НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Інтэрв’ю

«Рэжым хоча задушыць Беларусь у Інтэрнэце»

Госьць «Свабоды» – старшыня Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ Зянон Пазьняк (па тэлефоне з Варшавы).

Навумчык: «Паколькі часопіс «Дзесялоў» толькі што скончыў друкаваць Вашую паэму «Вялікае Княства» і, тым самым, нагадаў пра паэта Зянона, я хацеў бы пачаць са справаў пісьменьніцкіх. Зрэшты, падзея, якая адбылася на гэтым тыдні, выходзіць па-за межы ўласна пісьменьніцкія, а тычыцца ўсяго грамадзтва. На гэтым тыдні адбыўся ўстаноўчы сход праўладнага саюзу пісьменьнікаў. Паводле незалежнай прэсы, на сходзе амаль не гучала беларуская мова.

Кіраўніцтва Саюзу беларускіх пісьменьнікаў – таго Саюзу, дзе былі Купала, Колас, Быкаў, дзе сёньня Барадулін, Казько, Разанаў - заявілі пра магчымасьць закрыцьця Саюзу. Вашая ацэнка гэтага ў кантэксьце агульнай сытуацыі.»

Пазьняк: «Стварэньне падстаўной пісьменьніцкай арганізацыі - гэта чарговы факт акупацыйнай палітыкі па зьнішчэньні беларускай нацыі. Тут задума - зьліквідаваць беларускую пісьменьніцкую арганізацыю. Нацыянальная літаратура, як вядома, гэта чыньнік і атрыбут нацыі.

І каля няма нацыянальнай літаратуры, то няма і нацыі. Таму заканамерна, што побач зь беларускай школай, мовай, гістарычнай спадчынай, сымболікай, фундамэнтальнай навукай, нацыянальнай бібліятэкай рэжым імкнецца разбурыць і ліквідаваць увогуле нацыянальную літаратуру.

У канцы гэтага працэсу - поўная ліквідацыя беларускага народу, перамяшчэньне і этнічная замена насельніцтва. Я пра гэтыя працэсы і пра гэтую палітыку гэбісцкай Масквы кажу і пішу ўжо дзесяць гадоў. Магу нагадаць працы «Беларуска-расейская вайна», «Прамаскоўскі рэжым, альбо Як зьнішчаецца беларуская нацыя». Усё гэта ёсьць у Інтэрнэце, усё гэта можна чытаць, можна думаць, аналізаваць і разумець. Але, як кажуць, глухія праўду ня імуць, і сьляпыя не ўбачаць.

Канечне, нас, беларусаў, мэтадычна зьнішчаюць. Канечне, улада ў чужых руках. Вядома ж, ідуць рэпрэсіі. Але шмат у чым вінаватыя самі пісьменьнікі і самі беларусы. Гэта трэба прызнаць».

Навумчык: «Днямі «Наша Ніва» зьвярнула ўвагу, што ў Кіеве украінскія Гілевічы і Брылі ўжо стаялі б каля Палацу, дзе праходзіў сход і «ціснулі» б маральным аўтарытэтам. Кіраўніцтва Саюзу беларускіх пісьменьнікаў правяло прэсавую канфэрэнцыю, аднак трэба прызнаць, што яна засталася не заўважанай у грамадзтве, ва усялякім разе, грамадзтва не зрэагавала на гэтую падзею».

Пазьняк: «Галоўны недахоп я бачу ў тым, што цяперашняе пакаленьне беларусаў страціла здольнасьць да барацьбы, згубіла дух змаганьня. Калі б гэты дух аднавіўся, дык акупацыйная палітыка правалілася б імгненна. Яна б пасыпалася, як асеньняе лісьце. Змаганьне народа за сябе - гэта ня толькі зброя, гэта ня толькі дэманстрацыі, лямантаваньне, бунтаваньне, як многія ўяўляюць. Змаганьне - гэта калі ўвесь народ ад акадэміка да крымінальніка бароніць на сваёй зямлі і беражэ ўсё сваё. І ні ў чым не спрыяе акупантам. Вось гэта і ёсьць масавая народная барацьба.

Такая пазыцыя была за часы савецкай акупацыі ў прыбалтыйскіх народаў, успомніце. У армянаў, грузынаў таксама. І таму яны захавалі і сваю школу, і мову, і храмы. І яны, ня маючы большай сілы, пайшлі тады ў акупацыйную ўладу, у КПСС, у міліцыю - каб бараніць сябе. І яны абаранілі. Успомніце, якія былі дачыненьні ў Прыбалтыцы, калі вы ўладкоўваецеся ў гатэль, калі вы зьвяртаецеся да таксіста - яны сябе паводзілі сьведама.

А ў нас так: ім плююць у твар, іх б’юць, іхняе - вынішчаюць - а яны ўвесь час нічога не разумеюць. Не разумеюць, і ўсё!

Гэта я кажу зусім не пра простых людзей, а пра тых, зь якіх простыя людзі павінны браць прыклад. Лукашэнка бэсьціць, зьневажае ўсё беларускае, а пісьменьнікі пайшлі некалі гуртам да яго на паклон. Вось такое паняцьце гонару... Дэпутатаў апазыцыі БНФ, што галадавалі за мову, лукашысцкі спэцназ зьбівае ў парлямэнце, гэта неверагоднае злачынства, а пісьменьнікі - маўчалі. Яны думалі, відаць, што гэта іх не датычыцца. Дрэнна думалі.

Аднак, якой бы не была самакрытыка - а тое, што я кажу, я ацэньваю як самакрытыку, - яна не істотная перад агульнай небясьпекай і перад агульнай нашай народнай бядой. Усе беларусы павінны бараніць зараз сваю літаратуру, сваіх пісьменьнікаў, свой беларускі пісьменьніцкі саюз, свае выдавецтвы. Бо літаратура і пісьменьнікі - гэта наш агульны нацыянальны скарб. І гэта мы павінны ўсьвядоміць».

Навумчык: «Будучыня беларускай мовы – гэта галоўная частка Вашай праграмы, я маю на ўвазе нават не палітычную, партыйную праграму, а праграму жыцьця. Ці Вы бачыце тут нейкія новыя тэндэнцыі?»

Пазьняк: «Тэндэнцыі ёсьць. Галоўная тэндэнцыя такая: як казаў паэт, каб сонца засланіць, вушэй асьліных мала. Такую вялікую, магутную і культурную мову, як беларуская, зьнішчыць нікому не ўдасца. Ні Маскве, ні Брусэлю, ні КГБ.

Нядаўна Міхайлаў, рэктар Эўрапэйскага гуманітарнага ўнівэрсытэту, зьневажаў усяляк беларускую мову ў сваім выступе ў Нямеччыне, гэта вядома. Мэта зразумелая - скампрамэтаваць Беларусь і беларусаў у Эўропе. Гэта праява агульнага пляну Масквы па зьнішчэньні беларускай нацыі. На Захадзе пад шумок аб крытыцы рэжыму Лукашэнкі руская дыпляматыя і агентура цяпер усяляк ахайвае беларускую культуру і беларускі народ. Мне гэта добра вядома. Тут зазначу: што нічога ў іх з гэтага ня выйдзе. Ёсьць другі бок мэдалю, пра які яны ня ведаюць, і пакуль што мы пра яго не гаворым. І зноў жа, як пісаў паэт - балабонь да пары, балабонь...»

Навумчык: «У сваёй паэме «Вялікае княства» Вы пішаце пра сталінскую школу, якая калечыла дзіцячыя душы. У сёняшнім інтэрвію Вы ўзгадалі 1995 год, калі праходзіў «рэфэрэндум» у пытаньні сымболікі. Сёньня бел-чырыона-белы сьцяг забаронены, але моладзь выходзіць зь ім на вуліцы, коштам зьбіцьця, арыштаў ды штрафаў. Але давйце глядзець праўдзе ў вочы: такіх маладых няшмат. Вам, пэўна, непрыемна гэта чуць, але значна большая частка моладзі ўспрымае цяерашнюю афіцыйную сымболіку як легітымную, я маю на ўвазе, гістарычна легітымную, ходзіць на футбольшныя спраборніцтвы зь зялёна-чырвонымі сьцягамі. Вам не падаецца, што нацыянальна арыентаваная апазыцыя папросту губляе моладзь?»

Пазьняк: «Не, мне так не здаецца. Але рэальнасьць такая, што на вайне як на вайне. Частку моладзі мы, безумоўна, губляем. Але большая частка актыўнай і думаючай моладзі (а такой моладзі няшмат, актыўнай і думаючай), дык вось, гэтая частка, яна ў большасьці ёсьць нашая, беларуская. Гэта так. І ёсьць факты, па якіх можна гэта вызначыць. Пра пасіўную частку мы не гаворым - таму што калі зьмяняюцца абставіны, дык зьмяняецца і пасіўная частка моладзі. Важна, які авангард. Гэта вельмі істотна.

І вось, працягваючы размову пра мову - а трэба ўлічыць, што, нягледзячы на тое, што пазачынялі беларускія школы, што мову зьневажаюць, - актыўная частка беларускай моладзі мову шануе, паважае, любіць і на ёй размаўляе. Гэта вельмі істотна. І вось, працягваючы пра мову, я хацеў бы сказаць пра наступную тэндэнцыю і зьвярнуцца да моладзі. Думайце, як абараніць наш беларускамоўны Інтэрнэт. І як яго разьвіць. Таму што старэйшае пакаленьне, яно ўжо... Яно ўжо тут нічога ня вырашыць. Гэта людзі іншага тэхнічнага часу».

Навумчык: «Спадар Зянон, а дарэчы, ў якой ступені Вы самі карыстаецеся Інтэрнэтам?»

Пазьняк: «Ну, я карыстаюся як прадстаўнік старэйшага пакаленьня. Я проста вывучаю тое, што магу і пасьпяваю, ўдзельнічаю ў старонках фронтаўскіх. Вось у афіцыйнай старонцы партыі www.pbpf.org, у «Беларускай салідарнасьці» www.bielarus.net, ёсьць некалькі маіх аматарскіх старонак - www.zianonpazniak.de і www.pazniak.com, якія робяць мае прыхільнікі, рыхтуецца яшчэ афіцыйная старонка. Такім чынам, я пішу туды і актыўна там удзельнічаю. Вядома, я не хаджу на форумы, бо я разумею, чыя гэта вобласьць, гэтыя форумы. Але ў Інтэрнэце я ўдзельнічаю актыўна.

Дык вось, вяртаючыся да гэтага тэзісу, моладзі трэба думаць, як абараніць наш беларускамоўны Інтэрнэт. І як яго разьвіць. Таму што Лукашэнка паслаў сваіх эмісараў у Кітай даведацца пра кітайскія мэтады кантролю над Інтэрнэтам. Рэжым хоча задушыць Беларусь у Інтэрнэце, асабліва перад выбарамі. Таму змагаймася, аб’яднайма нашыя маладыя таленты.

Нам, беларусам, будзе не да гонару, калі тупое калгаснае гэб’ё задушыць нас яшчэ і ў Інтэрнэце. Тады які наш інтэлект? Куды нам падзецца? Тут мы павінны сябе праявіць. Так што не чакайма, а за працу. Таму што вайна ў беларускім Інтэрнэце будзе. Рэжым рыхтуе гэтую вайну, і яна непазьбежная. Ад яе мы нікуды не дзенемся. Мы павінны ў ёй перамагчы. А гэта і будзе перамога нашай сьвятой беларускай мовы».


Сяргей Навумчык, Прага

Дадаць у: