НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

ПРА АТАКУ НА САХАШЧЫКА

ПРА АТАКУ НА САХАШЧЫКА

Людзі, якія адпадаюць, адмаўляюцца і выходзяць прэч з рэжымнай сістэмы, як правіла, зазнаюць перасьлед з боку сістэмы, часам вельмі жорсткі.  Акупацыя Беларусі расейскім войскам і напад маскоўцаў на Украіну прымусілі нават людзей, да гэтага часу лаяльных да прадажнай улады, рабіць выбар. Але толькі адзінкі засьведчылі яго публічна. Адпаведна яны апынуліся ў турме альбо ў эміграцыі. 

Падпалкоўнік Валеры Сахашчык стаў дэсідэнтам сістэмы, але шлейф сістэмы будзе цягнуцца за ім і душыць сьведчаньнем павязанасьці зь яе існаваньнем. 

 Нядаўна КГБ зрабіў ператрус у бацькоў і ў беларускім доме сп. Сахашчыка і зьмясьціў у Сеціве (праз падстаўных асобаў) фотакопію зь яго расейскага пашпарта (хоць Сахашчык жыве па беларускім пашпарце) як сьведчаньне яго "павязанасьці" з рашай. 

Сьведчаньне, аднак, нікчэмнае, мае сваё тлумачэньне (звычайна "вяжуць" крывёй, карупцыяй, вярбоўкай спэцслужбаў ды грашыма). 

Вэрхал, усчаты ў СМІ і ў сацыяльных сетках, таксама нікчэмны. Кантора ня ў стане абвінаваціць афіцэра ў парушэньні закона, маралі, ці нават дысцыпліны. Гэбэ павыцягваў з сацсетак розныя даўнія фатаграфіі Сахашчыка: то ён стаіць пад партрэтам прэзідэнта Башыра Асада і ганарыцца здымкам, то ў групе будаўнікоў сваёй будаўнічай фірмы (дарэчы ці не найлепшай ў Эўропе) і паведамляе, што фірма пабудавала гмах Інстытута ФСБ у Калінінградзе, то ён сфатаграфаваны зь нейкай жанчынай на руках (у сапраўднасьці гэта яго жонка) і г. д. Не паведамілі толькі яшчэ, што ён быў ідэйным камуністам і членам КПСС (зь якой разьвітаўся, дарэчы, за паўгода да путчу).  

Усё накіравана на тое, каб стварыць ўражаньне, што Сахашчык не парваў з рашысцка-лукашысцкай сістэмай, што давяраць яму нельга, глядзіце, маўляў, беларусы «будьте бдітельны» -- клапоціцца гэб“ё. І, нарэшце, падносяць каронны (як яны думаюць) «антыукраінскі» аргумэнт на падпалкоўніка. Знайшлі, што гадоў 7-8 таму ён паведаміў у сацсетках, што ў 1944 годзе ягонага дзеда, які быў камандзірам савецкага партызанскага атрада, забілі бэндэраўцы, і таму ён «супраць  бэндэраўцаў». 

Але вось цяпер, калі фашысцкая раша захапіла Беларусь і напала на Украіну, гэты ўнук забітага ў той вайне дзеда, які ваяваў з бэндэраўцамі, выступіў са зваротам да беларускіх вайскоўцаў, каб яны не ваявалі супраць украінцаў і паехаў ва Украіну, каб ствараць беларускія вайсковыя аддзелы ва ўкраінскай арміі і дапамагаць украінцам біць рашысцкую навалач. Гэбоўская кантора, відаць, спадзяецца, што ўкраінцы не разьбяруцца ў такіх простых жыцьцёвых абставінах.

Ёсьць некалькі схаваных прычынаў рэжымнай атакі на падпалкоўніка Сахашчыка. 

Першая -- гэта яго прафэсійная функцыя ў стварэньні аддзелаў Беларускага вызвольнага войска. 

Другая -- гэта падтрымка антываеннай, антыакупацыйнай пазыцыі Сахашчыка з боку маёй асобы як сябра БНС нацыянальна-вызвольнага руху «Вольная Беларусь» (што звычайна  напружвае антыбеларускі рэжым). 

Трэцяя прычына вынікае з матывацыі ўзбудзіць непрыняцьце асобы Сахашчыка ў асяроддзі беларусаў нацыянальна-вызвольнага руху. 

Чацьвертая прычына (бадай што, галоўная) абгрунтавана матывацыяй узбудзіць недавер да асобы падпалкоўніка Валеры Сахашчыка ва Украіне і ва ўкраінскага кіраўніцтва, бо якраз там, ва Украіне, можна фармаваць беларускія ваенныя аддзелы і змагацца з рашысцкім акупантам у шэрагах украінскай арміі.

Канешне, дэсідэнцтва падпалкоўніка Сахашчыка абярнулася для яго нечаканымі цяжкасьцямі. Вялікае напружаньне. Падводзіць здароўе. Паехаць у Беларусь ратаваць бацькоў -- немагчыма. Там чакае турма альбо па крымінальным лукашысцкім законе – расстрэл. (Я ўжо не кажу пра цалкам тупіковы "Пераходны кабінэт" каля Франака Вячоркі і Ціханоўскай, куды ўвайшоў Сахашчык і дзе нічога зрабіць немагчыма).  

Але, тым ня менш, лукашысцка-рашысцкай агентуры ня ўдасца заблакаваць ініцыятыву па стварэньні аддзелаў Беларускага войска. Яно ўжо існуе ў фармацыі палка Каліноўскага ды ствараемага палка Пагоня. Падтрымка беларусамі барацьбы ўкраінцаў супраць рашысцкіх акупантаў і разбудова беларускіх вайсковых аддзелаў у сістэме ўкраінскіх ўзброеных сілаў ня спыніцца. Наперадзе перамога Украіны і вызваленьне Беларусі. Слава Украіне! Жыве Беларусь!

 

15 верасень 2022 г. Зянон ПАЗЬНЯК

 

narodnaja-partyja.org

Дадаць у: