончыцца тым, што ён здасьць усё. І застанецца як пацук, загнаны ў кут. Паўтараю, ён вельмі небясьпечны для існаваньня нашай нацыі. Вось пра гэта трэба думаць - як ліквідаваць гэты рэжым, як аб’яднаць нацыю на барацьбу з рэжымам, а не за "дэмакратыю ў рэжыме". Ня будзе дэмакратыі ў рэжыме, у прынцыпе яна ня можа быць.

 

Дадаць у: