НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Артыкулы

Працуйма для Народнага галасаваньня

Працуйма для Народнага галасаваньня

Гэты мой ліст у першую чаргу да патрыётаў Беларусі і да маіх прыхільнікаў, перад якімі я заўсёды адкрыты.

***

Ультыматум ЦВК, выказаны 18-га студзеня спадарыняй Ярмошынай, засьведчыў, што сабраныя намі подпісы, ня будуць прызнаныя, нібыта за тое, што мы распаўсюджваем інфармацыю пра Народнае галасаваньне.

Учора, 22 студзеня, нашым зборшчыкам подпісаў у Менску не дала працаваць міліцыя. Затрымалі і арыштавалі шэраг асобаў (у тым ліку і кіраўніка Ініцыятыўнай групы і выбарчага штабу С. Папкова), склалі надуманыя пратаколы, тайнякі фатаграфавалі нашыя групы. У міліцыі прагаварыліся, што ўсе гэтыя матэрыялы яны робяць для ЦВК. Рэжым пайшоў ва-банк. Закон на бок. Яны дэманструюць, што гатовыя разьбіцца ў блін, але не пусьціць мяне ў Беларусь.

Паўстае пытаньне, што рабіць? Зьбіраньне подпісаў (ужо сабрана каля 125 тысячаў) робіцца бяссэнсоўным як і перадача іх у ЦВК.

Пасьля кансультацыяў з кіраўніцтвам Партыі БНФ і Ініцыятыўнай групы прашу ўсіх аб наступным:

– прадаўжаць зьбіраць подпісы і адначасна (галоўнае) распаўсюджваць інфармацыю пра Народнае галасаваньне. Сэнс усёй нашай дзейнасьці – інфармаваць людзей і падрыхтаваць Народнае галасаваньне.

Народнае галасаваньне дае законную магчымасьць заблякаваць супэрмашыну фальсіфікацыі. Сэнс Народнага галасаваньня не ў абраньні прэзыдэнта, а ў выкідваньні Лукашэнкі з выбарчага працэсу. Гэта першы этап. Другі этап – дэмакратычныя выбары без Лукашэнкі. Такім чынам, два этапы.

Адным прыёмам (гэта значыць выбарамі па схеме рэжыму) перамагчы рэжым не магчыма. Нагадаю, у 2004 г. завершана супэрмашына фальсіфікацыі. Галасы ўжо нават ня лічаць. Падпісваюць гатовыя пратаколы галасаваньня, падрыхтаваныя адміністрацыяй. Гуляць з такой зачыненай сістэмай, тое самае, што старацца абыграць напарстачніка, ці ляцець на Месяц на самалёце. Павінен быць іншы прынцып і падыход. Ён ёсьць. Ён законны. Гэта добрая магчымасьць для нацыі скінуць з сябе ганебны прамаскоўскі рэжым. Усе за працу – і пераможам!

***

Мой ўдзел у гэтай выбарчай кампаніі разьлічаны не на шансы стаць прэзыдэнтам (яны адсутнічаюць ва ўсіх акрамя Лукашэнкі), але на стымуляваньне Народнага галасаваньня. Збор подпісаў за мяне – гэта здабыцьцё мне легальнай (абароненай імунітэтам) магчымасьці вярнуцца ў Беларусь. Рэжым зразумеў гэта цалкам толькі ў сярэдзіне студзеня, калі ўбачыў нашыя тэмпы. Таму суматошліва, сумбурна зьявіўся такі цынічны ўльтыматум аб непрызнаньні заранёў нашых сабраных подпісаў.

Але мы ня станем па-пустому дыскутаваць і судзіцца з залежнымі ад рэжыму людзьмі. Мы будзем змагацца за Народнае галасаваньне і не змарнуем час. Рашэньне аб дачыненьнях з ЦВК мы прымем і аб’явім у канцы зборчага тэрміну.

23 студзеня 2006 г.

Зянон Пазьняк

Дадаць у: