НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Артыкулы

Рашэньне трэба прымаць хутка

Рашэньне трэба прымаць хутка

Выбарчая кампанія прымушае ўважліва сачыць за ўсім, хто што кажа. Цікавую заўвагу я прачытаў на інтэрнэтнай старонцы “Беларускай Салідарнасьці”.

Псэўданім крытыкуе старонку і Партыю БНФ за рэзкія выказваньні супраць палітычных апанэнтаў. Але як толькі гэтыя палітычныя апанэнты падтрымалі пазыцыю БНФ у Народным Галасаваньні (маецца на ўвазе акадэмік А. Вайтовіч), то Фронт, піша псэўданім, ўжо згодны, маўляў, на індульгенцыю. І вінаваціць Фронт у “брыдкасьці”.

Пішу пра гэта, бо тут характэрны прыклад абсурднай лёгікі. Людзі часта робяць такія памылкі на ўзроўні звыклых жыцьцёвых дачыненьняў, калі зьява становіцца з ног на галаву (мы ня маем на ўвазе выбарчую барацьбу і прапаганду).

Але ў палітыцы так: калі наш апанэнт (якога мы крытыкуем) па нашай прапанове прымае нашу палітычную пазыцыю, то яго рашэньне намі таксама прымаецца. Яно залічваецца ў добры вынік нашай дзейнасьці. Псэўданім жа, які нас крытыкуе, мяркуе на ўзроўні бытавога канфлікту (“я с тобой не разговариваю”). У палітыцы, паважаны сябра, іншыя канфлікты, бо над усім ёсьць агульныя катэгорыі Бацькаўшчыны, суверэнітэту, нацыянальных інтарэсаў, народных каштоўнасьцяў, культуры, мовы і г.д. – тое, што ня дзеліцца, і належыць усім.

Мы рэзка крытыкуем псэўдаапазыцыю за занядбаньне якраз гэтых каштоўнасьцяў, за неразуменьне нацыянальна-агульнага (мова, напрыклад, ня можа быць прадметам дыскусіі, ці гандлю, а Расея ніколі не была і ня будзе прыхільніцай беларускага суверэнітэту). Але калі б яны (гэтыя апазыцыянэры) ўспрынялі нашу пазыцыю, то вельмі дзіўна было б (і цалкам неадэкватна), каб за іхняе добрае рашэньне нехта пачаў бы вінаваціць нас за тое, што мы іх рэзка і зьнішчальна крытыкавалі.

У 80-х гадах я ведаў ненавісьнікаў беларушчыны, якія гатовыя былі, здаецца, мяне разарваць (“фашыст” – гэта самае мяккае слоўца). У пачатку 90-х, калі разваліўся СССР, аднавілася незалежнасьць Беларусі, адчыніліся беларускія школы, зьявіліся кнігі па беларускай гісторыі, а Народны Фронт быў ва ўсіх на языку, гэтыя людзі прыходзілі да мяне на дэпутацкі прыём і з парога пачыналі сьведчыць сваю ляяльнасьць: “Ізвініця, Зенон Станіслававіч, я яшчо не саўсем харашо размавляю па-беларускі, но я ўжэ дзяцей атдал в беларускую школу. Здрастуйця.”

Дык што, можа трэба было памятаць ягоную нянавісьць і сказаць яму “пайшоў прэч!”? Я дапамагаў гэтакім людзям і яны сталі маімі прыхільнікамі (на той час).

Што датычыць акадэміка А. Вайтовіча. Гэта па маёй прапанове праводзілі зь ім перамовы. Я ведаю ягоныя ранейшыя выказваньні, а ён, мяркую, маю крытыку і пазыцыю. Але, нягледзячы на яго прамаскоўскія выказваньні, я ведаю яшчэ пра прыстойныя паводзіны зь яго боку ў дачыненьні да зьяваў, якія стаяць над палітычнымі пазыцыямі. Таму я не сумняваўся, што ён якраз здольны ўзвысіцца і падтрымаць справу дзеля агульнага дабра. Да Гайдукевіча я б сваіх прадстаўнікоў не паслаў.

Але, між іншым, уявім рэальную карціну: Рэжым скончыўся. Вернута Канстытуцыя 1994 года, лунае наш беларускі бел-чырвона-белы сьцяг, Пагоня, дзейнічаюць беларускія школы, беларусы вольна езьдзяць і вольна працуюць, бо зьнятыя абмежаваньні і кантрактны кантроль, ёсьць нармальныя прафсаюзы і г.д. і ў краіне нармальны беларускі прэзыдэнт. І першым, хто прыйдзе засьведчыць ляяльнасьць новай беларускай уладзе (прытым будзе казаць па-беларуску) – гэта Гайдукевіч. (А так і будзе).

Пытаньне. Што рабіць з Гайдукевічам? Крыміналу за ім няма (калі ёсьць – пойдзе пад суд).

Дадам, што і праблемы вялікай тут няма. Кожны чалавек незалежна ад нацыянальнасьці і палітычных поглядаў будзе мець магчымасьць інтэгравацца ў беларускае грамадзтва, у беларускую мову і культуру, у грамадзкую і эканамічную дзейнасьць. Якраз цяпер ніхто ў сапраўднасьці не мае такой магчымасьці і выбару, і найперш – беларусы.

Ці могуць іншыя ўдзельнікі рэжымных выбараў зразумець запраграмаваную правальнасьць для іх гэтых выбараў, разьлічаных на аднаго артыста? Трэба хутчэй ім рашыцца на Народнае Галасаваньне і рыхтавацца да паэтапных дзеяньняў. Бо часу мала. Але вось якраз дзеля гэтага трэба думаць і мець на ўвазе найперш агульныя інтарэсы вольнай Беларусі, а не свае ўласныя, не сваё жаданьне і ілюзорныя надзеі стаць прэзыдэнтам у немагчымых абставінах.

На гэтых выбарах па схеме рэжыму прэзыдэнтам можа стаць толькі Лукашэнка. На выбарах па схеме Народнага Галасаваньня можна законна выкінуць Лукашэнку з выбарчага працэсу.

Паўтаруся, што рашэньне трэба прымаць хутка, бо часу няшмат.

Зянон Пазьняк

11 студзеня 2006 г.

Дадаць у: