НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Артыкулы

Верма ў сьветлыя дні

Верма ў сьветлыя дні


(Выступ, які зачытаны на мітынгу ў Курупатах.)

Дарагія землякі! Дарагія суайчыньнікі!

Сёньня, тут, у Курапатах, у дваццаты раз мы адзначаем сьветлае сьвята “Дзяды”.
Дваццаць гадоў таму, 29 кастрычніка 1989 г. быў усталяваны курапацкі Крыж Пакуты ў памяць аб расстраляных продках.
Гэты сямімэтровы крыж прынесьлі на руках тысячы людзей праз увесь доўгі шматкілёмэтровы шлях. Яго паставілі тут усе разам пад гукі рэквіема. Сьвятары чатырох хрысьціянскіх канфэсіяў асьвяцілі яго і багаславілі памяць пра нявінна забітых.

З 1937 па 23 чэрвеня 1941 года энкавэдзісцкія каты – сталінскія камуністы з дня ў дзень, з начы ў ноч стралялі тут людзям у патыліцу і ськідвалі ў глыбокія ямы. У гэтых ямах закапаны цьвет беларускай інтэлігенцыі, пісьменьнікі і паэты, артысты, вучоныя і дасьледчыкі, інжэнеры і рабочыя, сяляне і беларускія настаўнікі. Кожную ноч па навакольлі і па ўсёй Беларусі езьдзіў чорны хапун і хапаў людзей. Масква спускала ў Беларусь сваім уладам і катам плян па арыштах і растрэлах. Вынішчэньне людзей у Беларусі яны рабілі па графіку, штомесячна і штоквартальна. Масква прымала штодзённыя справаздачы аб забітых ахвярах. Толькі ў Курапатах савецкія акупанты забілі каля чвэрці мільёна людзей. Такіх Курапатаў шмат па ўсёй Беларусі.

За часы савецкай акупацыі Беларусі з 1919 па 1953 год (год сьмерці Сталіна) сталіністы-русіфікатары забілі больш 2-х мільёнаў беларусаў ( і гэта ня ўлічваючы вайну). Ворагі чалавецтва зьнішчылі заможнае працавітае сялянства, вынішчылі фізічна амаль дазваньня беларускую шляхту, расстралялі адукаваных людзей.

Гэта нельга забыць ніколі, пакуль будзе стаяць белы сьвет і будзе жыць Беларусь. Савецкая акупацыя Беларусі перыяду Леніна-сталіна павінна быць прызнаная як рэжым генацыду і пацыфікацыі Беларускага Народу.

Сёньня Дзяды – сьветлае сьвята памяці і яднаньня х душамі продкаў. Сёньня Дзень усіх хрысьціянскіх Сьвятых, а заўтра Дзень Задушны, які патрабуемалітвы за ўсіх забітых і памерлых, тыхсьветныя душы.

Запалім жа сьвечкі ў памяць. Паставім іх пад крыжы й на крыжы, на магілы, пакладзем туды белыя кветкі.

Сёньня нельга сьмяяцца, галёкаць, крычаць. Але ня трэба і жаліцца, плакаць. Сёньня дзень вечнасьці , перад якой мы роўныя ўсе і тут, і там. Дзяды дапамогуць нам гэта адчуць.

Шануйма ж нашых дзядоў, нашую слаўную мінуласьць, нашу культуру і веліч і кожнага простага чалавека.

Верма ў сьветлыя дні ў нашу прышласьць, у вольную будучыню Беларусі.

1 лістапада 2009 г.

Зянон Пазьняк

Дадаць у: