НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Артыкулы

“Толькі Беларускае Адраджэньне пераможа чужую навалу”

“Толькі Беларускае Адраджэньне пераможа чужую навалу”

Выступ на кастрычніцкім Сойме Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ

Паважаныя сябры Сойму Беларускага Народнага Фронту і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ. Вітаю вас у Бацькаўшчыне! Зычу вам упэўненасьці і здароўя. Няхай большаюць нашыя шэрагі і мацнее рух!

Нядаўна мы былі сьведкамі чарговага спэктаклю палітычнай імітацыі, якая стала цяпер сродкам лібэральна-гэбоўскай палітыкі. Маецца на ўвазе так званы “дэмкангрэс” падстаўной апазыцыі. Вось дзе добра відаць вынік і ўзровень шкоднай працы з усходу і захаду.

Калі адкінуць уражаньні і не зважаць на тое, што там казалася, то ацэнка наша такая: першы крок апэрацыі “адзіны кандыдат” Масква ўжо зрабіла (хаця гэта патрабаваньне Брусэлю, але купоны стрыжэ Масква).

Трэба мець на ўвазе тры разбуральныя задачы, якія выконвае гэты плян і ягоныя выканаўцы зь вікаўскай апазыцыі.

Найперш была абмежаваная магчымасьць уплыву нацыянальна актыўных людзей на народ. (Асьветніцтва – самае галоўнае, што трэба было заранёў рабіць перад выбарамі). Замест гэтага амаль цэлы год нешматлікія актывісты вымушаныя былі займацца толькі сабой (у паўсакрэтных умовах выбіралі “адзінага кандыдата”).

Гэтыю сітуацыю бесперашкодна выкарыстаў рэжым Лукашэнкі, умацаваў свае пазыцыі ў электараце шэрагам рэальных захадаў.

Другі мамэнт. Стварэньнем малаведамых “адзіных кандыдатаў” (за якімі паўпрацэнта падтрымкі) рэжым робіць бачнасьць нібыта дэмакратычнай сітуацыі ў краіне і роўных магчымасьцяў, рыхтуе сабе квазідэмакратычны фон для “элеганцкай перамогі”.

І трэці, галоўны аспэкт антыбеларускага пляну – “адзіны кандыдат” ад “дэмпартыяў” ствараецца ня супраць Лукашэнкі, а супраць кандыдата, які будзе прадстаўляць усю Беларусь, Беларускую ідэю, Адраджэньне, Беларускі Нацыянальна-Вызвольны Рух. Рэжыму неабходна распалавініць сьведамы беларускі электарат. З вылучанай на адзінага кандыдата асобы (А. Мілінкевіч) адразу пачынаюць ляпіць быццам бы “нацыяналіста”, прыдумалі нават, што ён быццам бы быў у БНФ і г.д. (хаця ён шкодзіў Фронту, і мы памятаем, як). Тут дакладна такая ж схема, як у 2001 годзе, калі падстаўным супраць мяне выставілі горадзенскага С. Домаша (бо і Пазьняк горадзенскі). Дарэчы, А. Мілінкевіч кіраваў тады выбарчым штабам С. Домаша. Яны гэтай антынацыянальнай справай і займаліся ў якасьці нібыта “нацыяналістаў”. Калі стала зразумела, што асноўны супернік рэжыму ня будзе ўдзельнічаць у выбарах, тады Домаша адсунулі (бо патрэбны быў Ганчарык). Пасьля выкананьня заданьня С. Домаш нават палітыкай перастаў займацца.

Цяпер выплыў А. Мілінкевіч, таксама з Горадні, таксама нібыта “нацыяналіст” і г.д. Схему паўтараюць да драбніц. (Учора, між іншым, з вуснаў гэтага “нацыяналіста” мы пачулі, што беларускую культуру сфармавалі хрысьціянства, юдаізм і іслам (забыўся яшчэ пра буддызм і сінтоо.)

У схеме дзеяньняў падстаўной апазыцыі трэба зьвярнуць увагу на паводзіны яе ў прынцыповых пытаньнях на працягу апошняга году. Восень-2004. Яны, як заведзеныя, заплюшчыўшы вочы, клічуць усіх удзельнічаць у антызаконным рэфэрэндуме, які праводзіў рэжым. Ніякая лёгіка пра байкот антызаконнай справы, ніякая думка, ніякая відавочнасьць, зразумелая нават дзіцяці, на іх ня дзейнічалі. Ня верачы ў выйграш галасаваньня (пра што самы прызнаваліся), яны ўсяроўна бяздумна, упарта клікалі галасаваць: “Скажы сваё НЕ Лукашэнку!” Сказалі. Вынік вядомы. Гэтак яны дапамаглі стварыць цяперашнюю сітуацыю з трэцім тэрмінам Лукашэнкі, ведаючы ўсё, што робяць.

Цяпер яны бавяцца ў іншую гульню. Ведаюць (Масква заявіла), што пасьля паражэньня на Ўкраіне, гэбоўская Расея ўсе свае сілы кідае ў Беларусь, каб утрымаць ва ўладзе Лукашэнку. “Белоруссию не отдадим!” – выказваліся ўсе, ад рускіх “дэмакратаў”, да рускіх крэмлекратаў. Расея паставіла на Лукашэнку, дала яму грошы, крэдыты, авансы, ільготы, дыпляматычнае прыкрыцьцё, абяцанкі і г.д.

Тым часам падстаўная апазыцыя ў Беларусі як быццам нічога не разумее і амаль у поўным складзе едзе ў Маскву. Там яны просяцца, абяцаюць вернасьць, нават самы прапанавалі маскоўцам, каб тыя прызначылі сярод іх “адзінага кандыдата”.

Што гэта ўсё азначае? Можа, усе яны хворыя і няздольныя адэкватна ацэньваць рэчаіснасьць? Але ўсё яны разумеюць.

Гэтыя людзі хворыя на нацыянальную нікчэмнасьць. Нікчэмнасьць зрабіла зь іх “прафэсійных апазыцыянэраў”, што сталася ўжо ў Беларусі сінонімам здрады, бо апазыцыйнасьць яны, безідэйныя, ператварылі ў бізнэс, у зарабленьне паскудных чужых грошай, а прагматызм зрабілі філясофіяй сваіх паводзінаў. Нікчэмнасьць аплочваецца чужымі. У мінулым годзе ім сказалі чужыя з Захаду ісьці на выбары і рэфэрэндум, бо інакш грошай не дадуць. Пайшлі. Супраць волі сваёй нават пайшлі. Пішчэлі, але пайшлі, прадажнае племя. І нішто не спыніла іх, гэтак прагнецца ім халявы. Гэткую б жарсьць – ды за свабоду Бацькаўшчыны! Але за свабоду трэба плаціць самым, часам нават жыцьцём. У гэтым і ўся розьніца паміж беларускімі дэмакратычнымі адраджэнцамі – і нікчэмнымі дэмакратычнымі прагматыкамі.

Цяпер яны штурхаюцца ў Маскву супраць прамаскоўскага Лукашэнкі. І Масква дасьць свабодным халуям. Лукашэнку дае, і ім дасьць. “Боритесь, ребята, за демократию!”

Якая ўжо тут Беларусь, народ, Бацькаўшчына, гонар, культура ды воля!

Гэтак будзе ўвесь час, пакуль “апазыцыяй” будуць яны. Вось гэта той вынік, які ніяк не маглі зразумець многія беларусы і які прадбачылі нашыя непрыяцелі, якога дамагліся ў 1999 годзе немцы ў супрацоўніцтве з Масквой і КГБ, калі плянавалі разгром БНФ – адсунуць у бок беларускія нацыянальна-вызвольныя сілы і выцягнуць на паверхню палітыкі прамаскоўскую гразь.

Нізкі ўзровень у нацыянальнай палітыцы цяпер ня толькі ў нас, ён плавае на паверхні па ўсёй Эўропе. Таму ідуць адтуль падвойныя стандарты і падтрымка расейскай акупацыі ў Беларусі, і русіфікацыя (!), і упартасьць у шкодзе. Дрэнь атрымала свабоду, і наверх выплывае нішто.

Мы мусім цяпер разумець, што змаганьне за вольную Беларусь, за беларускую культуру, за дэмакратыю і свабоду ёсьць ужо нечым большым, чым змаганьне за нас. Гэта ёсьць таксама барацьба за праўду, за ісьціну і справядлівасьць супраць агульнага расьперазанага лібэральнага зла.

Зычу ўсім добра і здаровымі жыць дзеля сябе і агульнай вялікай беларускай справы.

Жыве Беларусь!

Зянон ПАЗЬНЯК

Старшыня Беларускага Народнага
Фронту “Адраджэньне”
І Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ

9 кастрычніка 2005 г.

Дадаць у: