НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Артыкулы

Штурхнуць -- і пасыпецца

Штурхнуць --  і пасыпецца

Нашу заяву, зробленую на жнівеньскім Сойме Партыі БНФ, пра падрыхтоўку  Масквой рэфэрэндуму аб так званым “канстытуцыйным акце” і аб сумяшчэньні інкарпарацыі Беларусі ў Расею з выбарамі ў мясцовыя саветы цяпер пацьвярджаюць самы расейцы. Сёньня расейская жоўтая інтэрнэт-газэта “Жізнь” (http://zhizn.ru/) паведаміла, што нядаўна ў Сочы Пуцін і Лукашэнка дамовіліся пра правядзеньне такога рэфэрэндуму ў лістападзе-сьнежні бягучага году. Пра рэфэрэндум (як пішуць расейцы) будзе аб’яўлена ўжо ў верасьні.

Нягледзячы на сумніўную крыніцу інфармацыі (але ведаючы крамлёўска-лубянскую манеру сплаўляць патрэбныя зьвесткі праз журналістаў ды жырыноўскіх) аднесьціся да гэтага трывожнага паведамленьня трэба ўважліва. Зразумела адно, што Масква сапраўды рыхтуе нам чарговую рэфэрэндумную пятлю, плянуе нацыянальны суіцыд уласнымі рукамі. Гэта пацьвярджае і штучная актывізацыя падстаўной апазыцыі калякіных-лябедзек ў пытаньні будучых выбараў у мясцовыя саветы (рэфэрэндум, зразумела, будуць сумяшчаць з выбарамі). Калябаранты ўсіх масьцяў раптам (не па сезону) пачалі зноў клікаць народ на выбары. Маўляў  мы ўсяроўна не пераможам, але  данясём народу сваю пазіцыю. Пазіцыя іх – вядомая. Гэтыя людзі сваімі паводзінамі у мяне, шчыра кажучы, пачынаюць выклікаць грэблівасьць. Ну нічога сьвятога!

Усім нам, беларусам, трэба цяпер думаць як змагацца з рэфэрэндумам і анэксіяй і як перамагчы. Адно зразумела было ад самага пачатку: на выбары, на галасаваньне нельга хадзіць. У дзень галасаваньня трэба ісьці не галасаваць, а выходзіць на вуліцы і плошчы змагацца. Рэжым трэба толькі штурхнуць і ён пасыпецца.

21 жніўня 2006 г.                                                                        Зянон ПАЗЬНЯК

Дадаць у: