НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

Пра абмен палонных і палітыку разбурэньня Беларусі

Пра абмен палонных і палітыку разбурэньня Беларусі

ПРА ПЫТАНЬНЕ АБМЕНУ ПАЛОННЫХ ВА ЎКРАІНЕ

НА АСУДЖАНЫХ У БЕЛАРУСІ

І ПРА ПАЛІТЫКУ РАЗБУРЭНЬНЯ БЕЛАРУСІ

КОШТАМ РЫТОРЫКІ ПРА ВЫЗВАЛЕНЬНЕ ПАЛІТВЯЗЬНЯЎ


Мінула больш за месяц з таго часу як я зьвярнуўся зь лістом да прэзыдэнта Уладзімера Зяленскага і да Аляксандра Лукашэнкі з прапановай улічыць магчымасьць і абмяняць двух расейскіх палонных беларускага паходжаньня (якія напісалі А. Лукашэнку пра абмен) на двух палітвязьняў у Беларусі -- Вольгу Залатар і Дзяніса Івашына. Гэта асаблівы выпадак, які можна было скарыстаць, каб вызваліць двух асуджаных у Беларусі.

З украінскага боку на другі ж дзень мне прыслалі адказ, што мая прапанова накіравана для разгляду ў ГУР і СБУ. Нядаўна, 19-га верасьня, я атрымаў таксама паведамленьне з Украіны, што пытаньне разглядаецца ў Каардынацыйным штабе па пытаньнях дачыненьняў з ваеннапалоннымі.

З Беларусі ніякай інфармацыі я ня меў.

Сітуацыя пацьвярджае, што ўкраінскі бок гэтым пытаньнем займаецца, але зь беларускага боку нічога не вядома. Ня думаю, аднак, што мая прапанова там адкінута. Зыходзячы з палітычнай сітуацыі, якая цяпер складваецца, Менску было б вельмі дарэчы верагоднасьцю абмену палонных скарыстацца. Магчыма, хіба толькі калі дапусьціць, быццам становішча згоршыла так, што Лукашэнка ўжо ня ў стане прыняць самастойнае рашэньне без дазволу Масквы, то тады справа ня зрушыцца. Праўда, што датычыць палітвязьняў, то тут прэрэгатыва якраз Лукашэнкі.

З другога боку, сітуацыя з магчымасьцю абмену Вольгі Залатар і Дзяніса Івашына паказала поўную абыякавасьць да іхняга лёсу з боку руска-створанай так званай "газпрамаўскай апазыцыі" -- Групы Франака- Ціханоўскай, Паўла Латушкі і інш. За ўвесь гэты час з іхняга асяроддзя не было сказана ні аднаго слова падтрымкі, ні нават намёку на вызваленьне з турмы гэтых канкрэтных людзей. Прадэманстравана незацікаўленасьць. У той жа час прадстаўнікі гэтых групаў па некалькі разоў былі ў Кіеве, але гаворкі пра абмен Івашына і Залатар не вялося.

Тым часам з вуснаў гэтых спадароў і спадарынь пастаянна і паўсюдна гучаць голасныя звароты да міжнародных структураў і ўрадаў, каб яны патрабавалі ад Лукашэнкі выпусьціць палітвязьняў, а калі, маўляў, ня выпусьціць, то накласьці на Беларусь і ўвесьці за гэта ўсё новыя і жорсткія эканамічныя санкцыі (фактычна, супраць беларускага народа).

Нядаўна журналістка Натальля Радзіна, якую запрасілі ў Брусэль, сказала там літаральна наступнае.

Цытата: "Есть быстрый и действенный способ спасения политзаключенных – полностью остановить торговлю с режимом Лукашенко и транзит товаров через территорию нашей страны. Поверьте мне, через очень короткое время после закрытия границ для товаров режим пойдет на попятную и начнет освобождать людей из тюрем. Думаю, экономики стран ЕС могут выдержать эту паузу в торговле с преступным режимом, а остановка транзита усилит давление на лукашенковскую хунту со всех сторон, включая Россию и Китай, которые, уверена, также ради своих финансовых интересов будут вынуждены призвать диктатора освободить узников совести.

Также ультимативно нужно действовать и в отношении белорусских посольств в странах Запада, которые по распоряжению Лукашенко прекратили выдачу паспортов и других документов сотням тысяч белорусских беженцев, которые вынуждены были бежать из страны после событий 2020 года. Закрывайте белорусские посольства, выдворяйте лукашенковских дипломатов!" (https://mb6k2s-c97-org.cdn.ampproject.org/c/s/mb6k2s.c97.org/ru/news/2023/9/14/563708/)

Працытаванае выслоўе ня ёсьць выказваньнем асобы-палітыка, але журналісткі (якім усё дазволена казаць і за словы свае не адказваць). Таму няма сэнсу камэнтаваць гэтае дзікае прафанства. Але зьвяртаю ўвагу на тое, што па думцы сваёй яно ськіравана на зьнішчэньне дзяржаўнасьці Беларусі, на разбурэньне структураў і атрыбутаў яе суверэнітэту і незалежнасьці.

Магчыма, з прычыны палітычнага дылетантызму спадарыня сама не разумее, што кажа. Хаця -- сумняваюся.

Ва ўсіх войнах, ва ўсіх канфліктах і крызісах, у час усіх рэжымаў, акупацый, рэвалюцый і барацьбы галоўнай задачай палітыкі нацыі, задачай нумар адзін ёсьць зьберажэньне дзяржавы. Гэтае пытаньне першаснае, галоўнае і найважнейшае. Страціўшы дзяржаву, ні пра якую нацыю, ні пра якую нацыянальную культуру, ні пра якую дэмакратыю, ні пра якую нацыянальную эканоміку і гаспадарку, ні пра якія правы чалавека і таму падобнае ня можа быць мовы. Няўжо гэтага ня ведаюць тыя, што множаць заклікі на зьнішчэньне структураў і атрыбутаў беларускай незалежнай дзяржавы?

Слухаючы вышэйадзначаных асобаў і іхнюю рыторыку, якая ўпарта паўтараецца тры гады запар, узьнікае сумнае пытаньне: Чаму яны, фактычна, так ненавідзяць Беларусь, яе дзяржаўнасьць і яе народ?

Нават цяжка адказаць на такое пытаньне. Яны ёсьць грамадзянамі гэтай харошай краіны, нарадзіліся і жылі там. Чым яна ім так ненавісная, што сваю нянавісьць да ўзурпатара Лукашэнкі яны перакідваюць на ўсю дзяржаву, за якую змагаліся і за якую паклалі жыцьці цэлыя пакаленьні беларусаў? Ну, гэтыя ж асобы ня дурні, каб не разумець, што кажуць. Значыць, тут ёсьць іхняя пазыцыя. Чаму яна такая? Што гэта за адхіленьне ад рэчаіснасьці і ад здаровага сэнсу?

Я знарочыста не падымаю тут пытаньня пра агентуру і агентурнасьць, і пра тое, як гэтыя асобы трапілі за мяжу, бо ёсьць сутнасьці чалавечага лёсу, за якія адказны ёсьць чалавек ня толькі перад народам, але перад Богам.

Фактам ёсьць тое, што рыторыка пра вызваленьне палітвязьняў, якая бясконца гучыць з роту гэтых людзей вось ужо тры гады, рыторыка гэтая выкарыстоўваецца імі толькі як нагода для таго, каб патрабаваць эканамічных санкцыяў супраць народу Беларусі і разбурыць Беларускую дзяржаву пад выглядам барацьбы з Лукашэнкам за вызваленьне палітзьняволеных. Жыцьці і лёсы палітвязьняў рэальна іх не цікавяць. Прыклад з магчымасьцю вызваленьня Вольгі Залатар і Дзяніса Івашына добра тое засьведчыў. (Характэрна, што Натальля Радзіна ў пераліку вядомых палітзьняволеных нават не адзначыла Дзяніса Івашына. І тое не выпадкова.)

У гэтай справе ўсё ўжо даўно растлумачана, усё даўно ўбачана і ўсё зразумела. І тым ня менш, тры гады гэтыя асобы робяць і паўтараюць адно і тое ж, адно і тое ж: патрабуюць эканамічных санкцыяў за палітвязьняў (якіх рэальна не зьбіраюцца вызваляць), патрабуюць татальнага блакаваньня краіны (значыцца, хай задыхнецца Лукашэнка разам з усёй нацыяй!) Толькі сутнасьць якраз у тым, што пры існуючым раскладзе палітыкі нацыя сапраўды задыхнецца ў няшчасьці, а Лукашэнка застанецца. Такое ўжо праглядаецца. Фактычна, і рэжым Лукашэнкі, і гэтыя "дэмасобы" гнобяць беларускі народ з абодвух бакоў.

Пытаньне ўзьнікае толькі адно. І яно ня простае: чаму і навошта яны тое робяць?

Ня буду тлумачыць прычыны, але магчыма, тут ёсьць першае пытаньне, на якое ім прыдзецца адказаць на судзе. І можа нават на Судзе Божым.


24 верасень 2023 г. Зянон ПАЗЬНЯК

 

bns-volnayabelarus.org

Дадаць у: