Дарагія фронтаўцы, дарагія землякі-беларусы! Віншую ўсіх са сьвятам 25 Жніўня -- Днём Незалежнасьці Рэспублікі Беларусь! Гэта вялікі гістарычны дзень. 23 гады таму ўвянчалася посьпехам шматгадовая і шматвяковая барацьба беларускага народа за волю, дзяржаўнасьць і незалежнасьць Беларусі. Дэпутаты Вярхоўнага Савета ад Беларускага Народнага Фронту імгненна выкарысталі паразу камуністычнага путчу ў Маскве і хуткімі, рашучымі і разумнымі дзеяньнямі ў парляманце, абапіраючыся на падтрымку народа, дамагліся прызнаньня Канстытуцыйным законам Дэклярацыі аб суверэнітэце Беларусі, а таксама спынілі існаваньне, дзейнасьць і ўладу акупацыйнай камуністычнай партыі СССР.
Пачалася новая эпоха незалежнага існаваньня нашай краіны. І хоць улада ў Беларусі пазьней апынулася ў руках маскоўскай і прамаскоўскай намэнклятуры, і натуральнае, вольнае разьвіцьцё нацыі было спынена, тым ня менш, у Незалежнасьці краіны жыве наша вялікая сіла і магчымасьць перамены.
25-ы Жнівень адчыніў нам дарогу ў будучыню, якая, перамагаючы цяжкасьці, будзе вольнай, вялікай і беларускай.
Памятайма, сьвяткуйма і славім гэты вялікі Дзень, які ў вольнай Беларусі будзе дзяржаўным сьвятам і ўсеагульна шанаванай датай гісторыі.
Жыве Беларусь! Вечна жыве! Слава героям!
Зянон ПАЗЬНЯК
25 Жнівень 2014 г.