НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Інтэрв’ю

У палітыцы змаганьня грошы – на апошнім месцы

У палітыцы змаганьня грошы – на апошнім месцы

Імя:: Ягор Горад:: Менск

08.11.2012 18:49
Шаноўны сп. Пазьняк, ці разглядаеце вы магчымасьць стварэньня руху, асновай якога стала б КХП-БНФ? У партыю ўступіць гатовы не кожны, а вось у агульнанацыянальны рух, якім быў БНФ на пачатку 90-х нашмат прасьцей.

Ці плянуеце вы працягваць акцыю байкоту на наступным выбарах і як можна да яе далучыцца, каб зноў не стаць ахвярай псэўдаапазіцыі?

Ці здольная КХП-БНФ кіраваць акцыяй пратэсту ў дзень выбараў?

Дзякуй за ўсю вашую апошнюю актыўнасьць, якая вельмі ўздымае дух!
Адказаць

Імя:: Пазьняк
09.11.2012 15:43
1. Ідэя руху добрая, але для яе яшчэ не сасьпеў час.

2. Калі зыходзіць са становішча, якое існуе сёньня, дык наступныя выбары трэба будзе байкатаваць. На рэжымных выбарах па дэфолту праходзіць толькі Лукашэнка. Але абставіны могуць зьмяніцца, і тады магчыма іншае рашэньне. Цяпер трэба байкатаваць рэжым, ствараць паралельнае культурнае жыцьцё грамадзтва. Такіх прыкладаў у гісторыі змаганьня дастаткова. Пра гэта таксама напісана на сайце «Народнай партыі» http://www.narodnaja-partyja.org/.

3. Калі ўзьнікнуць умовы масавага пратэсту, дык ён павінен быць кіруемым і, галоўнае, пераможным. Дзеля гэтага варта брацца.

Імя:: Яўген Горад:: Віцебск
08.11.2012 18:59
Сп. Зянон.

Што вы думаеце пра тую хвалю крытыкі запушчаную супраць вас незалежнымі, ліберальнымі медыямі? У тым ліку пра спробы заглушыць вашыя слушныя меркаваньні гнюснай пародыяй і спробай абсьмяяньня?
Адказаць

Імя:: Пазьняк
09.11.2012 16:07
Я іх не чытаю, бо за 25 гадоў палітычнай гістэрыкі ў мой бок чытаць надакучыла. Усе шэдэўры чорнай публіцыстыкі былі выказаныя яшчэ камуністамі. Іхні набытак: 15% нэгатыву. Гэта пастаянная велічыня.

Імя:: Шелудивая Масса Горад:: Нцк
08.11.2012 19:02
Паважаны спадар Пазьняк, нiзкi Вам паклон за тое, што Вы зрабiлi для Беларусi!

Отношусь к Вам с глубоким уважением и нисколько не сомневаюсь, что субъективно Вы всегда говорите правду и искренне ощущаете свою пророческую правоту. Ваше слово острым клинком рассекает бесчисленные путы лжи, которыми, как лилипутскими ниточками, крепко повязан народ-Гулливер. Но нередко это слово больно ранит и друзей, и сочувствующих, и отталкивает колеблющихся. Вопрос к Вам как к учёному: неужели Вы не видите, что следуете догматическому стилю мышления, находитесь в плену собственных идей? Не настала ли пора поверить их практикой? Дайте, пожалуйста, Ваш прогноз развития ситуации в стране на ближайшие годы.
Адказаць

Імя:: Пазьняк
09.11.2012 16:08
Мае ідэі якраз пацьвердзіліся практыкай, прытым нашай, беларускай практыкай. Прагнозамі я не займаюся. Разглядаю магчымасьці і варыянты. Магчымасьці пазбаўленьня ад дыктатуры цяпер павялічыліся.

Імя:: ахвяра баявога Маклюэна.
08.11.2012 19:03
Вітаю, сп,Пазьняк!
"в 2005 году на сайте Bielarus.Net была опубликована обширная статья «Развагі пра беларускія справы».
«У Бэльгіі цяпер, — писал тогда г-н Пазьняк, — назіраецца самая вялікая канцэнтрацыя агентуры ФСБ–КГБ, засланай праз беларускія арганізацыі. Яны ствараюць там так званую «новую беларускую эміграцыю», пікетуюць, лезуць у Раду БНР, у радыё «Свабода», прапануюць паслугі, выступаюць з «ініцыятывамі» і г.д.» " з каментароў РС

Гэта на сёньня застаецца актуальным, ці трохі актыўнасьць змясьцілася на ўсход?
Вы прыхільнік смяротнага пакараньня на Беларусі?
Ці ўсе сябры КХП-БНФ веруючыя хрысьціяне?
Што зменіцца ў палітычным плане сярод апазыцыйнага асяродку пасьля падпісаньня Мэмарандума ў Вільні прадстаўнікамі розных беларускіх арганізацый?
Кім найперш Вы сябе адчуваеце, палітыкам ці хрысьціянінам?
Дзякуй за шчырыя адказы!
Адказаць

Імя:: Пазьняк
09.11.2012 15:48
1. Так, застаецца актуальным, нягледзячы нават на правал спадарыні Стужынскай і на стагнацыю іншых лабій рэжыму.

2. Сьмяротнае пакараньне было і будзе, пакуль ёсьць масавыя злачынствы супраць чалавецтва. Калі раскрыецца, хто быў аўтарам і рэжысэрам масавага забойства ў менскім мэтро 11 красавіка 2010 году, дык, паводле закону, яму павінна быць «вышка», – і гэта будзе справядліва. Апартамэнты Брэйвіка тут не падыходзяць.

3. Не, ня ўсе, але ўсе ляяльныя і прызнаюць хрысьціянскія прынцыпы. КХП БНФ ёсьць народная партыя, і яна арыентуецца на ўвесь беларускі народ. Агрэсіўных тэістаў у грамадзтве няшмат.

4. Нічога ня зьменіцца. Гэта канстатацыя вядомага.

5. Палітыкам, які шануе хрысьціянскія прынцыпы.

Імя:: Сергей Горад:: Бегомля
08.11.2012 19:17
1) Что-то делать или продолжать соблюдать разумную линию?
2) Бороться сообща с мировым злом или каждый крок для Беларуси?
Адказаць

Імя:: Пазьняк
09.11.2012 15:49
1. Трымацца разумнай лініі.
2. Лепш – для Беларусі.

Імя:: Вячеслав Дианов Горад:: Варшава
08.11.2012 19:40

1) Думаете ли вы извинится перед семьей Виктора Гончара за свои высказывания о том, что никуда он не пропал и появится как чёрт из табакерки?
2) Почему вы исказили на своем сайте изначальное интервью Еврорадио: "Пазняк: Хай не пілікаюць, што КДБ злівае, а Пазняк не разабраўся", добавив туда те слова, которые вы в живую не говорили; слова, которые ещё больше оскорбляют Кузнецова и остальных негативно вами перечисленных?
3) Вы гражданин США? (например, ваш коллега Наумчик получил гражданство США)
4) Право ли утверждение: "В Беларуси есть КХП-БНФ, псевдооппозиция, народ и прокремлевский режим. Больше никого нет."
5) Вы публично назвали имена тех, кто по вашему мнению агент КГБ. Готовы ли вы предоставить факты вербовки и сотрудничества, если один из названных вами обратися в одну из прокуратур ЕС или США по факту клеветы?
Адказаць

Імя:: Пазьняк
09.11.2012 15:52
1. Вам, пэўна, невядома, што пісьменьнік Яўген Будзінас распавядаў пра распрацаваны ім і Ганчаром плян зьнікненьня на пэўны тэрмін, каб прыцягнуць большую ўвагу да заяў Ганчара пасьля яго вяртаньня. У першы час пасьля зьнікненьня Будзінас наракаў на Ганчара, што той зьнік не паводле пляну. Гэта прызнаньне Будзінаса нават зафіксаванае ў кнігах.

Добра ведаючы Ганчара, ягоную дзейнасьць у Вярхоўным Савеце, збольшага шкодную для нас, дэпутатаў апазыцыі БНФ, – тое, што ён рабіў на так званых «выбарах» 1999 году, якія самым непасрэдным чынам спрычыніліся да расколу БНФ, няцяжка было ў гэта паверыць. Але за што я павінен выбачацца перад сям’ёй Ганчара? За тое, што я лічу яго авантурыстам? Але я лічыў і лічу яго авантурыстам, у тым ліку і за падтрымку Лукашэнкі ў 1994 годзе, – што вельмі дорага абышлося беларускаму народу. І за выбарчую афёру 1999 году.

Пры гэтым, канечне, я спачуваю сем’ям і блізкім зьніклых. Зразумела, што гэта злачынства павінна быць расьсьледавана і за яго павінны панесьці адказнасьць. Але трэба разумець, што тут быў канфлікт асяродзьдзя Лукашэнкі. Ганчар і Захаранка былі адны з самых набліжаных да Лукашэнкі асобаў. Там законы крымінальныя, воўчыя, з рукапрыкладзтвам і турэмнай камэрай. Гэтыя людзі, на жаль, недаацанілі, з кім маюць справу.

2. Інтэрвію мной адрэдагавана ў больш дакладным варыянце.

3. Я ня маю грамадзянства ЗША, я – грамадзянін Беларусі.

4. Усё гэта сапраўды ёсьць, акрамя «больш нікога няма».

5. Агентура за 25 гадоў у палітыцы Народным Фронтам адсочаная вельмі добра. Кропку паставіць люстрацыя ў вольнай Беларусі.

Наконт паклёпу. Мяркую, што ў адпаведных структурах ЗША ёсьць фактаў больш, чым у мяне.

Імя:: Анастасія Горад:: Мінск
08.11.2012 20:03
Cпадар Зянон, а вы падтрымлівалі кагосьці з палітычных вязьняў якія тут сядзелі і сядзяць? Можа пісалі лісты ці грашыма дапамаглі?
Адказаць

Імя:: Пазьняк
09.11.2012 15:54
Падтрымліваў, шаноўная Наста. І Някляева, і скалечанага, хворага Бандарэнку з Саньнікавым у іх прашэньнях аб памілаваньні, і асабліва героя Каваленку. І грошы зьбіраў, і грошы дасылаў. І Дашкевіча шкада, і ўсю нашу моладзь, якая трапіла ў сеткі фальшывых, а потым – пад турэмны прэс. Трымайцеся, бо лепшае – наперадзе!

Імя:: Бенедзікт
08.11.2012 20:05

Паважаны спадар Пазьняк,
маю да Вас некалькі пытаньняў.

1. Як Вы ставіцеся да відавочнага разбурэньня хрысьціянскай маралі ў краінах заходняй дэмакратыі, наколькі гэта пагражае Беларусі?

2.Вы, незлічоную колькасьць разоў выказваліся пра дзейнасьць псэўдаапазіцыі. Вас быццам бы не чулі, але калі Вы апошнім разам выказаліся па згаданаму пытаньню дык быццам бы плаціну прарвала...
І што адметна - абсалютна ніхто(!) не абвяргаў агучаныя Вамі факты.
Казалі што заўгодна, але не па сутнасьці сказанага Вамі.
У чым справа?

3). Вось, ставіў канкрэтныя пытаньні па грантах (на форумах), Івашкевічу і Баршчэўскаму, але адказу ад іх не дачакаўся, хоць прыводзіў, у прыватнасьці, адпаведную спасылку на выказваньне Г.-Г.Віка пра выдзяляныя "на оппозицию" амаль 1,5 млн. даляраў (не кажучы пра іншыя гранты)
Няўжо ім сказаць няма чаго?! (Ну не прапіў жа Вік тыя грошы...)

4. Байкот павінен мець пэрманэнтны працяг?

Дзякуй.
Адказаць

Імя:: Пазьняк
09.11.2012 15:59
1. Заходняя дэмакратыя перажывае пэрманэнтны маральны крызіс. Для Беларусі гэта стане пагрозай нумар адзін, калі яна юрыдычна трапіць у сфэру гэтай «дэмакратыі ўпадку». Наш шлях паміж Сцылай і Харыбдай вельмі цяжкі. Але памятайма: духоўнае сьвятло Беларусі – ўнутры яе самой.

2. Справа ў тым, што адбыліся зьмены ў галовах людзей. Усе ўбачылі тое, што ўжо бачылі самі, але не рашаліся гаварыць.

3. Гэтыя людзі ганебна памыліліся, паставіўшы на грошы і на чужога каня. Вынікі іхніх памылак жахлівыя. У гэтым цяжка і страшна прызнацца. Лягчэй сябе супакоіць і апраўдаць.

4. Так, байкот рэжыму. Пра гэта я ўжо казаў.

Імя:: Константин Горад:: Минск
08.11.2012 20:07
Скажите что необходимо предпринять против культурной и политической лысенковщины которая присутствует в белорусской интеллигентской среде? Например товарищ Абламейко всех неуниатов записывает в каких-то "отщепенцев". Когда наша интеллигенция вырвется из своих советских штанишек.
Адказаць

Імя:: Пазьняк
09.11.2012 16:04
Я чытаў артыкулы Сяргея Абламейкі (калі Вы яго маеце на ўвазе), і ў мяне склалася іншае ўражаньне. Наадварот, ён усе нашы канфэсіі і цэрквы лічыць беларускай царквой, бо ўсе яны – частка веры нашага беларускага народа.

Імя:: Віталь Беразоўскі Горад:: Наваполацак
08.11.2012 20:19
Добрага здароўя, сп. Зянон.

Маю да Вас пытаньне: колісь адзіны БНФ раструшчыўся на два аскепкі - Кансэрватыўна-Хрысьціянскую Партыю - БНФ і Партыю БНФ. Першая купка фактычна на чале з Юрасём Беленькім скукожылася ў бязьдзейнасьці і мне асабіста туды хады няма. Бо я ня толькі прыхільнік нацыянальнага адраджэньня ліцьвінаў, але і перакананы атэіст. Мяркую, што ў ХХІ ст. сорамна разумным людзям верыць у тыя забабоны, што былі сьмешныя нават маёй бабці…
Партыю БНФ на чале з кэдэбэшнымі шостакамі – гэта таксама не для мяне… можа званітаваць ад такой кумпаніі.
Навошта Вы, сп. Зянон, прывязалі нацыянальную ідэю да хрысьціянскага камунізму? Куды цяпер ліцьвіну падзецца?

Жыве Беларусь!
Адказаць

Імя:: Пазьняк
09.11.2012 16:05
Становішча Ваша няпростае. Мяркую, што найлепш было б застацца беспартыйным.

Імя:: Віктар.
08.11.2012 20:22
Паважаны Зянон Станіслававіч, як усё ж нам усім з’яднацца ў адзіны кулак, усім тым, хто жадае вызваленьня Беларусі ад ненавіснага рэжыму, ва ўсіх мэта адна, але як нам разам выйсьці і абараніць наш выбар ? Чаму разнагалосьсі пры яднаньні перамагаюць саму мэту яднаньня ? Дзякуй вам.
Адказаць

Імя:: Пазьняк
09.11.2012 16:10
Падтрымлівайце сваё беларускае і ўсіх сваіх – гэта першы крок да яднаньня.

Імя:: Паліна Горад:: Менск
08.11.2012 20:26
Ці валодаеце Вы дакладнай інфармацыяй, якое актуальнае становішча ў Беларусі?
Як цяжка, жывучы тут у краіне, змагацца з жорсткай уладай, і колькі змагароў яшчэ стойка трымаецца пасьля шматлікіх арыштаў, зьбіцця, шантажу й запалохваньняў? Думаеце іх шмат, такіх змагароў? Ведаеце колькі іх за апошнія гады былі вымушаны пакінуць Беларусь? Лічаце вы ўсіх з’ехаўшых ды застаўшыхся псеўдаапазіцыянерамі?

Ведаеце, якім абыякавым, дезарынтаваным стала нашае даведзенае да галечы, хваробаў і п’янства грамацства? Ведаеце, як цяжка да іх дастукацца цераз прапаганду й хлусьню, якая 10-годзьдзямі ўбіваецца тут нам у галаву?
Вы ўсё яшчэ верыце ў рэвалюцыю, што беларусы масавы выйдуць на вуліцы супраць грамаднай арміі, якую стварыў і ўзмацніў Лукашэнка за гады свайго кіраваньня (плюс дапамога Пуціна падасьпее)?
Адказаць

Імя:: Пазьняк
09.11.2012 16:14
Становішча ў Беларусі ведаю, бо займаюся Беларусьсю. Тут мой інтэрас. Не ўпадайце ў роспач ад бяды. Дапамажыце канкрэтнаму беларусу вярнуцца да Беларусі, а ён хай дапаможа іншаму. За саветамі ўсё было задушана, але мы так рабілі, ствараючы ланцуговую рэакцыю. Добрае слова не прападзе.

Імя:: Юрась
08.11.2012 20:31
Выпадкова мне трапіла ў рукі вашая кніга "Нацыянальныя каштоўнасці". Прачытаў з вялікай ціканаўсьцю. Яна добра абгрунтавала ўсё тое, пра што я толькі здагадаваўся. Лічу што гэтую кнігу абавязкова павінны прачытаць усе хто займаецца ці цікавіца палітыкай у Беларусі й беларускімі справамі. Шкада, што такі малы наклад гэтай важнай кнігі. Зянон Станіслававіч, ці ёсць магчымасць на Беларусі набыць вашыя новыя кнігі?
Адказаць

Імя:: Пазьняк
09.11.2012 16:16
У Беларусі набыць мае кнігі праблемна, але на інтэрнэт-старонцы http://kamunikat.org/ шмат што ёсьць, – можна паглядзець.

Імя:: Raman
08.11.2012 20:39
Па-вашаму нельга браць грошы на апазіц. дзейнасць ні ў Расеі ні на Захадзе. А дзе тады і адкуль іх браць, мо ў лукашэнкаўскіх алігархаў, ці вы лічаце, што бяз грошай можна друкаваць улёткі, фінансаваць папяровыя і інтэрнэт-смі, плаціць журналістам і інш. зарплаты і г.д. ?
Думаеце, рэвалюцыю, прыхільнік якой Вы з’яўляецеся, магчыма здзейсніць бяз фінансавай дапамогі?
Дзякую за адказ
Адказаць

Імя:: Пазьняк
09.11.2012 16:25
«Адзін пайшоў тапіцца, але вярнуўся, бо вада халодная…» – Такая ёсьць прыпавесьць.

Хто гатовы змагацца за Бацькаўшчыну, той будзе змагацца. У палітыцы, у палітыцы змаганьня такі парадак: ідэя, людзі, структуры, лідэр, вольны час, грошы. Грошы – на апошнім месцы. Яны зьяўляюцца па патрэбе, калі будзе барацьба. Калі грошы паставіць наперадзе – барацьбы ня будзе. Узьнікне не барацьба, а барацьба за грошы. Народны Фронт і мы, дэпутаты апазыцыі БНФ, у дзевяностыя гады ня мелі палітычнай падтрымкі Захаду і аніякіх чужых грошай, але здабылі незалежнасьць і ліквідавалі КПСС.
Ідэя – ёсьць найвялікшая стваральная сіла.

Імя:: Вольф Рубінчык Горад:: Мінск
08.11.2012 20:51
Добры дзень, Зянон Станіслававіч! Ці памятаеце Вы Лухверчыка? Ён у канцы 1940 - пачатку 1950-х гадоў з м. Суботнікі дасылаў рашэнні шахматных задач у газету "Звязда", адкуль я і даведаўся пра яго. Апошнім часам даследую гісторыю Беларусі шахматнай, і такія асобы, як Лухверчык, цікавяць мяне.

З павагай, Вольф.
rubinczyk[at]yahoo.com.
Адказаць

Імя:: Пазьняк
09.11.2012 16:27
Памятаю Лухверчыка. Ён прыежджы аднекуль. Працаваў, здаецца, кінамэханікам у санаторыі «Суботнікі». Ціхі, лагодны, прыстойны чалавек.

Імя:: Ілля Горад:: Рагачоў
08.11.2012 20:55
Прывітанне, Спадар Зянон

Што такое Рада БНР? Колькі ў ёй асоб, як яна функцыянуе. Дзе знаходзіцца яе офіс і як можна да яе далучыцца?

Дзякуй за адказ і поспехаў!
Адказаць

Імя:: Пазьняк
09.11.2012 16:28
Прапаную набраць па пошукавай сыстэме Google «Рада БНР». Там знойдзеце адказы на Вашы пытаньні.

Імя:: Ананім
08.11.2012 20:59
Зянон Станіслававіч, якія Вашыя адносіны да той часткі расейскамоўнай інтэлігенцыі, якая адмаўляе неабходнасьць спыненьня русіфікацыі беларусаў? Маўляў - все уже прівыклі.
Адказаць

Імя:: Пазьняк
09.11.2012 16:29
Пасьля ліквідацыі антыбеларускага рэжыму яны спакойна прывыкнуць да беларускай мовы і будуць ляяльнымі грамадзянамі. Маем вопыт. Цяпер яны, на жаль, прывыклі да Лукашэнкі.

Імя:: Андрусь Горад:: Менск
08.11.2012 21:03
Шаноўны сп. Зянон
Як на вашую думку, дзе палягае мяжа між праўдзівым судом, адплатай з аднаго боку й перасьледам, гвалтам, помстай з другога, асабліва, калі справа датычная варункаў ахвяра-кат?
Крытэр людзкасьці, гонару й годнасьці ў палітыцы, асабістым жыцьці -чым ён ёсьць?
бязьмежна паважаю Вас і загадзя дзякую за адказ.
Адказаць

Імя:: Пазьняк
09.11.2012 16:30
1. Мяжа праходзіць праз выкананьне закона з улікам асобы і дачыненьняў яе з грамадзтвам.

2. Палітык – гэта перш за ўсё чалавек абавязку. Перад Бацькаўшчынай, народам, самім сабой і сваім сумленьнем. Палітыка – вышэйшая форма грамадзкай дзейнасьці.

Імя:: Алена
08.11.2012 21:17
Сам на свае вочы бачыў як у правінцыйным мястэчку кожнага ўдзельніка маўклівых акцый перапісвала міліцыя. Ці можа быць так, што Дзіянай стварыў гэтую акцыю на замову спэцслужбаў. Ці можна было б утварыць пры КХП БНФ структуру, якая вокамгненна рэагавала б на такія дзеяньні і папярэджвала простых беларусаў у будучыні?
Адказаць

Імя:: Пазьняк
09.11.2012 16:32
Я шмат размаўляў з маладымі беларусамі і шчыра парадаваўся іх дасьціпнасьці. Яны імгненна раскусілі гэтага Дзіянава. Але тут ужо няма пра што казаць. Спэктакль скончаны.

Імя:: Тутэйшы
08.11.2012 21:18
Як з Вамі можна скантактавацца праз інтэрнэт? Чаму КХП-БНФ так слаба, практычна на нулёвым узроўні выкарыстоўвае магчымасьці інтэрнэту для камунікацыі з аднадумцамі, аб’яднання людзей і папулярызацыі сваіх думак? Можа варта ўдарыць па гэтым накірунку? Ці можна дзе небудзь спампаваць электронныя версіі Вашых кніг?
Адказаць

Імя:: Пазьняк
09.11.2012 16:34
Кнігі можна спампаваць на інтэрнэт-старонцы http://kamunikat.org/. Нашы старонкі ў сеціве: http://www.narodnaja-partyja.org/, http://www.belarus.net/, http://www.bel-ruh.org/.
Дадаць у: