НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

ЯК ПРАВІЛЬНА БРАХАЦЬ НА ПАЗЬНЯКА

ЯК ПРАВІЛЬНА БРАХАЦЬ НА ПАЗЬНЯКА

Аб гэтай частцы соцыюма пад назвай "гэб’ё", "агентура", "стукачы" і т.п. я за 35 гадоў у беларускай палітыцы мог бы напісаць шматтомнае дасьледваньне з "практычнага вопыту" агрэсіі на маю асобу, але, канешне ж, ня буду такое рабіць, бо якраз вялікага практычнага сэнсу ў гэтым ня бачу. Гэбоўскі "соцыюм" зьнікне разам з Расеяй і з рэжымам Лукашэнкі, і працаёмкая праца нікому ня стане патрэбнай. 

Раней, у 90-х гадах, пад настрой я пісаў пра іх фэльетоны, але адначасна лічыў тое марнатраўствам часу. Нядаўна мая слаўная жонка Галіна Хведараўна была ў горадзе (значыцца, у Варшаве) і ўбачыла там у нейкіх шыльдбюргераў часопіс пад назвай "Архэ", на вокладцы якога ўмясьціўся яе муж (гэта значыць я), "малады і красівы". Не адчыняючы, яна купіла яго (нейкія златоўкі) і прынесла гэты "прэзэнт" мне. 

Аказалася, што гэта опус за 2021 год, у якім надрукаваныя дзьве агентурныя "сялёдкі" супраць "маладога і красівага", якога зьмясьцілі на вокладцы, відаць, дзеля рэклямы і прыцягненьня пакупнікоў.

Нагадаю, што гэбісцкі прыём супраць беларусаў пад назвай "гнілая сялёдка" -- гэта калі перакручана, абылгана і абгаджана ўсё. 

Тут адзначыўся такі ўжо знаны Валерый Булгакаў. Ён рэанімаваў тэму "паліцічэскій труп", модную ў гэбоўскай прапагандзе супраць мяне ў 2-й палове 90-х гадоў. "Паліцічэскім трупам" я стаў, на думку гэтага прапагандыста, надрукаваўшы радыкальна антырасейскі артыкул у 1994 годзе пад назовам "О Русском империолизме и его опасности". Што, маўляў, вядома ж было няправільна.

На каго дзейнічае гэтакі "гнілы селядзец", сказаць цяжка, але, відаць, на самых абмежаваных людзей у грамадзтве і відавочна, што на самога прыдумшчыка тэксту. 

У гэтым "Архэ" ёсьць яшчэ адзін "селядзец", напісаны супраць маёй драматургіі, дзе нейкі маладзён зьвярае мастацкі твор з гістарычнай адпаведнасьцю рэальным гістарычным асобам, піша пра несупадзеньне і бэсьціць аўтара п’ес.  Пашанцавала Шэкспіру, што ня трапіў пад прафанскае пяро гэтакіх ведальнікаў мастацтва, а то б і Шэкспірам ня стаў. 

На мой погляд, агентурнае абгаджваньне Пазьняка мэтадам "гнілога селядца" малапрадуктыўнае, бо разьлічанае на найбольш адсталых жыхароў, якія цяпер нічога напісанага ўжо не чытаюць. Машына працуе ў халастую.

Гэтакую ж памылку раней кантора рабіла пры камуністах і пры савецкай акупацыі. Яны пісалі з дня ў дзень, што Пазьняк "будзе вешаць і расстрэліваць камуністаў, адбярэ пэнсіі", "продаст Белоруссію Польше", што ён "антысеміт" і "главарь еврейской мафіі" ("да і сам еврей") і т. п. Эфэкт быў сярод найбольш неразьвітых і недалёкіх.

Вось, напрыклад, дзеля разрыўкі, прырвяду тыповы надрукаваны ліст "чалавека з народа", які ў пачатку 90-х гучэў так:

"Слухаючы выступленьні З. Пазьняка на мітынгах і ў Вярхоўным Савеце, мы бачым, што З. Пазьняк -- гэта новы гаўляйтар Кубэ ў Беларусі. Ад аднаго крывавага злачынцы наш народ пазбавіўся ў гады вайны. І вось цераз столькі часу зьявіўся новы -- Зянон Пазьняк -- новы кат беларускага народа. Мы перажылі вайну, і пагэтаму зь першых крокаў разгледзелі крыважэрнае нутро З. Пазьняка. У выступленьні гэтага старшыні Сойма БНФ гучыць адкрыты заклік -- зьнішчаць камуністаў і ўсіх тых, хто за савецкую ўладу. Сваімі выступленьнямі З. Пазьняк імкнецца ўцягнуць наш народ у крывавую бойню. Ён прапануе нянавісьць паміж народамі, нянавісьць да партыі, да савецкай улады. Ён прагне чалавечай крыві... Гэта самы рэакцыйны і драпежны чалавек у Беларусі." (Подпіс М. Крыніцкі, выдуманы, вядома.) (Зянон Пазьняк. Развагі. -- Варшава, Нью-Ёрк, Вільня, 2007 г., с. 168)

Мэтодыка ў канторы не забываецца. Нядаўна адчыняю Фэйсбук -- і вось табе: "офіс" у Вільні "абнародваў" вынікі свайго "сацыялагічнага" апытаньня на тэму: "За якую палітычную сілу вы б аддалі свой голас?"

Вынік такі: за блок Ціханоўскай-Латушкі -- 59%. За блок Пазьнак-Усаў -- 0%. 

Аляксандар Рыгоравіч крэпка сядзіць у крыві. Ну, напісалі б хоць 0,5%. Але, ведама, вахлакі. Ім "гнілую сялёдку" давай.

Самы эфэктыўны і правераны мэтад агентуры -- гэта 6 на 4. Але  можна  і 9 на 1. Таксама дзейнічае. Ім спрэс карыстаецца канторская журналістыка (самая шматлікая група ў герархіі стукачоў). 6 на 4 -- гэта значыць: 60% казаць добра, хваліць "кліента", а 40% -- гадзіць, казаць кепска. Дзейнічае на адукаваную, але  недалёкую публіку. 

Пачынаецца звычайна так: "Я панімаю, что Зянон Пазьняк -- легендарная лічность, многа сделал для незавісімості Белоруссіі... І г. д. А ў канцы: "Но, к сожаленію, во многом ошібался, многого не понімал... (словом, дзярмо сабачае).

Рэчаіснасьць іх не бянтэжыць. Некалі была такая жоўтая рускамоўная газэтка "Имя", якую рэдагаваў чалавек канторы Марцаў (ужо не жыве). На абмазваньні Пазьняка яны проста трэніраваліся. 

Аднойчы гэтае "Имя" наважылася правесьці апытанку чытачоў на лепшага палітыка 1996 года. "И надобно же было такому случиться" -- ім апынуўся (зь вялікім адрывам) Зянон Пазьняк. Поўны канфуз. Але кантора знайшла выхад. "Имя" напісала, што паколькі Пазьняк эміграваў і цяпер за мяжой, то ён ня можа лічыцца беларускім палітыкам. І закрылі тэму. 

Некалі, можа, гадоў 20 таму, Сяргей Навумчык пісаў, што журналісцкая публіка (чытай -- канторская) так абгадзіла Пазьняка перад грамадзтвам, што стварыўся пастаянны баланс адносінаў да асобы, і цяпер, што б ні пісала журналісцкая кантора супраць Пазьняка, на людзей гэта ўжо не ўплывае. Пазьняк стаў абсалютна незалежны ад журналістаў. Што б яны ні пісалі -- ня мае значэньня, нічога не зьмяняецца. 

Сяргей Навумчык як чалавек уніклівы і таленавіты журналіст тое заўважыў даўно. Правіла дзейнічае нязьменна. (Словам, "піліце, Шура, піліце".)

Мне ўсяроўна, што канторскія пісцы там супраць мяне пішуць і плявузгаюць. Я іх даўно не чытаю і не аглядаю. Хіба пры нагодзе, калі прынясуць мне, скажам, часопіс з маладой фатаграфіяй на вокладцы, дзе ўнутры напісана, які я ёсьць "паліцічаскі труп". 

У заключэньне дзеля пацьвярджэньня маіх грэблівых адносінаў да пішучай канторскай публікі (цяпер яна паўтарае -- "везде агенты") працытую аднаго вартага даверу сьведку, былога палкоўніка КГБ СССР Канстанціна Прэабражэнскага:

"Когда я служил в КГБ, у нас, как легенда, передовались из уст в уста рассказы об отказах наших граждан от вербовки. Для них это был рискованный шаг, требовавший большого мужества. От вербовки чаще всего отказывались деятели искусства, писатели и, как ни странно, военные. Случаев же такого отказа у журналистов я не знаю ни одного." (Константин Преображенский. КГБ в руссой эмиграции. -- "New York", 2006, с. 135)

Прыйдзе час, і ў вольнай Беларусі ўсё будзе ня так, як цяпер. Усё пераменіцца. Сьветлая Айчына чакае сваіх сьветлых сыноў.

8 кастрычнік 2023 г. Зянон ПАЗЬНЯК

Дадаць у: