НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Артыкулы

СЯМ’Я

СЯМ’Я

            Прыступаючы да пісаньня дэфініцыі пра сям’ю, хацелася б мне напісаць пра сярэднявечную беларускую (ліцьвінскую) сям’ю ў Вялікім Княстве Літоўскім, асабліва пра сялянскую. Гэта была на той час увогуле адметная зьява ў хрысьціянскім сьвеце – школа дабрыні, працы, маральнасьці і выхаваньня. Пра беларускую сям’ю пакінулі запіскі шмат якія падарожнікі, пачынаючы з XVI стагоддзя, даючы ёй высокую ацэнку і не хаваючы ўражаньняў. Невыпадкова, што (пачынаючы са старажытнасьці і аж да канца ХІХ стагоддзя) існаваў звычай, калі беларускія паны, шляхта аддавалі сваіх дзяцей у сялянскія сем’і на дзядзькаваньне, каб навучыліся шанаваць працу людзей і традыцыі.

            Але гэта тэма спэцыяльнага разгляду і не для слоўнікавага азначэньня.

            Сям’я і дзяржава гэта ёсьць найвышэйшыя цывілізацыйныя супольнасьці, створаныя людзьмі ў працэсе гістарычнага разьвіцьця чалавецтва.

            Сям’я зьяўляецца інстытутам працягу роду чалавечага, крыніцай гарманічнага выхаваньня і разьвіцьця асобы, інструмэнтам натуральнай перадачы культуры.

            Калі дзяржава – гэта форма цывілізацыі, то сям’я зьяўляецца яе асновай.

            Сям’я гэта ёсьць маленькая царква з усімі падобнымі атрыбутамі: каханьнем паміж мужам і жонкай, любовяй, дабрынёй і пашанай паміж усімі сямейнікамі, павагай да старэйшых і да гаспадара сям’і, клопатам аб дзецях – замілаваньнем да малых і выхаваньнем падрастаючых і падлеткаў.

            Сям’я трымалася традыцыяў і агульных маральных каштоўнасьцяў, якія перадаваліся з пакаленьня ў пакаленьне. Такой была беларуская сям’я, якую я памятаю ў дзяцінстве і маладосьці нават яшчэ за савецкім часам.

            Мэнтальна і маральна беларуская нацыя ў часе акупацыяў і выпрабаваньняў трымалася на сям’і. Сям’я была ў той час інстытутам, важнейшым за дзяржаву. Бо дзяржава тады была не свая, чужая, нават варожая, а сям’я – свая.

            Савецкі акупацыйны камунізм адабраў прыватную ўласнасьць і падарваў матэрыяльныя асновы сям’і сваім правілам “сацыялізму” “ад кожнага па здольнасьцях, кожнаму – па працы”. Кожны мог зарабіць толькі на сябе. Сям’я не прымалася пад увагу. Гэта адмоўна адбілася перш за ўсё на выхаваньні і на колькасьці дзяцей.

            Другой прычынай дэфармацыі і зьмяншэньня сям’і (найперш у гарадах) была жорстка абмежаваная і строга рэглямэнтаваная палітыка жыльлёвага будаўніцтва. Людзям проста не было дзе жыць у рэпрадуктыўным узросьце.

            Тым ня менш ні бальшавіцкая палітыка, ні сістэма прапаганды не былі накіраваныя на разбурэньне сям’і як інстытута супольнасьці. Наадварот, рабіліся касмэтычныя захады па яе нібыта ўмацаваньні. Камуністы не адмаўлялі каштоўнасьці сям’і (за выключэньнем першых гадоў савецкай улады і асобных вывертаў).

            Тым часам левалібэральныя ідэі і праявы скасабочанай рэчаіснасьці як на Захадзе, так і ў Расеі і іншых краінах накіраваныя якраз на ліквідацыю інстытута сям’і і замену яе “свабоднымі партнёрскімі адносінамі” мужчыны і жанчыны, дзе зьместам “адносінаў” зьяўляецца не любоў і абавязкі перад дзецьмі, а палавы акт. Вакол палавога акту (“сэксу”) круціцца і ўся лібэральная гаворка пра дачыненьні “партнёраў”.

            У барацьбе супраць хрысьціянскай сям’і створаныя нават сацыяльныя хімеры – рэгістрацыя сумеснага жыцьця палавых збачэнцаў аднаго полу (пэдэрастаў і лесбаў), якім прызначаны сацыяльныя льготы і выплаты (за кошт нармальных людзей) і права на адаптацыю чужых дзяцей.

            Мне прыходзілася ўжо ня раз зьвяртаць увагу на тое, што з усіх леварадыкальных маргінальных ідэй і ідэалёгій пры ўвасабленьні іх у структуры грамадзтва і палітыку найбольш разбуральным для цывілізацыі (поруч з камунізмам) зьяўляецца левы лібэралізм. Камунізм абмяжоўвае, запалохвае і фізічна зьнішчае асобу (генацыд, тэрор). Лібэралізм разбурае саму Боскую, прыродную і культурную сутнасьць чалавека, ператвараючы яго дух у неадэкватную люмпэнізаваную сьведамасьць, няздольную да стваральнага існаваньня.

            У краінах з антынароднымі рэжымамі (Расея, Беларусь, Украіна і інш.) афіцыйна не падтрымліваюцца лібэральныя збачэнствы і прапаганда супраць прыроды чалавека (прымаюцца нават адпаведныя законы), аднак на справе (інфармацыя, Сеціва, мас-культура, друк) гэтая прапаганда ня спынена, а так званая афіцыйная крытыка мае бессаромны характар, бо самы начальнікі рэжыму публічна дэманструюць сваю амаральнасьць, непавагу да сям’і і прыстойнасьці.

            Гаворачы пра абарону і падтрымку сям’і, мы думаем адначасна і аб адраджэньні Беларусі. Інстытут сям’і – гэта наш вялікі гуманітарны і нацыянальны скарб, якасна роўнага якому не было ні ў Эўропе, ні ў Расеі. Адраджэньне, падтрымка і разьвіцьцё гэтага інстытуту ёсьць грамадзкая задача нацыі, яна ў інтарэсах людзей Беларусі.

            Будучыня нашай краіны ня можа базавацца на паняцьцях заходняга індывідуалізму, на прымітыўнай дактрыне прыярытэту правоў чалавека і рэлятывісцкай аргумэнтацыі сумніўных каштоўнасьцяў, бо мы ёсьць іншымі, наш гістарычны дэмакратычны вопыт ёсьць старэйшы, а каштоўнасьці лепшыя ў чалавечым вымярэньні.

            Найперш нагадаю, што не правы чалавека цяпер галоўныя для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо няма правоў чалавека пад акупацыяй (пад антыбеларускім рэжымам).

            Дзеля гарманічнага разьвіцьця нашага грамадзтва патрэбнае забесьпячэньне яго галоўных каштоўнасьцяў, дасканала адлюстраванае ў заканадаўстве. У будучай сьветлай, нармальнай, дэмакратычнай Беларусі правы сям’і, правы народа (нацыі, дзяржавы) і правы чалавека будуць  (не сумняваюся) грунтоўна забясьпечаны, распрацаваныя ўсе прыярытэты і парытэты дачыненьняў ў грамадзтве. 

              Праўнае вызначэньне правоў і абавязкаў на аснове вызначэньняў парытэту і прыярытэтаў павінна будзе зроблена ў дачыненьні трыяды: дзяржава – сям’я – асоба. Мы бачым у гэтым юрыдычным і сацыяльна-палітычным полі сям’ю як асноўную каштоўнасьць грамадзтва. У сямейных дачыненьнях прыярытэт мае сям’я. Дзяржава ня можа ўмешвацца ў сямейнае выхаваньне дзяцей. Па сям’і мусіць быць распрацавана новае асобнае заканадаўства, якое прадугледжвала б абарону сям’і, яе нармальнае функцыянаваньне і разьвіцьцё, яе правы, абавязкі і магчымасьці. Асноўныя сродкі будуць укладвацца не ў “спэцназ” і КГБ, а ў сям’ю і адукацыю. Будуць перагледжаны падаткі і стандарты будаўніцтва жыльля, сістэма адукацыі і дашкольнага выхаваньня з улікам магчымасьцяў і інтарэсаў сям’і, а таксама пэнсійнае заканадаўства (бо задача аднавіць вялікую, здаровую сям’ю, у якой робіцца ўсё лягчэй, асабліва выхаваньне дзяцей). Інтарэсы сям’і будуць улічаны ва ўсіх структурах грамадзтва: у медыцыне, на транспарце, у сістэме абслугоўваньня і адпачынку.

            Мусіць быць створаны нацыянальны навукова-дасьледчы інстытут сям’і, сямейнай этыкі і выхаваньня. Прапаганда супраць існаваньня сям’і павінна разглядацца як крымінальнае злачынства, нароўні з пагрозай сьмерці асобе, дзеяньнямі на шкоду абароназдольнасьці краіны і т. п.

            Узвышэньне і адраджэньне здаровай сям’і і падтрымка сямейных дачыненьняў адпавядае ўяўленьням беларуса аб шчасьці ў грамадзтве. Беларусы часта кажуць: “Шчасьце – гэта калі добра ажаніцца і жонка (муж) ды дзеці – харошыя”.

            Нашую сьветлую дарагую Бацькаўшчыну мусім будаваць дзеля шчасьця ўсіх людзей.

 

3 ліпеня 2013 г.                                                                                               Зянон Пазьняк                      

 

Дадаць у: