НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Артыкулы

СПРАВА ГРАМАДЗЯНСТВА БНР

СПРАВА ГРАМАДЗЯНСТВА БНР
Акцыя “Грамадзянства БНР” распачатая ў 1998 г. Ідэя была абмеркаваная ў Беларускім Народным Фронце і 13 красавіка пастаўлена на Прэзыдыюме Рады БНР старшынёй БНФ З.Пазьняком. У выніку разгляду Прэзыдыюм Рады БНР прыняў Заяву “Аб грамадзянстве БНР”. Ніжэй тэскт заявы.

“Рада БНР як носьбіт ідэі незалежнасьці Беларусі, угрунтаванай на ўстаўных граматах Рады БНР і акце 25 сакавіка 1918 году, вітае ўсіх прыхільнікаў гэтай ідэі. Людзі, што працуюць на карысьць ужыцьцёўленьня ідэі беларускай дэмакратычнай дзяржаўнасьці, маюць аснову ўважаць сябе за грамадзянаў БНР. Такое сымвалічнае грамадзянства набывае маральнае і палітычнае значэньне, бо супрацьдзеіць нацыянальнай здрадзе, якую праводзіць рэжым дыктатара Лукашэнкі, і спрыяе ўмацаваньню і пашырэньню руху за ўсталяваньне дэмакратыі ў Беларусі і адраджэньне беларускай культуры ды ўмацаваньне свабоды разьвіцьця культуры нацыянальных мяншыняў на Беларусі” (Нью-Ёрк, 13 сакавіка 1998 г.).

(“Беларускія Ведамасьці”,– 1998, №2 (12), стар. 9-10)

У сакавіку ў Народным Фронце былі створаныя рэгістрацыйныя групы, а таксама Цэнтральная рэгістрацыйная група па прыёму заяваў. Рэгістрацыйныя дадзеныя кожнай заявы ў грамадзянства БНР зьмешчаны ў кампутар Цэнтральнай рэгістрацыйнай групы. Часовым дэпазытарыем заяваў у грамадзянства БНР зьяўляецца Беларускі Народны Фронт “Адраджэньне”.

Акцыя пачыналася на вялікім уздыме людзей. У першы ж месяц падало заявы каля 10 тысячаў асоб.
Характэрна, што справа прыняцьця сымвалічнага грамадзянства БНР выклікала шалёны супраціў унутранай агентуры ў БНФ, устрывожыла розных “эўрадзеячоў” тыпу Ганса Віка. Вельмі неспадабалася прамаскоўска-настроеным асобам звонку і “прагматыкам” унутры Фронту. (“Прагматыкамі” у палітыцы на Захадзе называюць палітыкаў са шкурным інтарэсам. У Беларусі прагматызмам чамусьці хваляцца і нават афішуюць).

Ужо ў траўні яны арганізавалі сабатаж акцыі і энэргічна пачатая добрая справа запаволілася і да канца года практычна спынілася. Выдатная ідэя і пэрспэктыўная ініцыятыва была паралізаваная.

Шэраг падзеяў, якія трывожна ўскалыхнулі беларускае грамадзтва ў наступныя гады, асабліва апошняя афёра з незаконным рэфэрэндумам 17 кастрычніка гэтага году, ізноў пацьвердзілі, як важна была і ёсьць цяпер для беларусаў арганізацыя альтэрнатыўнай сілы ўлады, якая легальна супроцьстаіць чужароднай дыктатуры. Прыняцьцё сымвалічнага грамадзянства БНР людзьмі Беларусі – гэта шлях да стварэньня вялікай беларускай грамадзкай сілы, да істотных пераменаў, да рэальных магчымасьцяў скончыць з прамаскоўскім гэбізмам і антыбеларускім рэжымам у Беларусі.

У канцовым сэнсе сымвалічнае прыняцьцё грамадзянства БНР вялікай колькасьцю людзей павінна закласьці рэальныя магчымасьці вяртаньня Беларускай Народнай Рэспублікі (гэтак называцца павінна незалежная наша дзяржава), якая скончыла б з усялякім саветызмам, каляніялізмам і пераемнасьцяй улады ад савецкіх акупацыйных рэжымаў. Усё гэта якасна перамяніла б зьмест улады і грамадзкія дачыненьні. І ўсё гэтае будзе. Задача толькі ў тым, каб наблізіць гэты час.

Акцыя “Грамадзянства БНР” працягваецца ў сусьветным Сеціве. Час працуе на Беларусь.

Зянон Пазьняк
Дадаць у: