НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

Слава слуцкім змагарам!

Слава слуцкім змагарам!

            Паважаныя землякі, фронтаўцы, дарагія прыхільнікі Бацькаўшчыны-Беларусі!

            Сёньня, як заўсёды ў гэты лістападаўскі час, мы ўшаноўваем на Случчыне памяць і змагарны чын нашых продкаў, якія са зброяй у руках выступілі ў абарону Беларускай Народнай Рэспублікі супраць бальшавіцка-маскоўскай навалы. Нашыя продкі-случакі сталі ў абарону нашай зямлі, свабоды, незалежнасьці, і, як паказала гісторыя, -- у абарону нашых культурных і духоўных беларускіх каштоўнасьцяў. Гэта шмат значыць, бо пры далейшым змаганьні ўжо пад акупацыяй менавіта нашыя каштоўнасьці нам прышлося абараняць увесь час і прыходзіцца па сёньняшні дзень. Калі мільённая маскоўска-бальшавіцкая арда захапіла Беларусь, то ў людзей адабралі зямлю, маёмасьць, волю, уласнасьць, магчымасьць працы на сябе, сталі нішчыць нашу мову, гісторыю і культуру, пачалі фізічна зьнішчаць людзей, расстрэльваць і забіваць.

            На фоне таго, што потым вытваралі ў Беларусі маскоўскія бальшавікі подзьвіг случакоў уздымаецца вельмі высока. Яны ведалі з кім і за што змагаліся і ніякая колькасная перавага праціўніка іх не палохала.

            Подзьвіг случакоў павінен натхняць нас, усіх беларусаў, цяпер. Якая б ні была вялікая цемра чужой улады, зь ёй трэба змагацца і рыхтаваць грамадзтва да рашучых падзей. А яны, гэтыя падзеі, будуць, яны настануць.

            Галоўны ўдар маскоўскай палітыкі ў Беларусі – гэта ёсьць удар па Беларускай мове і беларускай школе. Маскоўцы разумеюць, што, ня зьнішчыўшы ў грамадзтве нацыянальную Беларускую мову, яны ніколі ня здолеюць зьнішчыць Беларусь і беларускі народ. Каб зьнізіць супраціў, яны першым чынам імкнуцца сродкамі прапаганды і дэзынфармацыі асьляпіць праціўніка, каб ён нічога ня бачыў і нічога не разумеў.

            Наша задача сурацьдзейнічаць гэтай агрэсіі. Беларуская мова ёсьць наша наймагутнейшая зброя. Яе трэба задзейнічаць на поўную сілу, каб адкінуць маскоўскіх ворагаў чалавецтва.

            Пачынаць трэба з сябе самых і з самых простых дзеяньняў. Беларусы, якім адабралі беларускую мову праз рускую школу, пасылайце сваіх дзяцей вучыцца ў беларускія школы. Там, дзе ўлады пазачынялі беларускія школы, -- патрабуйце іх адчыніць. Гэта першы неабходны крок, які вымагае цяпер сумеснага грамадзкага рушэньня. Гэта крок першы, просты і нецяжкі, але неабходны. І тут  цемра будзе супраціўляцца, але за праўду і будучыню трэба рупіцца, клапаціцца, змагацца, перамагаць.

            Пасылайце сваіх дзяцей у беларускія школы. Патрабуйце беларускіх школ і беларускай вышэйшай адукацыі!

            Настае адказны час для Бацькаўшчыны. Антыбеларускі рэжым курчыцца і будзе паволі здыхаць, атручваючы народнае жыцьцё. Ня дайма людзям захварэць у ягонай нячыстай чужой атмасфэры. Падымайма ўгару ўсё сваё, шануйма нашу беларускую мову, бо яна ёсьць зарукай нашай вольнай будучыні і нашай вечнасьці на нашай беларускай зямлі.

            Слава слуцкім змагарам за нашу прышласьць!

            Жыве Беларусь!

            Слава героям!

 

                                                                                              Занон ПАЗЬНЯК

 

Дадаць у: