НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Артыкулы

Заўвагі аб прэтэндэнтах

Заўвагі аб прэтэндэнтах

Аб прэтэндэнтах на прэзыдэнцтва я пісаў ужо ў папярэдніх лістах на тэму выбараў і Народнага галасаваньня. Зьвяртаю, аднак зноў увагу чытачоў на прэтэндэнта № 2 (пасьля Лукашэнкі), на “кадр” яшчэ з савецкай “картатэкі” – на А. Казуліна.

Лубянка вельмі сур’ёзна распрацоўвала гэтага прэтэндэнта. Пачалі заранёў, за год да выбараў. Пракруцілі фантастычныя агентурныя маніпуляцыі з сацыял-дэмакратамі, зрабіўшы зь яго партыйца і “лідэра” сацдэкаў (гэта не сюжэт, а казка), кінулі на яго велізарныя сродкі (подкупы інфармацыі, электаральнай базы дадзеных, газэтаў, электаральных подпісаў і г.д.).

У тэме з Казуліным праглядваецца тыповы прыём расейскага КГБ, які быў ужыты ў 1994 годзе з Лукашэнкам – Кебічам. (Ставілі нібыта на Кебіча, прывялі Лукашэнку.) З пункту гледжаньня Масквы, і асабліва Лубянкі, Казулін для іх (і для Захаду таксама) цалкам “акцэптабельная” фігура марыянэткавага тыпу. З пачаткам агітацыйнага пэрыяду ўсё стане лепш відаць і можна будзе меркаваць больш дакладна. Цяпер жа дакладна можна сказаць адно: з усіх дрэнных варыянтаў, якія існуюць на гэтых выбарах, варыянт з Казуліным найгоршы для Беларусі, гэта значыць ідэнтычны з варыянтам Лукашэнкі.

Аптымальная схема для Масквы цяпер выглядала б так:

– незалічэньне сабраных за мяне галасоў. Вынік: закрыцьцё мне дарогі ў Беларусь;

– нерэгістрацыя Мілінкевіча. Вынік: скіраваньне ягонай групы на байкот выбараў і на разбурэньне гэтым самым Народнага галасаваньня;

– стварэньне прыймальнай для Масквы структуры выбару.

Менавіта: Лукашэнка-Гайдукевіч і Казулін. Вынік: сітуацыя дае магчымасьць беспраблемна “выйграць” выбары Лукашэнку і раскруціць Казуліна на новага лідэра падстаўной апазыцыі.

Заўвага: Калі ў выніку Народнага галасаваньня ўзьнікне 2-гі тур, гэта будзе абазначаць крах Лукашэнкі. У гэтай сітуацыі Масква будзе старацца праштурхнуць А. Казуліна. Беларусы павінны быць уважлівымі. Прынцып афіцыйных выбараў ня зьменіцца. Галасаваць трэба будзе толькі па схеме Народнага галасаваньня.

23 студзеня 2006 г.

Зянон Пазьняк

Дадаць у: