НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

СЬЦЯГ І МЕЧ

СЬЦЯГ І МЕЧ

Дарагія землякі, паважаныя Беларусы, спадарыні і спадары!
    Сёньня зноў, як заўсёды, мы адзначаем угодкі Слуцкага Збройнага Чыну і шануем памяць слуцкіх змагароў. Мы шануем іх мужнасьць, славу і барацьбу за вольную незалежную Беларусь. Сёньня іхняе змаганьне ёсьць для нас ідэйным прыкладам, падмуркам і напамінкам, бо наша Бацькаўшчына, што апынулася пад акупацыяй антыбеларускага рэжыму, усьцяж у небясьпецы.
    Случакі змагаліся пад Бел-Чырвона-Белым Сьцягам за беларускія ідэалы волі, свабоды, незалежнасьці, народнасьці і дэмакратыі. Гэта было народнае рушэньне і народная барацьба за ідэі прагалошаныя Беларускай Народнай Рэспублікай. У 1980-х гадах народныя ідэалы і Сьцяг Волі пераняў Беларускі Народны Фронт «Адраджэньне» і дасягнуў усталяваньня рэальнай дзяржаўнай незалежнасьці краіны.
    Але ўлада, нажаль, засталася ў руках савецкай каланіяльнай адміністрацыі і былой камуністычнай намэнклятуры. Гэта яны ўпусьцілі ў Беларусь ворагаў нашай незалежнасьці і культуры, паспрыялі захопу ўлады антыбеларускім сілам і самы ўключыліся ў антыбеларускую палітыку рэжыму.
    Антынародны рэжым завёў краіну ў тупік, выклікаў гуманітарную катастрофу грамадзтва і, каб яшчэ трохі праіснаваць, гатовы па кавалках распрадаць і дзяржаву.
    Але вядома, што ліквідаваць антыбеларускі рэжым і ўратаваць краіну можна толькі з тымі ідэаламі і пад тым Сьцягам, пад якім змагаліся і паміралі за Беларусь слуцкія ваяры.
    Цяпер гэты Сьцяг падняты. Бачце і далучайцеся! Бачце і выбірайце!
    І добра, што выбар адбываецца. Супраць ідэалаў вольнай, незалежнай, народнай Беларусі выступілі асноўны правакатар фальшывых выбараў і пабоішча 2010 года А. Саньнікаў і камуніст С. Калякін, які ўвесь час за аднаўленьне СССР і злачыннай камуністычнай ўлады. Але няма ніякай падтрымкі ў іх акрамя пустазвонства. «Арганізацыя» Саньнікава – гэта кланавая група ў 5-6 асобаў, якія ў поўным складзе выехалі за мяжу ў спадзяваньні на ўтрыманьне за імітацыю апазыцыйнай палітыкі. Партыя камуністаў – гэта ўчарашні дзень. Людзі памятаюць, што натварыла антыбеларуская камуністычная банда забойцаў на нашай зямлі, і ні пад якім іншым назовам яны не схаваюцца. Яны не перамяніліся.
    Тыя «прагматыкі», што забыліся пра барацьбу з камунізмам, што ручкаліся потым з камуністамі пад дэмакратычнай фразеалогіяй, -- рабілі інтэлектуальнае злачынства, якое ўжо дорага абышлося нашаму грамадзтву.
    Але цяпер стала ўсё выразна відаць нават для тых, хто ня бачыў.
    Памятайма пра нашых змагароў за вольную Бацькаўшчыну, бо Беларусь ужо ёсьць незалежная і будзе незалежная. Цяпер краіна не свабодная, але будзе свабодная.
    Перамагаюць ня тыя, што гавораць пра свабоду і адначасна абымаюцца з ворагамі свабоды, а тыя, што трымаюць у адной руцэ свабоды Сьцяг, а ў другой – меч.
    Вучымся духу ў слуцкіх ваяроў. Не забывайма пра іхны патрыятычны чын. Яны не баяліся мільённай бальшавіцкай арды і ня думалі пра сьмерць, але толькі пра волю і прышласьць Айчыны. Гэта высокародна і годна павагі. Ім шанаваньне і добрая памяць.

25 лістапада 2012 г.                        Зянон Пазьняк

Дадаць у: