НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

У ВЯНОК ПАМЯЦІ АРСЕНЯ ЛІСА

У ВЯНОК ПАМЯЦІ АРСЕНЯ ЛІСА

Адышоў у лепшы сьвет апошні прыхільнік "акадэмічнага асяродка" 60-х гадоў -- Арсень Ліс. Гэта значная асоба ў беларускім адраджэньні ня толькі сваімі навуковымі працамі пра вядомых людзей Беларусі, але, як я лічу, і сваімі міжлюдзкімі кантактамі, ведамі, эрудыцыяй і ўплывам на сьведамасьць іншых людзей. Гэта тое, што, на жаль, амаль не фіксуецца ў гісторыі.

            Зь Лісам я пазнаёміўся ў 1964 годзе. На працягу 60-х гадоў (гэта часы студэнцтва і асьпіранцтва) мы часта спатыкаліся групай маладых навукоўцаў і абмяркоўвалі пытаньні гісторыі і культуры Беларусі. Разам з працай у архівах Ліс надаваў вялікае значэньне слуханьню сьведкаў гісторыі. Пішучы пра Тарашкевіча, ён спатыкаўся ня раз з Аляксандрай Бэргман, Паўлінай Мядзёлкай, Алесяй Каткоўскай (жонкай Аркадзя Смоліча), з Паўлам Карузам, Антонам Антановічам, Пётрам Сергіевічам і іншымі. У некаторых размовах я прымаў удзел. Для зразуменьня мінулай эпохі вельмі важна гаварыць зь яе сьведкамі. Ліс ведаў шмат таго, што нідзе не напісана. Аднойчы ён сказаў мне, што марыць напісаць гісторыю беларускай інтэлігенцыі. Але гэта праца для цэлага навукова-дасьледчага інстытута і на доўгі час. Можа, таму ён і не напісаў яе. Аднак ягоныя кніжкі пра вядомых асобаў Беларусі -- гэта, фактычна, набліжэньне да той вялікай тэмы.

            Ліс выдатна здаваў сабе справу, што жыве пад савецкай акупацыяй. Ягоная стрыманасьць і асьцярожнасьць былі фэнамэнальнымі. Рэпрэсіі не зачапілі Ліса, хоць у КГБ яго таксама цягалі, цікавіліся "поглядамі". "Мае погляды ў маіх кніжках", -- адказваў Ліс.

            Гэты ціхі чалавек быў цалкам пасьлядоўны ў беларушчыне. Саветчына не зачапіла яго. Аднойчы, у час гастроляў Віцебскага тэатра імя Якуба Коласа я запрасіў яго на спэктакль "Улада цемры" (п’еса расейскага пісьменьніка Льва Талстога). Запрасіў, ўласна, на Галіну Бальчэўскую, якая вельмі характарыстычна і моцна сыграла там Аксіньню.

            Ліс праглядзеў першы акт і ўцёк. "Арсень, ты чаму?"-- пытаю я. "Ведаеш, глядзець гэтую расейшчыну -- пуза ўперад -- няма часу. Ды й навошта гэтая цемра ў беларускім тэатры?"

            Зразумела, "навошта" -- акупацыйная ідэалёгія рабіла сваю справу, карыстаючы імпэрскую літаратуру.

            Ліс абмяжоўваў тады сваю дзейнасьць толькі навукай, лічыў, што гэта важна і адпавядае часу, бо ўсё было вынішчана ворагамі чалавецтва ў 20-х, 30-х, 40-х гадах. У 50-х, пасьля сьмерці Сталіна, пачыналі з нуля.

            Арсень быў тыповым інтэлігентам і вельмі цаніў інтэлігентныя якасьці чалавека.  Мяркуючы пра будучыню, Ліс казаў: "Без дэмакратычнай Расеі немагчымая будзе незалежная  Беларусь". Тут была нязгода, бо я сцьвярджаў, што дэмакратычнай Расеі ня будзе ніколі ў прынцыпе. Азіяцкую імпэрыю можна толькі разбурыць, і таму незалежная Беларусь стане тады, калі пачвара пачне развальвацца.

            Я вельмі цаніў гэтага чалавека і ў незалежнай Беларусі бачыў яго сапраўднае месца ў сістэме беларускай навукі. У 1994 годзе, аднак, здарылася наша цывілізацыйная катастрофа, і мноства сьціплых, інтэлектуальна высокіх людзей так і засталіся незапатрабаванымі ў шырэйшым маштабе краіны. Цемра, ад якой некалі ўцякаў Арсен Ліс, каб ня бачыць яе на сцэне, усё ж такі зноў нас усіх дагнала.

            Не сумняваюся, што і з гэтай цемрай беларусы ўправяцца. Але адно бянтэжыць -- жыцьцё кароткае. 28 траўня гэтага года Арсеня Ліса ня стала. Гісторыю беларускай інтэлігенцыі напішуць іншыя людзі. Там будзе добрае слова і пра яго асобу. Беларусь не забудзе сьветлых людзей, тых, хто яе шанаваў, памятаў і любіў.

            Вечная памяць.

            Слава Айчыне.

 

30 траўня 2018 г.                                                                             Зянон ПАЗЬНЯК 

Дадаць у: