НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

ЗАЯВА АБ АКУПАЦЫІ БЕЛАРУСІ

ЗАЯВА АБ АКУПАЦЫІ БЕЛАРУСІ

1. "Моцны" адказ Пуціна, які ён абяцаў Захаду, яшчэ не завершаны, але ўжо рэальна адбыўся. Расейскія войскі ўведзены ў Беларусь. Працэс акупацыі працягваецца. Рускае войска сьцягваецца з усёй Расеі. У дарозе 200 цягнікоў па пяцьдзесят вагонаў кожны (10 тысяч вагонаў; гэта акрамя тэхнікі -- 80-100 тысячаў жывой сілы; больш, чым уся беларуская армія).

 

2. Увядзеньне рускіх войскаў адбываецца са згоды нелегітымнага самазванца ўлады Аляксандра Лукашэнкі пад выглядам правядзеньня расейскіх вайсквых вучэньняў на тэрыторыі Беларусі і стварэньня пагрозы Ураіне.

Груба парушаныя Канстытуцыя і законы Беларусі, прынцыпы міжнароднага права.

 

3. Акупацыя выклікана агрэсіўнай палітыкай Пуціна і дзяржаўнай здрадай самазванца Лукашэнкі. Акупацыі спрыялі эканамічныя санкцыі Захаду супраць Беларусі, інсьпіраваныя Масквой і прыкрытыя рыторыкай прамаскоўскай апазыцыйнай групы Латушкі-Ціханоўскай.

 

4. На сёньняшні дзень сітуацыя рэзка перамянілася. Акупацыя Беларусі разгортваецца хутка на фоне міжнароднага маўчаньня. Расея скарыстала канцэнтрацыю міжнароднай ўвагі вакол штучна раздзьмуханай інфармацыйнай пагрозы нападу на Украіну дзеля ціхага захопу Беларусі.

Плануецца (і пра тое паведамлена ў СМІ) адпрацоўка акупацыйнага кантролю над дзяржаўнымі ўстановамі, прамысловымі прадпрыемствамі і стратэгічнымі аб’ектамі Беларусі.

 

5. У стратэгічным сэнсе захоп беларускага "тэрытарыяльнага балкону" -- гэта ўдар па НАТО і па ўсёй заходняй палітыцы Эўразьвязу з усімі геапалітычнымі наступствамі.

Такі ёсьць першы вынік расейскай агрэсіі і недалёкай палітыкі Захаду адносна Беларусі на сёньняшні дзень.

 

6. Для Беларусі расейская акупацыя можа стаць дзяржаўнай катастрофай, якая адбываецца ў нас на вачах.

Каб прадухіліць катастрофу, ёсьць адзіны шлях -- ваяваць супраць акупантаў. Мусіць зноў паўстаць партызанскае падзем’е і Беларуская Вызвольная Армія (БВА). Кароткі час на падрыхтоўку і потым -- партызанскія дзеяньні адпору, пакуль акупанты прыбываюць яшчэ цягнікамі.

 

7. Акупацыя, якая навісла над Беларусяй, ператварае нашу тэрыторыю ў ваенны плацдарм пуцінскіх агрэсараў, зь якога яны намераны наносіць удары па іншых краінах. Удары ў адказ будуць па нашай тэрыторыі, па нашых дамах і па нашых людзях. Гэтак Масква ў сваіх брудных намерах агрэсіі хоча падставіць пад сьмерць і пагібель беларускіх людзей.

Беларусы, памятайма: у час акупацыі і ў бруднай чужой вайне, якую хочуць пачаць расейцы з нашай акупаванай імі тэрыторыі, ужо ня будуць мець значэньня ніякія людзкія і палітычных падзелы, акрамя здрады і пуцінскага ворага перад намі. Бомбы ня будуць выбіраць, на якія галовы ўпасьці. У час пагрозы нацыянальнаму існаваньню нацыя павінна быць адзінай супроць пуцінскай Расеі і рускіх акупантаў.

Усе разам станем на абарону Айчыны!

Акупанты, прэч зь Беларусі!

Няхай жыве вольная Беларусь!

 

23 студзень 2022 г.

Зянон ПАЗЬНЯК

(Ад Беларускага Нацыянальнага Сакратарыяту "Вольная Беларусь")

Дадаць у: