НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Інтэрв’ю

Пазьняк: «Упершыню за 200 гадоў акупацыі народны рух прывёў да перамогі»

Пазьняк: «Упершыню  за 200 гадоў акупацыі  народны рух прывёў да перамогі»

Аўтар інтэрв’ю Віталь Цыганкоў


«БНФ быў сапраўдным народным рухам»


Цыганкоў: Якое значэньне мела ўтварэньне БНФ для беларускай гісторыі, для набыцьця краінай незалежнасьці? Як вам бачыцца роля БНФ цяпер, праз 25 гадоў?


Пазьняк: Стварэньне Беларускага Народнага Фронту было і заканамернай, і адметнай зьявай у нашай гісторыі. Заканамернай — таму што змаганьне за волю і Беларусь не спынялася ніколі за часы акупацыі. Калі не шугала полымя, то тлелі іскры. Але народ ніколі ня быў мёртвым.


Адметнай — таму што ўпершыню за 200 гадоў акупацыі гэты народны рух прывёў да перамогі. Была здабыта рэальная незалежнасьць, створаная рэальная беларуская дзяржава, суб’ект міжнароднага права з усімі атрыбутамі незалежнасьці, унутранай і міжнароднай палітыкі і прызнаньня ў сьвеце.


Кажучы пра адметнасьць, дадам, што народны рух у БССР узьнік і быў арганізаваны тады даволі хутка. Штуршком для паскарэньня паслужыла адкрыцьцё Курапатаў (чэрвень 1988-га) і ганебная параза камуністаў 30 кастрычніка 1988-га году на Дзяды (правал рэпрэсіўнай правакацыі супраць БНФ). Курапаты (калі беларусы даведаліся пра камуністычны генацыд) былі для грамадзтва як выбух атамнай бомбы. Ён падштурхнуў людзей да актыўнай пазыцыі.


24-25 чэрвеня 1989 года, калі адбыўся Першы Ўстаноўчы зьезд БНФ Адраджэньне, Фронт уяўляў ужо масавы агульнабеларускі рух, у якім бралі ўдзел дзясяткі тысяч чалавек. Было створана ўжо 500 фронтаўскіх арганізацыяў, а ў першы Сойм (55 асобаў) увайшлі таксама беларусы з Вільні, Беластока, Рыгі, Таліна, Масквы. Стваралася лавіна, якая ішла па перамогу і здабыла яе.
БНФ быў сапраўдным народным рухам з сур’ёзным прадстаўніцтвам усім сацыяльных і нацыянальных пластоў насельніцтва, аб’яднаных беларускай нацыянальнай ідэяй і імкненьнем да дэмакратыі. Сярэдні і асноўны ўзрост сяброў БНФ — 40-45 гадоў. Гэта тыя людзі, на якіх трымаецца грамадзтва, сям’я і вытворчасьць. Гэта рэальная грамадзкая сіла. Асноўны адукацыйны ўзровень БНФ — вышэйшы. Асноўная прафэсія — навуковыя і інжэнэрна-тэхнічныя працаўнікі. Далей ішлі творчыя працаўнікі, рабочыя, выкладчыкі, настаўнікі і г.д.


Пра цяперашнюю ролю БНФ. У 1999-ым годзе Народны Фронт быў расколаты, і фактычна, паралізаваны ў выніку аб’яднанай палітыкі рэжымнай улады, КГБ, Лубянкі і Бэрліну. Прытым заходні чыньнік згуляў вырашальную ролю. Рэжым (а раней камуністы і КГБ) у барацьбе з намі ставілі на ўладу і агентуру.Існуюць дзьве партыі БНФ. Адна ўдзельнічае ў палітычных мерапрыемствах, праектах і сцэнарыях антыбеларускага рэжыму, нясучы паразу за паразай.​​Мы навучыліся з гэтым змагацца яшчэ ў 80-х. Захад жа ставіў на грошы («халяву»), на дэмакратычную дэмагогію і палітычны турызм. Гэтая зброя аказалася фатальнай для часткі нашага зьбяднелага грамадзтва. Фронт раскалолі і дабівалі па частках.


Рэальнага шырокага народнага руху БНФ цяпер не існуе. Але ёсьць фронтаўскія ідэі Адраджэньня і фармальная арганізацыя руху. Існуюць дзьве партыі БНФ. Адна ўдзельнічае ў палітычных мерапрыемствах, праектах і сцэнарыях антыбеларускага рэжыму, нясучы паразу за паразай. Другая (КХП БНФ) не ўдзельнічае ў палітычных маніпуляцыях антыдэмакратычнай улады і працуе на будучыню краіны, робячы чарнавую працу, якая спрыяе перамене асяродзьдзя. Будучыня можа быць толькі нацыянальнай, толькі беларускай. Іншай будучыні ў Беларусі няма.


«Палітыка — гэта воля і сіла»


Цыганкоў: У канцы 80-х БНФ быў агульнадэмакратычным масавым рухам, куды ўваходзілі самыя розныя людзі, часам з рознымі перакананьнямі. Далей адбылася фрагмэнтацыя палітычнага поля, ствараліся новыя партыі з даволі строгай ідэйнай накіраванасьцю — кансэрватыўныя, лібэральныя, сацыял-дэмакратычныя. Роля Фронту адпаведна зьменшылася. Ці было гэта аб’ектыўным і неабходным працэсам альбо гэта аслабіла Фронт і ягоны ўплыў на грамадзтва?

Пазьняк: У рэальнасьці ўсё выглядалі інакш, чым у той агульна-вучэбнай мёртвай схеме, якую вы толькі што працытавалі.
У БНФ уваходзілі людзі, якія прымалі Статут і Праграму БНФ і беларускія адраджэнскія каштоўнасьці. Яны мелі часам розныя погляды і думкі, але не «перакананьні». Тыя, што ўскочылі з «рознымі перакананьнямі» — хутка адышлі. А што спрабаваў шкодзіць, быў выдалены. У сэнсе праграмы і палітыкі, у Фронце было поўнае адзінства і добрая кіруемасьць (гэта значыць, кожны рабіў тое, што вырашылі, а ня тое, што хоча). У Вярхоўным Савеце, напрыклад, камуністы адкрыта зайздросьцілі нашай дысцыпліне і арганізаванасьці.


Аб партыях. У пачатку 90-х, змагаючыся з Фронтам, КГБ стварыў шэраг партыяў: некалькі «хрысьціянскіх», так званую «нацыянал-дэмакратычную» ды іншыя. Утвораныя ў гэты час малыя партыі былі інфільтраваныя агентурай. Усе гэтыя партыі і арганізацыі адразу пачалі лямант аб патрэбе аб’яднаньня «ўсіх дэмакратычных сілаў». Гэта клясічны прыём усіх спэцслужбаў у змаганьні з моцнай народнай ці рэвалюцыйнай палітычнай сілай (выкарыстоўвалі такое і за царом, і бальшавікі, і палякі). Нам гэтая азбука была вядомай, а «лямант» дапамог хутчэй выявіць агентуру ў Фронце (яна адразу выявілася «за аб’яднаньне»).Пасьля расколу Фронту ўсе малыя партыі (уключна з новакамуністамі) ўзьняліся пры дапамозе Захаду і стварылі гэтак званую «аб’яднаную апазыцыю», маразм якой грамадзтва назірае па сёньняшні дзень​​Адзіную партыю, якую стварыў БНФ (спэцыяльна выдзелілі дзеля гэтага з Сойму БНФ Алега Трусава, Міхала Ткачова, Міхала Чарняўскага і інш.) — гэта была Сацыял-дэмакратычная Грамада. Пазьней, пасьля сьмерці Ткачова, агентура ўсё ж пашчыпала яе на кавалкі.


Пасьля расколу Фронту ўсе малыя партыі (уключна з новакамуністамі) ўзьняліся пры дапамозе Захаду і стварылі гэтак званую «аб’яднаную апазыцыю», маразм якой грамадзтва назірае па сёньняшні дзень. А ўвогуле ў палітыцы няма «аб’ектыўных» працэсаў. Палітыка — гэта воля і сіла. Аб’ектыўныя працэсы могуць быць у грамадзтве.


«БНФ нідзе наўпрост не фармуляваў пра дасягненьне ўлады як задачы»


Цыганкоў: БНФ не ўдалося ўзяць уладу ў 91-ым, далей у 94-ым гадах. Чаму так адбылося? Ці гэта было непазьбежным вынікам тагачаснага ўзроўню разьвіцьця беларускага грамадзтва ці былі дапушчаныя нейкія памылкі ў тактыцы ці стратэгіі кіраўніцтвам Фронту?


Пазьняк: Як гэта не падасца камусьці дзіўным, але БНФ нідзе наўпрост не фармуляваў пра дасягненьне ўлады як задачы. Тое як бы само сабой разумелася і было за кадрам. (Гэта дыктавалася тактыкай замаўчаньня, каб не даваць падставы камуністам для юрыдычных інсінуацыяў.) Задачы, сфармуляваныя Фронтам, мусілі рэалізоўвацца ў працэсе змаганьня, яшчэ ня маючы ўлады. Гэта сувэрэнітэт і незалежнасьць, ліквідацыя камуністычнай сыстэмы, высьвятленьне праўды пра Чарнобыль, стварэньне антычарнобыльскага заканадаўства і ратаваньня здароўя нацыі, дзяржаўнасьць беларускай мовы, вяртаньне нацыянальнай сымболікі ў дзяржаўны ўжытак, дэмакратыя, прыватызацыя, увядзеньне беларускіх грошай, стварэньне беларускага войска, рынкавыя рэформы.


​​За тры гады неверагоднага змаганьня (да 1992-га) практычна ўсё гэта цалкам ці часткова ўдалося ажыцьцявіць. Гэта ёсьць палітычны подзьвіг БНФ. І адна з прычын такога подзьвігу — добрая палітыка Фронту, якая, дзякуючы ахвярнасьці фронтаўцаў і дысцыпліне, пазьбегла памылак. Памылкі рабілі ўсясільныя тады камуністы, часам проста дурацкія (таму і прайгралі). Лапідарна кажучы, гэта была тады агромістая, магутная чарада бараноў, кіруемая бездарамі, у якіх было ўсё: войска, фінансы, СМІ, спэцслужбы — уся ўлада. Не было толькі ідэі, за якую можна было ахвяравацца (свая скура — гэта не ідэя).


Дарэчы, прапаганду пра нібыта «памылкі» Фронту прыдумалі ворагі БНФ, якія дапамагалі ўсталёўваць дыктатуру.
Цяпер пра ўладу. Чаму нацыянальныя прыбалтыйскія франты пасьля краху СССР лёгка перанялі ўладу, а франты ў Беларусі і Ўкраіне — не перанялі? Адказ просты. Таму што камуністычная ўлада ў прыбалтыйскіх краінах была нацыянальнай, імкнулася да сувэрэнітэту і не перашкаджала ў гэтым сваім франтам (нават спрыяла). Улада і сувэрэнітэт там не былі грамадзкай праблемай, а толькі пытаньнем часу.
У Беларусі камуністычная партыя-ўлада была зацята антыбеларуская, партызанска-энкавэдысцкая, якая вытаптала, вынішчыла ўсё беларускае ў грамадзкім жыцьці: і культуру, і школу, і мову, глядзела толькі на Маскву і нават слова такога, як «сувэрэнітэт», ня ведала.


Вось з гэтай антынацыянальнай уладай мусіў найперш змагацца за волю, мову, незалежнасьць і сувэрэнітэт Беларускі Народны Фронт (Прыбалтыка? Нам бы іхнія праблемы!) Але адна справа змагацца з такой уладай за інтарэсы і другая — змагацца з гэтай уладай за ўладу. Сілы несувымерныя.


Уладу камуністычная намэнклятура пакінула за сабой, заплаціўшы за яе дарагую цану: пад ціскам БНФ адмовілася ад камуністычнай партыі і згадзілася на незалежнасьць Беларусі. Зьнесьці намэнклятуру з улады можна было толькі збройнай альбо вялікай масавай грамадзкай сілай. Такой сілы не было.


1994 год. Лукашэнка — гэта прафэсійна распрацаваны маскоўскі праект (ён і сам гэта пацьвярджае). Праект, аднак, меў істотны недахоп, у выніку якога Фронт перамагаў бы ў другім туры галасаваньня. Чаму тое не сталася, ужо сто разоў гаворана і перагаворана (і ня толькі мной) і напісана.


Шчыра скажу (і прасіў бы не крыўдаваць), мяне часам зьдзіўляюць бясконцыя (ужо 20 гадоў) адны і тыя ж пытаньні, чаму Фронт не ўзяў уладу ў 1991-м і г.д. Хаця тут, па сутнасьці, пытаньня няма. Усё відавочна.

«Гэта паразытныя структуры, якія спажываюць заходнюю падтрымку і займаюцца палітычнай імітацыяй»


Цыганкоў: Чаму БНФ не ўдалося захаваць сваю еднасьць, што прывяло да расколу ў шэрагах БНФ у 1999-ым годзе? Ці быў гэта аб’ектыўны працэс альбо вы тлумачыце яго больш нейкімі асабовымі, суб’ектыўнымі прычынамі?

Пазьняк: На гэтае пытаньне я ўжо фактычна адказаў у пачатку. Зазначу толькі, што пад акупацыйным рэжымам, калі плянамерна нішчыцца нацыя, культура, грамадзкая супольнасьць, «аб’ектыўных» працэсаў у партыі, якая супрацьдзейнічае такой палітыцы, не існуе. Тут, практычна, усё абумоўлена вонкавымі прычынамі.

Цыганкоў: Як вы ацэньваеце стан і пэрспэктывы партыі, якую вы цяпер узначальваеце — КХП-БНФ? Часта па многіх пытаньняў партыя займае пазыцыю, адрозную ад іншых беларускіх апазыцыйных партыяў, якіх і вы асабіста часта крытыкуеце. Чаму так адбываецца?


Пазьняк: На гэтае пытаньне я ўжо таксама ў агульным адказаў. А вось «чаму так адбываецца?» — адказ таксама просты. Таму што мы ёсьць беларускай адраджэнскай дэмакратычнай партыяй, якая стаіць на ідэалах БНФ, сыходзіць з нацыянальных інтарэсаў нашай краіны, нашага народу, і адлюстроўвае беларускую нацыянальную палітыку.


Тыя, якіх вы назвалі «беларускія апазыцыйныя партыі» — нацыянальную палітыку не адлюстроўваюць і нацыянальнай палітыкай не займаюцца. Гэта паразытныя структуры, якія спажываюць заходнюю падтрымку і займаюцца палітычнай імітацыяй дзеля апраўданьня свайго існаваньня. Цалкам магчыма, што пры зьмене ўлады іх прыйдзецца зьмятаць разам з рэжымам.


http://www.svaboda.org

Дадаць у: