НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Артыкулы

ПРЭЧ АКУПАЦЫЙНЫ ЧАРНОБЫЛЬ!

ПРЭЧ АКУПАЦЫЙНЫ ЧАРНОБЫЛЬ!
Дарагія беларусы!
Чатырнаццаць гадоў таму саветы стварылі нам радыяцыйны Чарнобыль — выклікалі катастрофу на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі ля мяжы зь Беларусьсю. Сьмяртэльна зьнячысьцілі беларускую зямлю. Потым, па загаду з Масквы, расейскія савецкія самалёты расстрэльвалі і апускалі радыёактыўныя хмары на галовы беларускага насельніцтва Магілёўскай і Гомельскай вобласьцяў. 70 адсоткаў усёй чарнобыльскай радыяцыі скінулі на Беларусаў расейскія камуністычныя варвары. Затым, каб забіць нас, іхныя псэўдавучоныя прыдумалі для беларусаў 35-бэрную канцэпцыю пражываньня, накіраваную на выміраньне людзей у радыяцыйна забруджаных зонах, а прадажная расейская прафэсура сьцвярджала, што радыяцыя карысная для здароўя, і беларусам ня трэба будзе, маўляў, спэцыяльна прымаць радонавыя ванны.
Тады, у канцы 80-х пачатку 90-х гадоў, нам удалося спыніць іхныя людаедзкія пляны вынішчэньня Беларусі. Беларусы змаглі нават прымусіць улады СССР прыняць пастанову аб кампэнсацыі для Беларусі каля 30 мільярдаў даляраў за прычыненыя страты. Аднак Расея (пераемніца СССР) ня хоча выплочваць нам гэтыя грошы за свае злачынствы.
Цяпер прарасейскі акупацыйны рэжым на Беларусі выкарыстоўвае радыяцыйную заразу і трагедыю Чарнобыля як зброю, як прыладу для вынішчэньня беларусаў. Адмененыя ільготы і аплаты пацярпелым ад радыяцыі, зьменшана сацыяльная дапамога, не дастаўляюць неабходныя прадукты і лякарствы, адсутнічае медыцынская дапамога, ня дзейнічаюць законы і пашыраецца радыяцыя. У радыяцыйна заражаныя зоны пасылаюць беларускую моладзь на працу і засяляюць людзей. Пакінутыя землі, на якіх забаронена быць і пражываць, ператвораныя ў скопішчы расейскіх бомжаў і крымінальных элемэнтаў, дзе над магіламі беларусаў бадзяецца п’яны прыблуда. Вось што такое Чарнобыль радыяцыйны і Чарнобыль акупацыйны.
Змагаймася ж найперш супраць Чарнобыля акупацыйнага! Бо немагчыма, не ліквідаваўшы антыбеларускі рэжым, спыніць радыяцыйную сьмерць.
Сьмерць рэжыму! Прэч акупацыйны Чарнобыль! Такім павінен быць наш антычарнобыльскі лёзунг.
Ня слухайце тых, што заклікаюць вас прасіць ласкі ў рэжыму ды палёгкі чарнобыльцам - у Лукашэнкі. Гэта альбо дурні, альбо нанятыя. У бандытаў ня просяць літасьці. Бандытаў караюць.
Ня слухайце тых, што штурхаюць вас на акупацыйныя “выбары” у дыктатуры. Гэтых “дабрадзеяў” мы пагонім зь Беларусі разам з Лукашэнкам!
Ня слухайце “балота”, што кліча ў балота. Туды ім і дарога.
Усе сілы мы павінны накіраваць на ліквідацыю акупацыйнага рэжыму ды на выгнаньне дыктатара, і не марнаваць час на бясьплённыя просьбы і перамовы са здраднікамі.
Лукашэнкі ды замяталіны, уся руская кадэбоўская камарылья, - прэч зь Беларусі! Трэба дапамагчы ім уцякаць на Ўсход.
У нашым доме мусіць быць так, як мы зробім. Падтрымлівайце Беларускі Вызвольны Рух і памятайма пра Чарнобыль.
Жыве Беларусь! Жыве вечна!
Зянон Пазьняк
Дадаць у: