НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

СІМПТАМАТЫЧНЫЯ ЗЬЯВЫ

СІМПТАМАТЫЧНЫЯ ЗЬЯВЫ

У так званых "дэмсмі" апошнім часам рэфрэнам гучыць: "у яго ўсе агенты", "у яго ўсе агенты", "усе агенты..." і г. д. (Некаторыя паўтараюць тое бесперапынна, як папугаі). Так выяўляецца чарговы сістэмны план прапагандысцкай гібрыднай вайны супраць маёй асобы. Дагэтуль за ўвесь час супраць мяне выпрабаваны дзясяткі ідыёцкіх наклеек (ад "нямецкага паліцая" да  "паліцічэскава трупа"). Бачны характэрны ўзровень на якім усё тое вядзецца. 

 Нядаўна я быў у Вільні разам са спадаром Усавым. Офісная агентура "штабіка" паляцела да прадстаўнікоў правячай партыі Летувы і пачала іх палохаць, што едзе Пазьняк, які хоча адабраць Вільню, маўляў, толькі што ён па відэа гэта сказаў. 

 Прадстаўнікі правячай партыі напалохаліся і ўхіліліся ад спатканьня з намі. (Праўда, з адным зь іх мы спаткаліся, але ён быў таксама спалоханы.)

У гэты ж дзень мы ўбачылі ў Сеціве, як спадар Лябедзька (ён жа "Раймон") "бяседуе" з прадстаўніком правячай партыі ўлады. Дзіўныя, скажу вам, паводзіны. З палітычнага гледзішча дык наадварот дэпутатам трэба б было спаткацца са мной і спытаць ці праўда гэта. І гумар тут не пашкодзіў бы.

Адразу ж зьявіліся цяжкасьці з выкарыстаньнем залі ў Доме афіцэраў, якая была раней замоўлена для нас на сустрэчу зь беларускай грамадзкасьцю. Прышлося здымаць іншую залю.

У прыродзе гэта называецца "дробная пакасьці". Але бяруцца яны не з надвор’я, а з прыроды прарасейскай агентуры, якая ў гэты ж час (ва ўнісон зь віленскім "Раймонам") азвалася ва Украіне. Тут зьявіліся адмысловыя відэа дзе заангажаваныя асобы, якія паняцьця ня маюць ні пра Вялікае Княства Літоўскае, ні пра Вільню, ні пра гісторыю Рэчы Паспалітай, ні, зрэшты, пра маю дзейнасьць, тым ня менш "сокрушаются", што, аказваецца, Пазьняк ("заслугі каторова мы не атрыцаем") хоча адабраць Вільню ад Летувы і (быццам бы) кажа, што "літоўскай нацыі не існуе" і т. п. Прытым усё гэтае глупства скампанаванае па мэтаду тыповай прымітыўнай прапаганды: адна асоба выказвае шкадаваньне (дае пас іншай асобе), што, маўляў, Пазьняк хоча забраць Вільню, а напарнік прымае пас, нібыта абураецца і амаль гадзіну палівае брудам Пазьняка ды гаворыць бздуры на самым нізкім узроўні, разьлічаныя на цемнату. 

Гаварыльшчыкі прыдумваюць і гавораць пра "казаньні", якія  прыпісваюць мне, склейваюць іх і палохаюць абавацеляў чалавекам (гэта значыць мной), які некалі, у 1990-м, спыніў правакацыю Масквы супраць Летувы па нібыта забору Вільні ў склад БССР (але адкуль тое гаварыльшчыкам ведаць). Выглядае, што працуе сетка ад Вільні да Кіева з адгалінаваньнямі на Варшаву. 

З гэтага мушу адзначыць дзьве сэнтэнцыі.

Першая.

Цяперашняя летувісцкая кансэрватыўная ўлада, набраная з маладых кансэрватараў, якая дэманструе антыбеларускую палітыку і гэтым шкодзіць самой сабе і сваёй краіне, гэтая ўлада доўга не пратрымаецца. У Летуве ёсьць больш сталыя і разумныя сілы, якія прыдуць на зьмену недасьведчаным.

Другая сэнтэнцыя.

Прарасейская агентура ва Украіне пазнаецца па мэтадычнай і сістэмнай прапагандзе ахайваньня беларусаў і па стварэньні нянавісьці ўкраінцаў да беларускага народа ў той час, калі акупаваны цяпер беларускі народ якраз зьяўляецца саюзьнікам украінцаў, і гэтую саюзьніцкую настроенасьць беларусаў трэба замацоўваць у інтарэсах Украіны. Агентура ж, едучы на ўкраінскім  патрыятызме, робіць усё наадварот -- тое што патрэбна Маскве (сутыкнуць два народы, каб лягчэй было зь імі расправіцца).

Цяпер ідзе вайна, і не да ўсяго даходзяць рукі, але прыйдзе час, і украінцы разьбяруцца з чужароднай агентурай, як бы яна ні дэманстравала свой штучны патрыятызм.

У заключэньне прапаную чытачам (хто ня бачыў) паглядзець маё відэа-інтэрв’ю, на якое па-ашуканцку спасылаюцца выканаўцы прапаганды і ў якім якраз гаворыцца пра старажытную нашу сталіцу Вільню. 

(Кавалак паміж 51: 26 -- 1:11:29). 

6 красавік 2023 г.  Зянон ПАЗЬНЯК

Дадаць у: