НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

Слова на Дзяды 2015 года

Слова на Дзяды 2015 года

Дарагія землякі!

Паважаныя спадарыні і спадары!

 

Сёньня Дзень памяці продкаў. Сёньня вялікае і сьветлае беларускае сьвята Дзяды. Але вось ужо шмат год яно напоўнена жалем і скрухай. Асабліва тут, у Курапатах. Гэта адтаго, што наша гісторыя патрапіла ў зону сьмерці – у зону рускага камуна-фашызму. І мы перш за ўсё ўсьведамляем і памятаем пра мільёны ахвяр, якіх вылюдкі чалавецтва забілі толькі за тое, што яны былі беларусамі.

Тут, у Курапатах расстраляна і засыпана ў ямах чвэрць мільёна ахвяр. Гэта найвялікшы могільнік масавага зьнішчэньня людзей у сьвеце. Маскоўскія варвары не панесьлі дагэтуль ніякай кары і працягваюць забіваць людзей у Сірыі, ва Украіне і хлусіць.

Цяпер яны абплёўваюць і нішчаць народ Украіны, агрэсію супраць якога рыхтавалі дзесяць гадоў.

Тое самае яны рыхтуюць супраць нас, -- беларусаў, -- ужо дваццаць гадоў, разбураючы нашую культуру, школу і мову, душачы наш народ, рабуючы нашу працу, народнае багацьце і спосаб жыцьця.

Мы мусім гэта бачыць і ведаць, каб даць адпор. Мы мусім рыхтавацца да бітвы за волю і незалежнасьць. Хоць можа каму здаецца, што нас маскоўскі фашызм абміне. Дай Божа, каб абмінуў. Але не было такога. Таму – будзьма гатовы!

Яны забівалі заўсёды лепшых людзей. Яны зьнішчалі генафонд нацыі, нашу інтэлігенцыю, спэцыялістаў, сьвятароў, працавітых і адукаваных людзей, паэтаў і мастакоў, музыкантаў і пісьменьнікаў, мудрацоў і разумных. Ва ўсе часы і заўсёды так рабіла маскоўская чэрнь. У ноч на 29-ты кастрычнік 1937 года яны расстралялі і закапалі тут больш за сто беларускіх пісьменьнікаў, літаратараў, вялікіх людзей нацыі. Археолагаў, мастацтвазнаўцаў, вучоных мовазнаўцаў, гісторыкаў – забілі да аднаго чалавека. Расстралялі дзьве траціны ўсіх беларускіх пісьменьнікаў. Маскоўскія камуна-фашысты і пуціноіды трыццатых гадоў расстрэльвалі тут беларусаў кожны дзень і кожную ноч. Адна каманда бандытаў з наганамі зьмяняла другую. І так па канвэеры з 1937 года па 23 чэрвеня 1941-га. Немцы ўжо скінулі бомбы на Менск, а маскоўцы ў Курапатах яшчэ расстрэльвалі беларусаў.

А потым энкавэдзісцкія вылюдкі атрымалі заданьне падпаліць наш горад. Не немцы спалілі Менск, а маскоўскія энкавэдзісты ў чэрвені 1941-га. Не немцы разбамбілі Менск, а маскоўская авіяцыя, якая кідала бомбы на жылыя кварталы ў 1942-1943 гадах і разбурыла нашу сталіцу ўшчэнт у ліпені 1944-га, калі ўжо немцаў у горадзе не было.

Маскоўскія вылюдкі Сталіна выкарысталі вайну, каб зьнішчыць Беларусь і паболей беларусаў. Шмат хто з тых, хто забіваў у Курапатах, апынуліся ў савецкіх партызанах і забівалі беларусаў там. А, напрыклад, увесь склад Смаленскага НКВД перайшоў на бок немцаў і сфармаваўся ў нямецкую фашысцкую СД (Sicherheitsdienst), якая была пераведзена ў Менск і лютавала тут над беларусамі страшней за немцаў.

Нямецкія фашысты забівалі тых, хто супраць фашыстаў. Рускія камуна-фашысты забівалі тых, хто беларусы. І ў першую чаргу лепшых людзей. Вось тут у гэтым страшным лесе і ляжыць забіты цьвет нашай нацыі.

Ці можам мы гэта забыць?

Ці можам мы гэта забыць?

Закон вайны вымагае помсты. Закон жыцьця вымагае памяці і адраджэньня. Наша памяць… Вось яна ў гэтых крыжах. Нашае адраджэньне… У нас самых. У нашых душах. Толькі трэба яго несьці на сьвет цэлы. Бо трэба хаця б зраўняцца з Дзядамі. Нас тут тысячы жывых людзей. А іх расстраляных перад намі – 250 тысячаў забітых.

Калі б гэтыя людзі ўсталі з магіл і рушылі ў горад – назаўтра мы б жылі ўжо ў іншай краіне. Вось што такое дзяды, братове. Хто мае вушы, хай чуе. Хто мае розум, хай разумее. Яны ня ўстануць. Устаць могуць толькі жывыя.

Сьвяткуйма наша сьветлае сьвята ДЗЯДЫ! У ім стаілася, ёсьць, існуе вялікая сіла. Няхай жа яна вымкне, узьнікне, рэалізуецца і дапаможа нашым людзям здабыць сваё супольнае народнае шчасьце.

Слава Айчыне!

Жыве Беларусь!

 

1 лістапада 2015 г.                                                                       Зянон Пазьняк

Дадаць у: