НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

У ПАМЯЦЬ ПРА МІХАСЯ ЧАРНЯЎСКАГА

Вельмі цяжка разьвітвацца з сябрамі, калі яны заканчваюць свой
жыцьцёвы шлях, а ты застаешся. 20-га студзеня ад сьмяртэльнай хваробы
памёр Міхась Чарняўскі. Цяжка яшчэ і таму, што ўсё жыцьцё Міхася было
ахвяравана сьветлай Беларусі, а паміраць прыходзіцца ў час цемры. Яшчэ б
трохі было яму пажыць, калі засьвеціць сонца. А яно засьвеціць.
Я пазнаёміўся з Міхасём у 1964 годзе, калі ехалі разам у групе ў
Ваўкавыск аглядаць крэйдавыя шахты нэалітычных людзей. З таго часу з
камандай сяброў крочылі разам. У той змрочны час галоўнай задачай нашай
актыўнасьці было дапамагаць беларусам у справе нацыянальна-культурнага
адраджэньня сьвядомай асобы. Гэтаму галоўнаму Міхась Міхайлавіч
прысьвяціў усё сваё жыцьцё. Ён асьветнік па духу, па характары, па ідэалогіі.
Такой працы як бы і не відаць, але яна якраз давала рэальныя і канкрэтныя
вынікі. Ён зрабіў уклад ў навуку, у археалогію, у навукова-папулярную
літаратуру, у грамадзка-палітычную дзейнасьць, але ізноў жа -- уся яго
спадчына мералася любовяй да Бацькаўшчыны і беларускім асьветніцтвам
свайго пакаленьня.
Пра дачыненьні на гэтай ніве можна напісаць цэлую кнігу. Тым больш
што натуру Міхась меў сьветлую, характар дабразычлівы і вылучаўся
арганічным паўсюдным гумарам. У самых цяжкіх абставінах я ніколі ня чуў ад
яго нараканьняў ці нейкіх упадніцкіх стогнаў. Наадварот і тут ён знаходзіў
сьмешныя моманты і часам сьмяшыў нас да сьлёз. Тым ня менш ён быў
чалавекам глыбокай душы і вельмі моцна ў сэрцы перажываў трагізм лёсу
свайго народа.
Па сваёй сутнасьці Міхась ня быў асобай публічнай натуры (як, скажам,
ягоны сябра Міхась Ткачоў). Сьціпласьць была яго важнай рысай характару. І
таму асоба яго якбы не вылучалася. Але, ведаючы яго добра зь юнацтва і
ягоныя справы, скажу, што як беларускі практычны дзяяч-асьветнік і
навуковец, гэта быў чалавек-глыба, чалавек-беларуская скала, такі, як Лявон
Баразна, Генадзь Каханоўскі, Яўген Кулік. А гэта ўсё людзі, на падвалінах якіх
вырастала вольная незалежная Беларусь. На такіх людзях і будзе яна
трымацца.
Хай стане мяккай табе родная зямелька, дарагі Міхась, у нашай сьветлай і
пакутнай паднябеснай Беларусі, хай прыме цябе як роднага сына сваёй
Айчыны, хай добра будзе табе ў Беларусі нябеснай, там, ў вышынях, дзе
вечны спакой.

21 студзеня 2013 года

Зянон Пазьняк

Дадаць у: