НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

ЗМАГАЙМАСЯ ЗА БУДУЧЫНЮ І БЕЛАРУСЬ!

ЗМАГАЙМАСЯ ЗА БУДУЧЫНЮ І БЕЛАРУСЬ!

            Наша свабода будзе залежыць ад нашага супраціўленьня агрэсарам. Верагоднасьць захопу і рускай агрэсіі вялікая, і да вайны трэба быць гатовымі, рыхтавацца ўжо цяпер тым, хто здольны гэта разумець і каму дарагая Бацькаўшчына і свабода.

            На жаль, поўная непадрыхтаванасьць Украіны да вайны з рускім фашызмам і жыцьцё ў палоне “брацкіх” ілюзіяў дорага ім каштавала. Нам трэба дапамагаць Украіне ў іхняй барацьбе. У нас агульная справа і агульны вораг.

            Наш голас да беларусаў пра падрыхтоўку і салідарнасьць з Украінай пачуты, нягледзячы на шаленства расейскай дэзінфармацыі і хлусьні. Беларусы ўжо ваююць разам з украінцамі за свабоду Украіны супраць пуцінскай агрэсіі. Падрабязнасьцяў мы не даем, але за беларусаў ганарымся. Асабліва ўлічваючы безразьдзельнае панаваньне расейскай гёбэльсаўшчыны ў інфармацыйнай прасторы Беларусі і яе атрутны ўплыў на сьвядомасьць людзей.

            Нашыя звароты да беларусаў аб падрыхтоўцы да адпору лубянская агентура, вядома ж, заўважыла і адрэагавала ў Сеціве на шэрагу рэсурсаў прытым даволі стрымана і асьцярожна, бадай, акрамя аднаго рэсурса – воргана ТБМ “Новы час”, дзе інфармацыя пададзена ў старых правінцыйных традыцыях стылю камуна-савецкай агентуры, падлаваценька, з падтэксьцікам і прыхаваным абсьмейваньнем.  Але гэта глупства -- галоўнае ў канцы. А ў канцы – характэрная рэжымная пагроза. Цытата: “заклік Пазьняка і сьледаваньне яму можа быць падставай для крымінальнага перасьледу па шмат якіх артыкулах айчыннага Крымінальнага кодэкса.” 

            Матэрыял не падпісаны, значыць – рэдакцыйны. І хто ж гэта беларусаў палохае “айчынным” лукашысцкм кодэксам? Спускаемся ўніз... Ба! Знаёмыя асобы! Галоўны рэдактар -- Аляксей Кароль. Нават адзначыўся. Прыгразіў беларусам, маўляў, глядзіце, супраць Масквы – ні-ні! (Ну, але гэта мы так, дзеля сьмеху працытавалі, бо і злое, і камічнае ходзяць побач.)

            Гісторыя са зьбіцьцём рускімі малазійскага пасажырскага самалёта над Данбасам 17 ліпеня гэтага года сьведчыць ізноў, што Крэмль плянуе для Ўкраіны доўгую крывавую вайну пад фальшывай лічынай “міратворца”. Схему крамлёўскіх паводзінаў тут апісваць я ня стаў бы. Разьвіцьцё падзей будзе залежыць ад цьвёрдасьці Парашэнкі, якога Эўропа, зразумела, пачне схіляць да замірэньня і перамоваў з расейскімі бандытамі. Але выглядае, што ў выпадку правалу палітыкі фальшывага “міратворства” Масква можа пачаць татальнае ваеннае ўварваньне і “навядзеньня рускага парадку” ва Украіне ў “інтарэсах усяго сьвету” пад крымінальны лямант “трымай злодзея!” Да гэтага Масква рыхтуецца.

У пуціністаў ёсьць вялікі вопыт пад Смаленскам (2010 г.), калі “заклапочаная” заходняя Эўропа (схавана радуючыся) спусьціла ў пясок пуцінскую расправу з польскім урадавым самалётам, зь нелюбімым у Эўропе прэзыдэнтам Качынскім на борце. Руская гёбельсаўшчына на гэты раз яшчэ сябе таксама пакажа.

Тым больш нам, беларусам, трэба цяпер думаць пра сваю Беларусь. Пасьля рускага нападу на Украіну становішча рэзка і кардынальна зьмянілася, дзейнічаюць іншыя заканамернасьці і іншая лёгіка дачыненьняў. Гэта лёгіка ваеннага часу, якая вымагае хуткіх, рашучых і адэкватных паводзінаў. Ня трэба ніякіх заклінаньняў, бо тут ужо іншая мова і іншая справядлівасьць. Прамаўляюць прагматычны інтэрас, маніякальнасьць, зброя і збройная сіла. (Ня трэба забывацца, што з нападам Расеі на Украіну лукашысцкі рэжым аўтаматычна апынуўся на баку Расеі, а значыць – на баку вайны. Балбатня Лукашэнкі тут ня мае значэньня.)

            Беларусь за 20 гадоў унутранай акупацыі і антыбеларускай палітыкі рэжыму фармальна ўжо падрыхтавалі да анэксіі. На чарзе цяпер важны для Масквы этап -- інфармацыйная апрацоўка дэнацыяналізаванага беларускага насельніцтва, якую якраз расейцы пачалі праводзіць праз абплёўваньне Украіны ва ўсіх сваіх сродках масавай інфармацыі.

            Гістарычная практыка паказвае, што ператварыць любую нацыю на пэўны час у натоўп сацыяльных ідыётаў зь неадэкватным успрыняцьцем рэчаіснасьці праз дастасаваньне гёбельсаўскай інфармацыйнай палітыкі – для выканаўцаў яе ёсьць справа нескладаная і дасягальная. Тым больш, што супраць такога злачынства да гэтага часу не існуе ніякага нацыянальнага і міжнароднага заканадаўства. Пасьля татальнай апрацоўкі інфармацыйнай хлусьнёй вынікі замбаваньня насельніцтва выкарыстоўваць будзе ўжо чужая акупацыйная збройная сіла, якая ўрываецца ў краіну і (як правіла) перамагае без супраціву.

 Аднак пры аказаньні супраціву (асабліва патрыятычнага супраціву), вынікі інфармацыйнага замбаваньня натоўпу могуць рассыпацца ўшчэнт, зьехаць на нуль, і вельмі хутка. Натоўп зьнікае перад альтэрнатывай, абапертай на сілу.

            Вось на гэтым і палягае абавязковая арганізацыя супраціўленьня агрэсіі і варожаму наступу. Толькі змагаючыся, можна перамагчы.

            Маскоўскі вораг не павінен застаць беларусаў непадрыхтаванымі, з голымі рукамі і бяздумнымі галовамі. Вораг рыхтуецца. Яго агрэсія тут толькі пытаньне часу, моманту і абставінаў.

            Найцяжэй, вядома, людзям пачаць цяпер думаць на ўмовах пагрозы вайны і ваенннага часу. Але ранейшы час скончыўся. Новы час вымагае іншых дзеяньняў. Гэтыя дзеяньні напачатку такія: ваенная салідарнасьць з Украінай і ўдзел беларускіх дабраахвотнікаў у баях з акупантамі. У Беларусі: структураваньне па два-тры чалавекі, назапашваньне зброі, выбухоўкі, амуніцыі, ваеннай інфармацыі. Ніякіх дзеяньняў заўчаснага супраціву. Ніякіх павелічэньняў груп. Аўтаномны рэжым. Ніякіх пошукаў кантактаў паміж групамі. Усё гэта можа стацца пазьней.

            Трэба ўсьведамляць яшчэ наступнае. Лукашысцкі рэжым не пакінуў абсалютна ніякіх законных і легальных магчымасьцяў зьмены ўлады. Нацыя загнаная ў кут. Беларусы гэта ўжо разумеюць і перасталі хадзіць на рэжымныя выбары, якіх рэальна не існуе.

            У такім стане ёсьць тры варыянты існаваньня і перамен. Першы (самы любімы для запалоханага насельніцтва) – нічога не рабіць, скуголіць і хваліць узурпатара. Другі – фізічная ліквідацыя сатрапа. І трэці – рэвалюцыя. Зразумела, што законным і эфэктоўным можа стаць толькі трэці варыянт.

            Але ёсьць вышэйшая гістарычная заканамернасьць, пацьверджаная практыкай. Вызваліцца з-пад імпэрскай акупацыі і залежнасьці можна толькі тады, калі нацыянальная рэвалюцыя супадае з агульнай барацьбой супраць імпэрыі і ў выніку – з распадам імпэрскай сістэмы (1917 год і 1991 год – вымоўныя прыклады). Цяпер якраз настае такі пераменны час, які нам, беларусам ні завошта нельга страціць.

            Лубяншчына ўжо замітусілася ў сваіх камэнтарах пра беларускія  ініцыятывы супраціўленьня. Выцягнулі на паверхню сваю заляжалую канторскую гразь (усялякія “нісэпі”) і гэтак, нібыта “зь веданьнем справы”, вяшчаюць. Вы толькі паслухайце гэтых мудрацоў: Распространяемые в Минске листовки с призывами вооружаться и быть готовыми к "отражению российской агрессии" не найдут массового отклика у белорусов, заявили эксперты." (Народная Воля). А чаму «ня знойдуць»? Бо як сьведчыць іхны «нісэпі» большая палова беларусаў верыць рускаму «гёбэлс-тэлебачаньню» і падтрымлівае Расею. «С учетом этих настроений призывать белорусов готовиться к военному противостоянию с российской стороной бессмысленно,» -- вяшчае іншы «спэц».

            Выказваньні вымоўныя, тыповыя для непрыяцелеў Беларусі. Яны разумеюць, што наш зварот не накіраваны на «масавы водгук» (як яны пішуць), але выкарыстоўваюць яго як нагоду, каб сказаць сваё лубянскае, што «противостояние с российской стороной бессмысленно».

Аднак працытаваў я тут гэтую філісьцерскую канторскую «мудрасьць» яшчэ з іншай нагоды. Гэтакая пазыцыя -- праява тыповай рабскай псіхалогіі (адмаўленьне ад змаганьня з-за непераадольных перашкод). І гэтае рабскае думаньне пад выглядам здаровага сэнсу невыпадкова навязваецца грамадзтву, каб пазбавіць людзей волі да барацьбы. У змагарнай палітыцы такога падыходу не існуе (інакш гэта было б не змаганьне, а прафанацыя). Тут так: Ёсьць мэта барацьбы. Пагаджаемся, што яна мусіць быць дасягнута. Усё. Пачынаем змагацца. Урэшце перамагаем. Вызначальным ёсьць рашэньне аб змаганьні, а не акалічнасьці.

У 1988 быў магутны Савецкі Саюз, маналітная КПСС з КГБ, сьветазарны сатанінскі культ Леніна, стоадсоткавы савок, шматмільённая акупацыйная армія, ніякой свабоды, крызіс сістэмы. Наша беларуская мэта была такая: адраджэньне нацыі, свабода, незалежная Беларусь без камуністаў, дэмакратыя, гроб для СССР. Пагаджаемся. Ствараем Народны Фронт. Пачынаем змагацца пад лямант і масавы хор: адшчапенцы, маргіналы, фашысты, нацысты, агенты ЦРУ, «народ протів», «оторвалісь от реалій» і г. д. Праз тры гады -- перамога. І гэта магутны гістарычны факт.

Пераможная палітыка – гэта мастацтва немагчымага. Памятайма вялікія словы перамоганоснага Давыда Гарадзенскага перад выправай на магутнага ворага: «Нас мала – літасьці не чакайце.»

Вось ў гэтым (у пасьлядоўнай дарозе да мэты) сутнасьць палітычнага змаганьня. Яно можа стаць пераможным праз год, праз тры гады, праз трыццаць гадоў, праз трыста гадоў! Але настане, будзе пакуль змагаемся. Моц, колькасьць і  сіла праціўніка, які пагражае нам нацыянальнай сьмерцю, не можа ўплываць на рашэньне аб барацьбе зь ім. Пытаньне толькі адно: змагаемся ці не змагаемся? Руская фашысцкая прапаганда імкнецца паралізаваць у народаў волю да супраціўленьня, прышчапіць людзям думаньне і псіхалогію раба. Наш зварот да вольных людзей, бо вольным патрэбная воля і яны вызначаюць будучыню нацыі. Нявольнікі могуць выклікаць толькі яе няволю.

Але Беларусь будзе вольнай вялікай і магутнай краінай, родным, любімым домам для ўсіх яе сыноў і дачок, бо вольныя людзі ёсьць і колькасьць іх будзе павялічвацца ў барацьбе з Масквой.

            Фашысцкая імпэрская Расея мусіць сканаць, разваліцца на часткі. На абломках гэтай пачвары будуць вольныя краіны, якія пабудуюць свае вольныя незалежныя дзяржавы.

 

24 ліпеня 2014 г.                                                                     Зянон ПАЗЬНЯК     

 

Дадаць у: