НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Артыкулы

Выступ на Лістападаўскім Сойме Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ

Выступ на Лістападаўскім Сойме Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ

Чым бліжэй 2006 год, тым больш адчуваецца, як мітусяцца камбінатары вакол Беларусі. Нядаўна група высокай бюракратыі Эўразьвязу наведала Маскву, дзе паўтарала свае бесталковыя фразы аб патрэбе дапамогі беларусам з боку Расеі ва ўсталяваньні дэмакратыі ў Беларусі. Але ня думайма, што ў гэтым абсурдным упартым паўтарэньні выяўляецца толькі сьведчаньне абмежаванасьці інтэлекту. Тут тыповая палітыка падвойных стандартаў. Эўрапейская бюракратыя гэтым сьведчыць, што Расея мае разьвязаныя рукі. Маўляў, мяшайцеся, расейцы, у беларускія справы і пра газ з нафтай дзеля нас таксама не забывайце, маўляў, Эўропа – лепшы сябра вялікай Расеі.

Камбінатары з захаду і з усходу зноў дамаўляюцца між сабой, каб падзяліць свой уплыў на Беларусь. Такое становіцца магчымым найперш па адной прычыне: з-за нацыянальнай слабасьці і апатычнасьці самых беларусаў. Як толькі заявіць пра сябе наша сіла, тут жа пераменіцца іхняя заплечная палітыка; яны пабягуць перамаўляцца да беларусаў, каб ня страціць уплывы.

Гэтая тэма вартая асобай гаворкі, і настае час правесьці нам агульнафронтаўскую канфэрэнцыю па гэтых пытаньнях, бо відавочна, што камбінатары аб’ядноўваюцца, каб разам, бяз нас, вырашаць лёс нашай краіны. Невыпадкова, што яны спынілі з намі ўсе кантакты, баяцца спатканьняў з прадстаўнікамі Беларускага дэмакратычнага Вызвольнага Руху і кантактуюць толькі са сваімі стаўленьнікамі і сваёй псэўдаапазыцыяй. Яны бавацца ў гэтакую гульню, каб асягнуць найперш свае інтарэсы ў Беларусі. Калі мы ўзьвялічым сваю беларускую сілу, тады яны вымушаныя будуць лічыцца з нашымі інтарэсамі. Толькі ў сіле мы сьцьвердзімся ў сваім доме і адпрэчым навалу.

Зянон Пазьняк

13 лістапада 2005 г.

Дадаць у: