НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Артыкулы

Шукаем выхад з агульнага крызісу на Беларусі

Шукаем выхад з агульнага крызісу на Беларусі

Паважаныя землякі, паважаныя грамадзяне!

Крызіс высьветліў усю нікчэмнасьць і шкоднасьць прамаскоўскага рэжыму Лукашэнкі. Давайце паглядзім, да чаго прывёў гэты рэжым.

1. Людзей звальняюць з працы, адпраўляюць у неаплочваемы “адпачынак”, зьніжаюць заробкі.
2. На заробак, на пэнсію, калі нават у лічбах яны не зьмяншаюцца, людзям пражыць становіцца ўсё цяжэй.
3. Падвышаюць цэны на ўсё, і галоўнае на прадукты, на лекі і камунальныя паслугі.
4. Найбольшыя страты маюць работнікі прадпрыемстваў, якія былі прывязаныя да Расеі. Расея не плаціць за пастаўленыя тавары, або адмаўляецца ад кантрактаў.
5. Машынабудаўнічыя, металургічныя, хімічныя прадпрыемствы, а таксама многія прадпрыемствы ў іншых галінах працуюць на склады. Прадукцыя не рэалізуецца. Жывуць пакуль за кошт крэдытаў, якіх становіцца ўсё менш і менш.
6. Палітыкай “аграгарадкоў” і захаваньня калгаснага рабства рэжым паставіў вёску на мяжу сьмерці. Той, хто бывае на вёсцы, бачыць, у якім жабрацкім стане жывуць людзі.
7. Выявілася хлусьня рэжыму аб нізкім ўзроўні беспрацоўя. Вярнуліся дамоў сотні тысячаў беларусаў, якія ў сувязі з адсутнасьцю працы ў Беларусі, працавалі ў Расеі. Цяпер аказалася, што рэальны ўзровень беспрацоўя не 1,5%, як дае рэжымная статыстыка, а болей за 20%. (Адзначым, што сваёй працай гэтыя беларусы вымушаны былі ўзбагачаць не сваю краіну.)
8. Падвышэньнем арэнднай платы, падаткаў і маніпуляцыямі з падаткамі ды кантролем рэжым паралізаваў індывідуальнае прадпрыймальніцтва.

Пагаршэньне жыцьця і абвал эканомікі Лукашэнка і яго рэжым сьпісваюць на сусьветны крызіс. Пры гэтым чакаюць, што вось-вось ён скончыцца, падаражэе нафта і сыравіна, пацякуць грашовыя рэкі і зноў можна будзе вальяжна руліць, нічога ня робячы рэальнага для эканомікі і для людзей. Мараць і надалей дзяліць даляры ад продажу нафтапрадуктаў з расейскімі крымінальнымі нафта-газавымі алігархамі, гандляваць беларускай зямлёй, маёмасьцю, адпраўляць сотні тысячаў нашых людзей на рабскую працу ў Расею, будаваць лядовыя палацы, ганяць шайбу, палохаць суседзяў расейскімі ракетамі.

Цяпер Лукашэнка кідаецца ва ўсе бакі з працягнутай рукой – “ратуйце, дайце”, — каб перасядзець, як ён лічыць, гэты “непрацяглы” крызіс. Дзе-нідзе далі. Дала Расея, даў Чавэс, даў МВФ; усяго больш за 3 мільярды даляраў. Больш за 1 мільярд ужо праелі. За два-тры месяцы праядуць астатнія, але большасьць грошай будзе раскрадзена вертыкальшчыкамі. Ці дадуць болей — невядома, але калі дадуць, то і гэтыя хутка будуць праедзены. (І што потым ? Хто стане сплочваць?)

Аднак крызіс надта сур’ёзны, перасядзець ня ўдасца.

Усю адказнасьць за крызіс у Беларусі нясе А. Лукашэнка. Ён паламаў Канстытуцыю 1994 года, узурпаваў уладу. Маючы непадзельную ўладу закансэрваваў у Беларусі калгасны рэжым і савецкую структуру вытворчасьці, мэтанакіравана задушыў і фактычна зьнішчыў прыватны бізнэс, прыватныя сельскія гаспадаркі і прыватную ініцыятыву, якія ўзьніклі і пачалі разьвівацца ў 1990-1994 гадах. Зрабіў Беларусь дадаткам агрэсіўнай Расеі ў эканамічным, палітычным і ваенным кірунках. Усё гэта лягло цяжарам на плечы беларусаў. Унутраны рынак і сацыяльная інфраструктура засталіся неразьвітымі і нават значна пагоршалі ў параўнаньні з савецкім часам.

Крызіс высьветліў, што большасьць тавараў і прадукцыі аказаліся не канкурэнтназдольнымі. Крэдыты, якія бярэ рэжым, не дапамогуць прадаваць неканкурэнтназдольную прадукцыю. Яе ня будуць купляць пад час крызісу, а тым больш пасьля крызісу. Патрэбная структурная перабудова прамысловасьці і сельскай гаспадаркі на грунце прыватнай ініцыятывы актыўных людзей. Мэтады вядомыя, гэты шлях праходзілі многія краіны.

Паколькі структурная перабудова зоймае працяглы пэрыяд, першаснымі задачамі падчас крызісу зьяўляюцца, найперш, стварэньне ўмоваў, каб людзі мелі працу і заробак, затым, неабходна разьвіць унутраны рынак, стварыць канкурэнцыю супэрмаркетам шляхам паляпшэньня ўмоваў для дробнага і сярэдняга прадпрыймальніцтва. Для гэтага неабходна ліквідаваць усе нагароджаныя рэжымам бар’еры: мытныя, падатковыя, бюракратычныя. Арэндная плата за гандлёвыя месцы і памяшканьні мусіць быць на ўзроўні сабекошту. Трэба дамовіцца з краінамі Эўропы аб свабодным ці спрошчаным перамяшчэньні беларусаў на часовую працу.

Лукашэнка і яго рэжым гэтага рабіць ня будуць. Яны ня здольныя пераадолець крызісную сытуацыю ў краіне. У крытычны момант яны могуць канчаткова здаць Беларусь расейцам, каб пазьбегнуць адказнасьці і захаваць свае карупцыйныя “здабыткі”. Прысутнасьць Лукашэнкі ва ўладзе стала крайне небясьпечнай для Беларускай дзяржавы і народа. Ня цяжка спрагназаваць, што сталася б, калі б рэжым насуперак законам ўвёў расейскі рубель і на Беларусі стаў бы правіць расейскі мафіёзны чыноўнік. Калі хто спадзяецца, што Расея (дзе комам нарастае напружанасьць, спыняюцца прадпрыемствы, хутка расьце беспрацоўе, неплацяжы) раптам сыпане бязьмерна расейскіх рублёў, гэта марныя спадзяваньні. У гэтым выпадку зьнікнуць ўсе сацыяльныя выплаты (пэнсіі і інш.), ня будзе крэдытаў для сельскай гаспадаркі, распадзецца бюджэтная сфэра. Пацерпяць страты ўсе: міліцыянты, настаўнікі, медыкі, служачыя, рабочыя, пэнсіянеры, пракуроры, судзьдзі, калгасьнікі, студэнты. Пратэсты расейцы гатовыя душыць зброяй. Для задушэньня ствараюцца карныя вайсковая сілы хуткага рэагаваньня. Дамову аб стварэньні гэтых сілаў насуперак закону падпісаў таксама Лукашэнка.

Такога варыянту падзеяў нельга дапусьціць. Народ мусіць скарыстаць сваё канстытуцыйнае права на ўсталяваньне ўлады ў краіне. Трэба адмовіць Лукашэнку і яго рэжыму ў праве на ўладу і на аснове Канстытуцыі 1994 г. абраць беларускую ўладу. Справа вырашаецца мірным шляхам на прынцыпах самаарганізацыі грамадзтва.

Канкрэтная прапанова падрыхтоўкі першых крокаў па выхаду з агульнага крызісу будзе выкладзена ў наступным паведамленьні.

20 -25 Сакавіка 2009 г.

Беларускі Народны Фронт “Адраджэньне”
Беларускі Вызвольны Рух
(Старшыня БНФ “Адраджэньне” Зянон Пазьняк)

Дадаць у: