НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Артыкулы

“Рэжым - любой цаной”

“Рэжым - любой цаной”

За тыдзень да выбараў у Беларусі пачаліся, фактычна, масавыя арышты. У КДБ складзеныя сьпісы актыўных дзеячоў, якіх прамаскоўскія ўлады зьбіраюцца прэвентыўна арыштаваць на пэрыяд галасаваньня. Ужо арыштаваныя дзясяткі асобаў.

Ніякіх абвінавачваньняў людзям не прад’яўляюць і ніякіх тлумачэньняў нікому не даюць. Суд звычайна прысуджвае 7-15 сутак нібыта за “дробнае хуліганства”.

Мы бачым дзеяньні характэрнага акупацыйнага рэжыму. Фактычна, адбываецца тыповы акупацыйны хапун, не абгрунтаваны ніякім правам і ніякімі законамі, а толькі палітычнай і сітуацыйнай мэтазгоднасьцю.

Грамадзтва ў цэлым не ўсьведамляе таго, што адбываецца ў краіне. Не ўсьведамляе найперш таму, што яно безаглядна і антаганістычна расколатае якраз па адносінах да гэтага антыбеларускага рэжыму. Адна частка падтрымлівае рэжым, другая – не. Разлом настолькі глыбокі, што дыскусія немагчымая. Антаганісты ня ў стане слухаць адзін аднаго, бо раскол праведзены рэжымам па лініі асноўных каштоўнасьцяў беларускай нацыі – мовы, сымвалаў, гісторыі, свабоды, незалежнасьці. За 12 гадоў лукашэнкаўскага панаваньня Крэмль, Лубянка і КГБ у чарговы раз (гэтак жа, як і ў 30-х гадах мінулага стагоддзя) так зманіпулявалі і раскалолі беларускі народ, што выхад з гэтай ямы ўсё больш і больш звужаецца і робіцца немагчымым інакш, як праз вялікую кроў беларускіх пакутнікаў і нявінных ахвяр.

Але мы бачым, што рэжым праводзіць ужо свае апошнія бяспраўныя “выбары” і йдзе ў беспрасьветны тупік. Ён надзьмуваецца, робіць пагрозьлівы выгляд, хоць відавочна: дастаткова аднаго моцнага ўдару наўпрост і пасыпецца ўсё з грукатам і смуродам.

У гэтыя дні беларуская інтэлігенцыя і актывісты грамадзкіх арганізацыяў мусяць таксама ужыць вядомыя прывентыўныя меры падпольнага змаганьня, каб пазьбегнуць арыштаў і выключэньня з грамадзкага жыцьця. Час зноў патрабуе збаўляцца ад вечных ілюзіяў.

14.03.2006

Зянон ПАЗЬНЯК

Дадаць у: